«Сіл няма больш ад гэтых кадэнцый». Жонка беларускага дальнабоя пацікавілася, куды можна прыстроіць мужа, каб той быў побач
Жонка дальнабойшчыка пыталася, дзе знайшлі сабе працу мужчыны, якія кінулі фуры ў Еўропе і вярнуліся ў Беларусь.

Ці ёсць альтэрнатыва?
«У каго муж або хлопец — дальнабойшчык і перайшоў працаваць у Беларусь, падзяліцеся, дзе працуе?» — напісала жанчына ў трэдсах і дадала, што ўжо не мае сіл ад кадэнцый мужа па некалькі месяцаў.
Допіс сабраў больш за сотню каментарыяў. Выглядае, што тэма балючая для многіх. Але адзінага рэцэпту, як быць, не знайшлося.
Жанчына, чый муж адпрацаваў 10 гадоў дальнабоем, расказала сваю гісторыю.
«У адзін момант сказаў, што больш не можа, звольніўся. Улезлі ў даўгі, купілі свой самазвал, пайшоў працаваць у калгас. У сезон заробак у 3‑4 разы большы, чым на фуры. Так, цяпер у сезон уборкі ў яго няма выходных і праца з раніцы да ночы. Але я сплю спакойна і ведаю, што ён побач і ў любы момант мы з дачкой самі можам да яго прыехаць», — напісала жанчына.
Але не ўсім удаецца знайсці годную працу ў Беларусі.
«Дзесяць гадоў адпрацаваў па Еўропе, надакучыла, сям'я развалілася, прыехаў у Беларусь, паўгода ездзіў на фуры па Беларусі, жыў ад зарплаты да зарплаты», — дзеліцца адзін мужчына.
У выніку ён набыў сабе 12‑тонны тэнтаваны грузавік, але кажа, што пакуль справа ідзе вельмі слаба.
«Пасля ўсіх аплат сабе амаль не застаецца, але на сціплае жыццё хапае, ёсць думкі вярнуцца на пана працаваць, неяк так», — прызнаўся мужчына.
Адзін з каментатараў напісаў: маўляў, прасцей за ўсё купіць счэпку і працаваць на сябе.
На што яму адказалі, што гэта вельмі дрэнная парада — Расія цісне з усіх бакоў, і з адной машынай у гэтым бізнэсе дакладна нічога не атрымаецца.

Памыкаліся ў Беларусі і вярнуліся працаваць у Еўропу
Іншы каментатар апісаў досвед знаёмага, які таксама пасля 10 гадоў працы на фуры ў Еўропе вырашыў кінуць гэтую справу і вярнуўся ў Беларусь.
«У Беларусі з картай пабыту (ДНЖ еўрапейскай краіны — НН) у дзяржаўныя арганізацыі не бяруць, прыватнікі плацяць 1500‑2000 рублёў. Паўгода патыкаўся і зноў паехаў на кадэнцыю».
«Я працаваў на кадэнцыях у Польшчы, адсутнасць дома месяцамі — гэта трындзец. Таму я ўзяў усю сям'ю і перавёз. Цяпер лягчэй, можна рэгуляваць графікі, як хачу», — апісаў сітуацыю іншы.
Некаторыя спрабавалі замест Еўрасаюза працаваць таксама на фуры, але ў Беларусі.
«Я сам муж, які спрабаваў з кадэнцыі ў Беларусь вярнуцца. Ну яго нахран. Нічога не зарабляеш, увесь час у рэйсе, нервы, зіма. Свае дураць на заробак больш, чым літоўцы якія-небудзь», — падзяліўся сваім досведам дальнабойшчык.
Іншы дадае, што ў Беларусі няшмат плацяць.

«Паўгода папрацаваў у Беларусі — і гэта пекла! Але толькі паспрабаваўшы, даведаешся, так што хай спрабуе тут, вярнуцца захочацца хутка», — расказала аб працы ў Беларусі жонка дальнабойшчыка.
З фуры ў аўтобус
Знайшоўся мужчына, які сышоў з дальнабоя ў Еўропе ў кіроўцы гарадскога аўтобуса.
Ёсць і тыя, хто пачаў ездзіць па Беларусі або Беларусі і Расіі, каб дома бываць часцей.
«Вярнуўся ў Беларусь, пайшоў на фуру ездзіць Брэст-Віцебск два разы на тыдзень, на прыватніка працуе, нармальна плацяць»,
«Наша тэма, па 3‑4 месяцы катаўся. Цяпер Мінск — Ніжні Ноўгарад — Мінск. Так зарплата меншая, але тата дома кожны тыдзень», — адпісваюць жонкі дальнабойшчыкаў.
Трэба выбіраць, што будзе дома
Некаторыя заўважаюць, што жанчыне трэба выбіраць: або грошы, або муж дома.
Адзін з каментатараў нават параіў жанчыне ісці на працу да мужа.
«Або муж дома, або грошы. Даводзіцца выбіраць. Альбо яшчэ ёсць выхад. Атрымаць катэгорыю і з мужам на працу. Цяпер многія працуюць разам, і я ў тым ліку», — адпісаў дальнабойшчык.
«Праца знойдзецца. Проста трэба выбраць паміж грашыма і мужам дома», — піша іншы.
Прачытаўшы ўсе меркаванні, адзін з каментатараў прыйшоў да наступнай высновы: «Мяркуючы па гэтай ветцы, нефіг кудысьці дзёргацца з кадэнцыі».
Каментары