Абнавілі спіс прафесій, паводле якога будуць ставіць на вайсковы ўлік жанчын
Міністэрства абароны Беларусі абнавіла пералік спецыяльнасцяў, па якіх жанчын будуць ставіць на першасны вайсковы ўлік. Адпаведныя змены ўнесеныя ў пастанову ведамства «Аб вызначэнні пераліку спецыяльнасцяў». Пастанова Міністэрства абароны апублікаваная на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале Беларусі.

Гаворка ідзе пра жанчын, якія дасягнулі 19‑гадовага ўзросту і атрымалі падрыхтоўку па спецыяльнасцях, неабходных для Узброеных сіл Беларусі, іншых войскаў і вайсковых фармаванняў.
Асноўную частку абноўленага спісу складаюць медыцынскія спецыяльнасці. Вайсковаму ўліку падлягаюць жанчыны, якія маюць прафесіі доктаркі, медыцынскай сястры, рэнтгеналабаранткі, памочніцы доктара па амбулаторна-паліклінічнай дапамозе, медсястры-анестэзісткі і аперацыйнай медсястры.
Пры гэтым пералік не абмяжоўваецца толькі медыкамі. У яго таксама ўваходзяць правізаркі і фармацэўткі, а таксама фельчаркі ветэрынарнай медыцыны, фельчаркі-акушэркі і фельчаркі-лабаранткі.
Такім чынам, абноўлены спіс ахоплівае шэраг спецыяльнасцяў, звязаных з медыцынай, фармацэўтыкай і ветэрынарнай сферай. Менавіта наяўнасць адпаведнай прафесійнай падрыхтоўкі з'яўляецца падставай для першапачатковай пастаноўкі жанчыны на вайсковы ўлік у адпаведнасці з новым пералікам.
Каментары