Культура22

У Пружанскім касцёле новы арган, які прывезлі з Нідэрландаў. Папярэдні касцельны арган пусцілі на дровы для Дома культуры

У касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Пружанах 18 ліпеня адбудзецца ўрачыстае асвячэнне і інаўгурацыя гістарычнага духавога аргана пачатку XX стагоддзя. Інструмент, якому больш за сто гадоў, прывезлі наўпрост з Нідэрландаў, каб пасля доўгіх дзесяцігоддзяў маўчання вярнуць храму яго голас.

Новы арган на хорах пружанскага касцёла. Фота: інстаграм Ars Magna Organi

Як паведамляюць арганізатары фестывалю Ars Magna Organi на сваёй старонцы ў Instagram, для Беларусі перанос гістарычнага інструмента заходнееўрапейскай арганабудаўнічай традыцыі — падзея выключная. Цяпер у нашай краіне будзе ўсяго два гістарычныя галандскія арганы. Першы, 1924 года пабудовы, быў перанесены ў Магілёўскі конкафедральны касцёл у 2018 годзе.

Праспект (фасад) галандскага аргана 1912 года пабудовы, усталяванага ў Пружанах. Фота: інстаграм Ars Magna Organi

Новы пружанскі арган мае багатую і цікавую гісторыю. Ён быў пабудаваны ў 1912 годзе галандскім майстрам Марцінам Вермёленам для рэфармацкай царквы ў горадзе Шоўверзіл. Вермёлен — адметны нідэрландскі майстар, чые інструменты дагэтуль паспяхова гучаць у Еўропе, а яшчэ адзін яго арган 1910 года, напрыклад, актыўна выкарыстоўваецца ў Цэнтры мастацтва і музыкі ў Санкт-Пецярбургу.

Пульт кіравання (мануал) і драўляны корпус аргана. Фота: інстаграм Ars Magna Organi

Пасля таго як у 1986 годзе царкву ў Шоўверзіле закрылі, інструмент прайшоў капітальную рэстаўрацыю і быў перанесены ў горад Нумансдорп. Аднак у 2019 годзе з-за дрэннага стану будынка парафія пераехала, а старую царкву зноў закрылі. Лёс інструмента аказаўся пад пытаннем, пакуль у 2026 годзе яго не вырашылі перавезці і зманціраваць у пружанскім касцёле.

Унутраная будова аргана (выгляд зверху). Фота: інстаграм Ars Magna Organi
Унутраная будова аргана (выгляд зверху). Фота: інстаграм Ars Magna Organi
Рэгістровыя ручкі: Bas-Trompet 8', Disc-Trompet 8', Mixtuur. Фота: інстаграм Ars Magna Organi

Як адзначаюць спецыялісты, інструмент мае вельмі гучнае, поўнае і сакавітае рамантычнае гучанне, якое ідэальна раскрываецца ў выдатнай акустыцы трохнефнага храма з яго доўгай рэверберацыяй. Пры мантажы было прынятае рашэнне размясціць арган не на самым краі парапета, а ў глыбіні хораў — гэта дало не толькі найлепшы акустычны эфект, але і дазволіла пакінуць месца для харавога калектыву ці ансамбля.

Гістарычны выгляд хораў пружанскага касцёла. Фота: інстаграм Ars Magna Organi

Для Пружанаў усталяванне гэтага інструмента — вяртанне гістарычнай справядлівасці. Лёс папярэдняга аргана, які стаяў на тых жа хорах, быў трагічным. Сам касцёл, збудаваны ў 1883 годзе па праекце славутага архітэктара Генрыка Марконі, моцна пацярпеў ад савецкага атэізму.

Калі ў 1951 годзе ўлады канчаткова апячаталі храм і пачалі яго перабудоўваць пад Дом культуры, царкоўнай маёмасцю распрадзіліся максімальна цынічна: драўляныя дэталі ўнікальнага аргана пусцілі на дровы для абагрэву будынка, металічныя трубы здалі на металалом, а літургічнае адзенне парэзалі на тэатральныя касцюмы.

Новы арган на хорах пружанскага касцёла. Фота: інстаграм Ars Magna Organi

Урачыстае асвячэнне новага аргана і першы канцэрт адбудуцца 18 ліпеня ў 11:00. Адкрываць новы інструмент будзе выканаўца з сусветным імем — прафесар Штэфан Энгельс (Германія / ЗША), які з'яўляецца кіраўніком кафедры аргана ў Школе мастацтваў пры Паўднёвым метадысцкім універсітэце ў Даласе (Тэхас).

Гэты канцэрт стане часткай вялікага фестывалю Ars Magna Organi. Пасля 18 ліпеня, кожны тыдзень аж да 2 кастрычніка, у пружанскім касцёле будуць праходзіць сольныя і ансамблевыя канцэрты — усяго запланавана 15 выступаў, і ўваход на ўсе імпрэзы будзе вольны.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары2

  • Вольга
    12.07.2026
    Адзін маленькі крок для Пружанаў - а які ж вялікі крок для дэмаскалізацыі краіны!
  • 453543
    13.07.2026
    Вольга, Вы фактычна цытуеце словы Ніла Армстранга: "That’s one small step for man, one giant leap for mankind", якія ён сказаў перад тым, як зрабіць першы крок па Луне.
    Добра, што вы выкарысталі менавіта гэтыя словы каб паказаць значнасць гэтай падзеі для Пружанаў, ды і для ўсіх нас, беларусаў.

Цяпер чытаюць

Памятаеце вар’яцкую гонку ў Брэсце, падчас якой загінула трое? На ВІДЭА з экш-камеры матацыкліст відаць, што ён разагнаўся да 186 км/г

Памятаеце вар’яцкую гонку ў Брэсце, падчас якой загінула трое? На ВІДЭА з экш-камеры матацыкліст відаць, што ён разагнаўся да 186 км/г

Усе навіны →
Усе навіны

Студэнтак беларускіх ВНУ абавязалі тэрмінова запоўніць анкету з пазначэннем свайго росту81

Якія грыбы і ягады найбольш назапашваюць радыенукліды?3

Анжаліка Агурбаш расказала, чаму яе кінуў жаніх12

Ozon задумаў стварыць буйны лагістычны комплекс у Оршы8

Праз пагрозу дронаў перастаў хадзіць аўтобус з Навазыбкава ў Гомель1

БелАЗ выпрабоўвае самазвал з аўтаномным кіраваннем. Сам ён пад Лунінцам, а кіруюць ім з Мінска2

20‑гадовага забойцу ўкраінскай дэпутаткі Ірыны Фарыён асудзілі на пажыццёвае зняволенне4

«Магілёўліфтмаш» выпусціць ліфт для хмарачосаў3

Беларус пад Мінскам на чатырох сотках вырасціў тону батату2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Памятаеце вар’яцкую гонку ў Брэсце, падчас якой загінула трое? На ВІДЭА з экш-камеры матацыкліст відаць, што ён разагнаўся да 186 км/г

Памятаеце вар’яцкую гонку ў Брэсце, падчас якой загінула трое? На ВІДЭА з экш-камеры матацыкліст відаць, што ён разагнаўся да 186 км/г

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць