Эканоміка44

Айцішнік пераехаў у Варшаву і ўладкаваўся ў тамтэйшы Samsung

Мужчына расказаў Devby.io пра заробак, працэсы і водгалас патрыярхальнай карэйскай традыцыі.

— У мяне багаты досвед у распрацоўцы і ІТ-бізнэсе: працаваў у Германіі, у ЗША, кіраваў уласным бізнесам у Беларусі, аднак ён не задаўся, і я пераехаў у Польшчу ды стаў шукаць працу.

Пакуль я шукаў працу звычайнага распрацоўшчыка, водгукаў было не асабліва шмат. Але як толькі я перарабіў рэзюмэ ў бок менеджменту, водгукаў і сумоўяў стала значна больш. Мне прама казалі, што ім вельмі падабаецца мой досвед кіраўніцтва і што ім якраз патрэбныя людзі з добрым тэхнічным бэкграўндам, якія не баяцца складаных задач і адказнасці.

Samsung насамрэч быў запасным варыянтам. Да пачатку 2023 года ў мяне на руках ужо быў добры офер з Аўстрыі на 90 тысяч еўра ў год, і я збіраўся яго прыняць. Таму на сумоўе ў варшаўскі офіс Samsung пагадзіўся на ўсялякі выпадак і праходзіў яго даволі расслаблена.

Пра сумоўе. «Перамовы пра заробак расцягнуліся на тры дні»

Усяго было чатыры этапы інтэрв'ю: знаёмства з рэкруцёрам, першае тэхнічнае, другое тэхнічнае і, нарэшце, выніковае. Звычайна дастаткова аднаго тэхнічнага сумоўя — толькі потым я даведаўся, што мой досвед не падыходзіў для каманды распрацоўкі Bixby, аднак мной зацікавіліся ў камандзе, якая працуе з моўнымі мадэлямі, таму спатрэбілася яшчэ адно.

У выніку абодва тэхнічныя сумоўі прайшлі добра, і падчас выніковай гутаркі мы ў асноўным гандляваліся за заробак. Я сказаў, што гатовы працаваць за 25 тысяч злотых брута ў месяц (на сёння каля 5800 еўра)— гэта прыкладна адпавядала б узроўню оферу з Аўстрыі.

Гэтыя перамовы расцягнуліся на тры дні, на працягу якіх кампанія неаднаразова спрабавала знізіць заробак. Я б, магчыма, і пагадзіўся, калі б гэта быў мой адзіны варыянт, але аўстрыйскі офер на руках дапамог настаяць на сваім.

Калі ты эмацыйна не ўцягнуты, весці перамовы лягчэй.

Урэшце яны пагадзіліся на мае ўмовы і прасілі як мага хутчэй прыняць рашэнне. Я ж тады яшчэ чакаў дакументы ад аўстрыйцаў і цягнуў час. Аднак аўстрыйцы чамусьці затрымлівалі афармленне, так што ў нейкі момант мне стала страшна, што я застануся ні з чым, і я прыняў офер Samsung.

Аўстрыйскі варыянт прывабліваў пазіцыяй і цікавымі задачамі — мяне адразу прызначалі кіраўніком аддзела пасля здзелкі па зліцці і паглынанні: я павінен быў уніфікаваць ПЗ, каб пакінуць адзін бэкенд з рознымі франтэндамі. Прычым меркавалася, што я сам сфармірую новы аддзел і найму персанал. Мне вельмі падабаюцца такія задачы.

Чым добры Samsung. «Фінансава вельмі камфортна, каманда прыемная»

Але так атрымалася, што ў Samsung я і дагэтуль не пашкадаваў. Па-першае, фінансава адчуваю сябе вельмі камфортна. З улікам падатковых ільгот для стваральнікаў інтэлектуальнай уласнасці ўжо ў самым пачатку на рукі выходзіла 18,5 тысячы злотых (каля 4300 еўра).

Па-другое, праца аказалася дастаткова цікавай, а каманда — вельмі талковай. Акрамя мяне і майго непасрэднага кіраўніка ў камандзе не было іншых Senior-распрацоўшчыкаў, і мяне дзякуючы досведу кіраўніцтва адразу сталі ўводзіць у ролю менеджара. Мне гэта падабалася больш, чым проста распрацоўка. Потым нашу каманду падзялілі, і я стаў менеджарам адной з іх.

Па-трэцяе, для мяне праца ў кампаніі стала лекамі ад выгарання пасля няўдалага бізнесу. У пэўным сэнсе гэта псіхатэрапія: значна лягчэй выконваць пастаўленыя кімсьці задачы, чым быць адзіным адказным за ўсё, самому не здавацца і натхняць падначаленых.

Так, працаваць ва ўласнай кампаніі было цікавей. Але цяпер я значна больш цаню людзей, з якімі працую, чым крутыя заданні.

Цяпер — таму што мне ёсць з чым параўноўваць. На працы ў ЗША было шмат падкопных гульняў, асабліва з пачаткам скарачэнняў. У Беларусі няўдачы стартапа прывялі да канфліктаў — у такой атмасферы складана працаваць. Тут жа ўсё спакойна і каманда вельмі прыемная.

Спачатку ў Samsung было шмат нязвыклага. Напрыклад, уласныя сістэмы кіравання і распрацоўкі — ад рэгістрацыі тыкетаў (Kona) да стварэння білдаў (Cosmos). Плюс уласны мэсэнджар Knox Teams і ўласнае прыкладанне для відэасувязі Knox Meetings. І ў кожнай сістэме трэба запытваць дазвол на адкрыццё серыйных і USB-партоў, на стварэнне акаўнта ў той ці іншай сістэме (іх больш за 30), праходзіць шматэтапны працэс рэгістрацыі і закрыцця праекта.

Увогуле бюракратыі зашмат. Спачатку яна мяне пужала, але цяпер, калі прызвычаіўся, я гатовы прызнаць, што тут усё ўладкавана дастаткова разумна і функцыянальна. Галоўнае — своечасова працягваць неабходныя дазволы.

Атмасфера на працы таксама досыць камфортная. Тры дні я працую з офіса, два дні — аддалена. У звычайны час нам забаронена працаваць звышурочна — можна толькі ў тыя перыяды, калі закрываюцца праекты (звычайна з сярэдзіны лістапада па студзень) і пасля адабрэння кіраўніцтва.

Пры гэтым колькасць звышурочных таксама абмежаваная, у мяне максімальна было 40 гадзін за месяц. Найбольш выгадна «звышурочыць» па нядзелях — тады аплата падвойная, а ў буднія дні і па суботах — толькі ў паўтара раза.

Замест аплаты можна браць адгулы, але большасць аддае перавагу грошам. Таму ў канцы года заробак звычайна павышаны: так, у мінулым снежні з бонусам у 14 тысяч злотых (3200 еўра) і звышурочнымі я атрымаў на рукі 52 ці 54 тысячы злотых (12 тысяч — 12,5 тысяч еўра).

Кампанія рэгулярна праводзіць цімбілдынгі. Раз на месяц ходзім куды-небудзь на ланч усёй камандай — звычайна разам з тымі хлопцамі, з якімі раней былі ў адной камандзе. Ёсць бясплатныя курсы карэйскай і польскай моў (курсы англійскай трэба шукаць самому, але іх кампенсуюць), курсы па карэйскай культуры. Я спрабаваў вучыць карэйскую з цікаўнасці, але аказалася занадта складана.

Пра культурны код. «Малодшыя не могуць пярэчыць старэйшым»

Што тычыцца спецыфічнага карэйскага культурнага коду, мне ўдалося адчуць хіба што яго водгаласы. Наша каманда ў асноўным польская. У іншых камандах ёсць таксама супрацоўнікі з Беларусі і Украіны, але ў офісе ёсць кіраўніцкі персанал з Карэі, так званыя дыспетчары.

Пару разоў я сутыкаўся з дзіўнымі паводзінамі карэйскіх супрацоўнікаў. Спачатку не разумеў, у чым справа, але потым мне патлумачылі, што малодшыя (па стажы, а ў карэйскім калектыве, здаецца, яшчэ і па ўзросце) не могуць пярэчыць старэйшым.

Кажуць, раней у картцы супрацоўніка ўказвалі стаж працы. Праўда, было гэта, здаецца, не ў Польшчы. Ва ўсякім разе тут і цяпер уплыў карэйскіх культурных абмежаванняў практычна не адчуваецца. Магчыма, у Карэі ўсё інакш.

Пра ШI і пагрозу скарачэнняў

Набор новых супрацоўнікаў у кампаніі замарожаны ўжо некалькі гадоў, аднак і скарачэнняў не было ўжо амаль 10 гадоў. Да нядаўняга часу сітуацыя была спакойнай, праўда, цяпер з-за ШІ яна стала больш нявызначанай.

Супрацоўнікаў прымушаюць выкарыстоўваць уласнага ШІ-асістэнта Cline. KPI пакуль не павысілі, але выкарыстанне код-агента адсочваюць: пры сабміце кода абавязкова трэба ўказваць суаўтарства ШІ, калі яно ёсць. Староннія ШІ-мадэлі таксама дадаюць у інструментарый.

Мае задачы ўсё яшчэ вельмі складана аўтаматызаваць, але хто ведае, як гэта зменіцца ў будучыні. Некаторыя калегі, асабліва маладзейшыя, сыходзяць у іншыя кампаніі, а на іх месца новых супрацоўнікаў не наймаюць. У выніку тыя ж задачы даводзіцца выконваць меншай колькасцю рук, альбо перадаваць іх у цэнтры распрацоўкі ў іншых краінах, альбо браць супрацоўнікаў з іншых каманд.

Калі раптам усё ж адбудуцца скарачэнні, спадзяюся, праца ў Samsung будзе добра выглядаць у рэзюмэ. На рынак я гляджу песімістычна: вакансій значна менш, чым 3,5 года таму, калі я шукаў працу.

Я ўсё яшчэ не сумняваюся ў сваіх магчымасцях знайсці новую працу, але з вялікай верагоднасцю гэта будзе аддаленая праца з замовамі з ЗША ці якой-небудзь іншай краіны.

Падсумоўваю: праца ў Samsung дае мне перадусім грошы, па-другое, умацоўвае рэзюмэ і дапамагае аднавіцца псіхалагічна. Што да тэхнічнага досведу, то ён спецыфічны і наўрад ці падыдзе для наступнай працы.

Каментары4

  • Пришел к успеху
    12.08.2026
    Из США и Германии в Польшу. Не удивлюсь, если через год дом под Колодищами строить начнёт.
  • Імя
    12.08.2026
    5800€ брута гэта будзе каля 3700 на рукі, што каля 22€ за гадзіну, у штатах такія грошы (каля 24$) атрымліваюць некваліфікаваныя супрацоўнікі, напрыклад за мыццё посуду і гд.
  • neoleg
    12.08.2026
    Імя, осталось сравнить стоимость жизни

Цяпер чытаюць

У Грузіі ў аварыі загінулі чатыры беларусы

У Грузіі ў аварыі загінулі чатыры беларусы

Усе навіны →
Усе навіны

«Сіл няма больш ад гэтых кадэнцый». Жонка беларускага дальнабоя пацікавілася, куды можна прыстроіць мужа, каб той быў побач6

Эн Хэтэўэй у сацсетках раскрытыкавалі за «фальшывы жывот»5

Крышціяну Раналду і Джарджына Радрыгес пажаніліся6

Беларускую спявачку ў Маскве збіў самакатчык10

Рэканструкцыя парку Чалюскінцаў пачнецца ўвосень1

Мікалаю Статкевічу — 70 гадоў8

Севастопаль атакавалі беспілотнікі

Лонданскі Хітроў страціў статус самага загружанага аэрапорта Еўропы2

У «Мінскзяленбудзе» патлумачылі, чаму на праспекце Незалежнасці звялі ясені і пасадзілі ліпы11

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Грузіі ў аварыі загінулі чатыры беларусы

У Грузіі ў аварыі загінулі чатыры беларусы

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць