Такога дзіцячага садка вы яшчэ не бачылі. Яго спраектаваў лаўрэат «архітэктурнага Нобеля»
На тэрыторыі Мюнхенскага тэхнічнага ўніверсітэта пабудавалі дзіцячы садок з незвычайнай планіроўкай. З-за невялікага ўчастка архітэктары размясцілі гульнявую пляцоўку не ў двары, а на трох паверхах будынка, а іх злучылі горкамі.

Дзіцячы садок Kinderoase («Дзіцячы аазіс»), разлічаны на 60 дзяцей супрацоўнікаў і студэнтаў Мюнхенскага тэхнічнага ўніверсітэта, павінен дапамагчы бацькам лягчэй спалучаць працу або вучобу з доглядам дзяцей.
Праект распрацавала берлінская студыя Kéré Architecture пад кіраўніцтвам архітэктара Дыебеда Франсіса Керэ. Ураджэнец Буркіна-Фасо, які ўжо шмат гадоў жыве і працуе ў Германіі, у 2022 годзе стаў лаўрэатам Прэміі Прыцкера — самай прэстыжнай узнагароды ў архітэктуры.

Будынак узвялі на месцы былой паркоўкі каля ўніверсітэцкай кавярні. Невялікі ўчастак прымусіў архітэктараў адмовіцца ад звыклай планіроўкі дзіцячага садка і развіваць праект не ўшыркі, а ў вышыню.

У выніку з'явіўся пяціпавярховы будынак плошчай каля 1540 квадратных метраў, галоўнай адметнасцю якога стала трохузроўневая гульнявая пляцоўка са з'ездамі паміж паверхамі. Паводле аўтараў праекта, яны імкнуліся паглядзець на будынак вачыма дзяцей. Гульнявыя зоны і горкі павінны заахвочваць даследаваць прастору, рухацца і прыдумляць уласныя сцэнарыі гульняў.

Асноўным будаўнічым матэрыялам стала дрэва. Гэта дазваляе зменшыць вугляродны след будынка. Бетон выкарысталі толькі для падмурка і эвакуацыйнай лесвіцы, а фасад аздобілі дрэвам і ламелямі з кортэнаўскай сталі.

Яшчэ адной праблемай стала размяшчэнне побач з ажыўленай вуліцай. Гульнявую пляцоўку і дапаможныя памяшканні вынеслі на бок дарогі — яны служаць своеасаблівым акустычным бар'ерам. А пакоі для заняткаў і адпачынку, дзе важная цішыня, размясцілі з процілеглага боку.

На першым паверсе знаходзяцца прыёмная і адміністрацыйныя памяшканні. Дзіцячыя групы размеркаваныя па паверхах у залежнасці ад узросту. Акрамя пакояў для заняткаў, у будынку ёсць агульныя прасторы для гульняў, спартыўная зала і сталовая. У інтэр'ерах пераважаюць натуральнае дрэва і яркія каляровыя элементы.

На даху ўладкавалі часткова крытую тэрасу з гульнявой зонай, адкуль адкрываецца панарамны від на горад. Падчас распрацоўкі праекта архітэктары таксама прапанавалі злучыць тэрасу з дахам суседняй ўніверсітэцкай кавярні пры дапамозе горкі, каб стварыць супольную прастору, дзе змогуць сустракацца дзеці, студэнты і супрацоўнікі ўніверсітэта.
Як адзначаецца на сайце архітэктурнай студыі Kéré Architecture, пры распрацоўцы праекта асаблівую ўвагу надалі энергаэфектыўнасці, камфортнай тэмпературы ў памяшканнях, пажарнай бяспецы і абароне ад шуму. Архітэктары імкнуліся стварыць прастору, якая спрыяе дзіцячай творчасці і адначасова забяспечвае камфорт дзякуючы экалагічнаму падыходу да будаўніцтва.
Але галоўнае наватарства — садок упісаны ў працоўныя будынкі ўніверсітэта. Цяпер бацькам не трэба асобна далёка ехаць, каб аддаць дзіця. Прыехаў — дзіця пакінуў — пайшоў рабіць. На абед пайшоў і паеў разам з малым. Пасля ён застаўся паспаць, а ты вяртаешся да работы.
«Я разумею, што можна зрабіць копію красовак…» Расіяне сплагіяцілі мінскі дзіцячы садок
Гэты архітэктар праектуе падземныя гарады для самых багатых на выпадак Трэцяй сусветнай вайны
Прыцкераўская прэмія 2026 года дасталася чылійцу, які стварае міражы. Яго эстэтыка крохкасці перамагла манументальны пафас
Беларусь ужо не толькі пра палітвязняў. З чым Святлана Ціханоўская паехала на адзін з галоўных форумаў па бяспецы ў ЗША і што там рабіў Сяргей Ціханоўскі
Каментары
да, надо было в стиле агро-ренессанса закатить и забор поставить
немцам у беларусов учиться и учиться еще
А вось тое як бацькам зручна што садок побач з працай, гэта крута