Здароўе1010

Беларуска ў 29 гадоў перажыла ішэмічны інсульт

Лілія Гусарава расказала, як выглядае інсульт у маладых і што магло быць яго прычынай.

Фота: архіў суразмоўцы

«Я ўстала і зразумела, што ў мяне ўсё дваіцца ў вачах»

Лілія жыве ў Варшаве. Успамінае, што ўпершыню пачула сябе дрэнна яшчэ ў пачатку 2026-га. Тры першыя дні новага года яна амаль не выходзіла з дому, акрамя як на каву са знаёмым. А раніцай 4 студзеня зразумела, што не можа прачнуцца, хоць выдатна чула гук будзільніка:

«Я не магла паварушыцца, расплюшчыць вочы. Проста чула, што музыка грае і мне трэба яе выключыць, але не магла гэта зрабіць, сама гэтаму здзівілася. Была ў дзіўным стане — то чула музыку, то мяне зноў вырубала і я потым прыходзіла ў прытомнасць».

Калі дзяўчына ўсё ж прачнулася, было каля 10 гадзін раніцы.

І тут з’явіўся новы сімптом: 

«Я ўстала і зразумела, што ў мяне ўсё дваіцца ў вачах. І гэта прытым што ў мяне добры зрок і я не нашу акуляры.

Падумала, што ў мяне нешта здарылася са зрокам і мне дапамогуць запасныя акуляры майго хлопца. Пачала іх шукаць і не знайшла.

Вельмі перажывала, што спазняюся. Нават не памятаю, як апранулася — напэўна, адзенне проста ляжала на крэсле».

Далей дзяўчына зразумела, што хістаецца падчас хады, але паехала на працу. 

«Я выйшла і ледзь дайшла да аўтобуснага прыпынку. Пакуль ішла, заплюшчвала вока рукой, каб у вачах не дваілася. Не ведаю, як змагла дайсці — напэўна, людзі думалі, што я нецвярозая, бо я так хісталася», — успамінае Лілія.

Калі дзяўчына дабралася да працы, яна ўсвядоміла, што не разумее польскую мову ад ахоўніка. На працы давялося абмяркоўваць з калегамі задачы на дзень, і Лілія шмат хвалявалася, як бы схаваць ад калег свае дзіўныя сімптомы. А потым прыйшла ў свой кабінет і зразумела, што не памятае логін і пароль ад камп’ютара.

Ад страху яна расплакалася, прыйшоў калега і паспрабаваў супакоіць — маўляў, усё ад стрэсаў. Дзяўчына ўсведамляла, што рэч усё ж не ў гэтым. Пасля вялікіх сумненняў і з падтрымкай калегі яна вырашылася адпрасіцца з працы і паехаць у прыёмнае аддзяленне бальніцы, але там адказалі на яе скаргу па зроку, што ў іх няма спецыяліста. Беларуска запісалася да афтальмолага ў іншую ўстанову.

Пасля Ліліі стала крышку лягчэй, але яе стан усё роўна быў цяжкі:

«Я вельмі кепска пісала: каб напісаць сказ, мне трэба было пасядзець над ім і прыкласці намаганні. Калі пазваніла сваячцы, блытала словы падчас гутаркі, гаварыла то па-руску, то па-беларуску, хаця я з ёй заўжды па-беларуску размаўляю».

«Мяне ў бальніцы спачатку не ўспрымалі ўсур’ёз, не звярталі шмат увагі і не вельмі доўга аглядалі»

Ранкам наступнага дня Лілія пайшла да афтальмолага, і там ёй упершыню сказалі, што рэч можа быць у неўралагічным дыягназе. Дзяўчыну зноў накіравалі ў прыёмнае аддзяленне бальніцы. Неўролаг накіраваў яе на абследаванні — але іх не зрабілі, бо зноў не знайшлі спецыяліста.

Лілія звярнулася да прыватнага неўролага і зноў атрымала накіраванне ў прыёмнае аддзяленне. Як і ранейшы неўролаг, новы доктар падазраваў у яе інсульт ці пухліну. Адразу адтуль Лілія паехала ў іншую бальніцу, але не знайшла разумення і з доктаркай і зноў засталася без дапамогі.

Ранкам беларуска пайшла на працу і здолела неяк адпрацаваць цэлы дзень. І толькі на наступны дзень калегі ёй выклікалі хуткую, каб не сядзець у чэргах і каб было больш шансаў атрымаць дапамогу.

Фота: архіў суразмоўцы

«Мне было сорамна, што мае калегі выклікалі хуткую, я на іх у нейкі момант злавалася. Мяне ў бальніцы спачатку не ўспрымалі ўсур’ёз, не звярталі шмат увагі і не вельмі доўга аглядалі. Доктаркі, якія са мной працавалі, не маглі мяне спачатку зразумець, таму пазванілі сваёй каляжанцы, якая ведала рускую, і я ёй усё расказала.

Мяне адправілі на абследаванні. Вельмі не хацела заставацца ў бальніцы, прасіла расказаць, якія аналізы трэба зрабіць — маўляў, сама ўсё зраблю», — расказвае Лілія.

Дзяўчыну ўсё ж угаварылі на тамаграфію. Тады ў яе і знайшлі пляму каля таламуса (часткі мозга, якая прымае сігналы ад органаў пачуццяў), а таксама загадалі абавязкова класціся ў бальніцу, бо справа сур’ёзная. Трэба было высветліць, інсульт гэта ці пухліна, і дзяўчына правяла тыдзень у бальніцы.

Праз пару месяцаў ёй зрабілі МР-спектраскапію — абследаванне, якое дапамагае ўдакладніць, што канкрэтна дактары бачаць на МРТ. Тады дактары зрабілі выснову, што Лілія перанесла мікраінсульт. 

Фота: архіў суразмоўцы

У маі дзяўчыну зноў паклалі ў бальніцу, ёй зрабілі новае МРТ і ўдакладнілі дыягназ. Аказалася, што дзяўчына перанесла не мікраінсульт, а менавіта ішэмічны інсульт.

Лілія кажа, што для яе інсульт прайшоў амаль бясследна:

«Адзінае, што засталося — гэта галавакружэнне, калі я рэзка паварочваю галаву знізу ўверх ці з аднаго боку ў іншы. Таксама я магу забываць або блытаць словы, але гэта здараецца вельмі рэдка. Размаўляла са знаёмымі, сябрамі — яны і не здагадваліся, што ў мяне такія праблемы, бо я навучылася, напрыклад, замяняць сінонімамі словы, якія не памятаю». 

«Суседкі па палаце дзівіліся, што, хаця я тут адна, да мяне хадзіла больш людзей, чым да іх»

Як тлумачылі дзяўчыне дактары, нешта перакрыла сасуд у яе мозгу, туды перастала трапляць кроў і, адпаведна, кісларод. Той участак мозга памёр. Застаўся шнар, ён загойваецца, і таму дзяўчына адчувае сябе лепш.

Дактары настройваюць Лілію на лепшае і кажуць, што ў яе моцны малады арганізм і яна хутка аднаўляецца. Медыкі прызнаюць — яны доўга не маглі зразумець, што гаворка пра інсульт, бо шмат звярталі ўвагі на малады ўзрост дзяўчыны і не чакалі пабачыць у яе такую карціну.

Тым больш таямніча, адкуль жа ў Ліліі такія праблемы:

«У мяне самой няма ніякіх хвароб, мае сваякі не мелі ранніх інсультаў. Дактарам гэта падалося дзіўным, яны дагэтуль у пытаннях, як так здарылася. Я сказала, што дагэтуль недакладна бачу. Іх спачатку гэта хвалявала, яны штодзень да мяне прыходзілі і ладзілі нейкія праверкі.

Фота: архіў суразмоўцы

У выніку мне сказалі, што гэта проста наступствы інсульту і яны, магчыма, пройдуць. Дактары думаюць, я павінна радавацца, што ў мяне толькі такія наступствы, бо пасля такога інсульту, як у мяне, людзі год аднаўляюцца».

У новым жыцці Ліліі давядзецца больш сачыць са здароўем. Дактары загадалі ёй піць дастаткова вады, не піць алкаголь і адмовіцца ад курэння, што дзяўчына і зрабіла. Цяпер яна вельмі сочыць за спажываннем вады, носіць з сабой ваду ў бутэльцы і кладзе туды цытрусавыя для смаку.

Хутка яе зноў чакае бальніца — дактары хочуць праверыць сэрца, бо дакладную прычыну інсульту яны так і не знайшлі. Прынята лічыць, што інсульты могуць быць звязаныя з перапрацоўкамі і стрэсам, але Лілія мяркуе, што гэта не яе выпадак.

Фота: архіў суразмоўцы

«Калі гэта ўсё здарылася, я не працавала ўжо тры дні, таму што былі святы. Таму я здзіўленая, што такое адбылося. Намагаюся зразумець, чаму ў мяне здарыўся інсульт і што рабіць, каб ён не паўтарыўся, бо такое, шчыра кажучы, я нікому не параю. Мне было вельмі складана.

Можа, калі б я была ў Беларусі і магла размаўляць на сваёй мове, мне было б прасцей, але тут так ставяцца да мігрантаў… У мяне былі і выпадкі, калі мне, наадварот, дапамагалі — дактары, суседкі ў бальніцы, але трапіць туды было самым цяжкім», — кажа беларуска.

Былі ў яе гісторыі і добрыя сюрпрызы. Лілія ўспамінае, як у бальніцы рэагавалі на салідарнасць з боку яе знаёмых, якія не пакідалі дзяўчыну ў бядзе:

«Мне вельмі пашанцавала з сябрамі і калегамі, так што суседкі па палаце дзівіліся: нічога сабе, у цябе так шмат калег і людзей, якія да цябе неабыякавыя. Яны былі здзіўленыя, што, хаця ў мяне няма тут бацькоў і я, па сутнасці, тут адна, але да мяне хадзіла больш людзей, чым да іх».

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары10

  • и так сойдёт
    08.06.2026
    падчас гутаркі,
    ГУТАРКА і РАЗМОВА - гэта РОЗНЫЯ РЭЧЫ!!!

    - "Беседа" — дзелавы або прыязны абмен думкамі, словамі паміж кім-небудзь.

    - Лекцыя, даклад ці паведамленне — сустрэча, якая прадугледжвае абмен меркаваннямі паміж выступоўцам і прысутнымі (напрыклад, «правяраць веды ў форме гутаркі»

    -Літаратурны жанр — папулярны ў беларускай літаратуры XIX стагоддзя вершаваны або празаічны маналог ці дыялог на вострыя сацыяльна-палітычныя і маральныя тэмы (напрыклад, «Гутарка Данілы са Сцяпанам»)

    -Пагалоска, чутка, гаворка — тое, пра што гавораць у грамадстве (напрыклад, «аб гэтым ішла гутарка»)
  • Ян
    08.06.2026
    Здароўя і хуткага аднаўлення Веры.
    Пасля прачытання артыкула шмат пытанняў да якасці польскай медыцыны - калі ты малады, то робяць не па пратаколам (не правяраюць усё што трэба), а бы як.
  • Дуда
    08.06.2026
    Польское здравоохранение - топ из топа, просто первоклассное и передовое.
    Возможно такие истории и в РБ бывают, но то что написано в статье - скорее закономерность, чем исключение.

Цяпер чытаюць

Сустрэчу Рыжанкова з Сікорскім папрасіў Мінск. Што каманда Ціханоўскай абмяркоўвала з палякамі да і пасля яе11

Сустрэчу Рыжанкова з Сікорскім папрасіў Мінск. Што каманда Ціханоўскай абмяркоўвала з палякамі да і пасля яе

Усе навіны →
Усе навіны

Польшча адкрые новы будынак пасольства ў Мінску28

Варшава аслабляе дыпламатычны ігнор Мінска. Упершыню пасля 2020‑га сустрэліся міністры замежных спраў Беларусі і Польшчы 14

Які вінаград больш карысны: цёмны ці зялёны, з костачкай ці без?5

За сцяной грабніцы Тутанхамона можа хавацца яшчэ адна грабніца. Магчыма, Неферціці3

Брэсцкі губернатар прапанаваў перастаць імпартаваць замежныя яблыкі8

Каб перамагчы сацыяфобію, гомельская дзяўчына наважылася на незвычайны крок2

Коўл не падымаў з Лукашэнкам пытанне дэмакратызацыі. «Можа, калі-небудзь падыму»12

Джон Коўл зоймецца выцягваннем з турмаў расійскіх палітзняволеных1

Трамп не баіцца, што калійная здзелка з Беларуссю можа ўзмацніць пазіцыі Расіі6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Сустрэчу Рыжанкова з Сікорскім папрасіў Мінск. Што каманда Ціханоўскай абмяркоўвала з палякамі да і пасля яе11

Сустрэчу Рыжанкова з Сікорскім папрасіў Мінск. Што каманда Ціханоўскай абмяркоўвала з палякамі да і пасля яе

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць