11 жніўня парламент Венгрыі абраў новым прэзідэнтам краіны былога старшыню Вярхоўнага суда Андраша Баку. Ён быў адзіным кандыдатам на гэтую пасаду, таму атрымаў неабходную падтрымку ў першым туры. Кіроўная партыя «Ціса», якую ўзначальвае прэм’ер-міністр краіны Петэр Мадзьяр, мае ў парламенце большасць на дзве траціны галасоў, піша Бі-бі-сі.

Пасада прэзідэнта Венгрыі ў асноўным мае прадстаўнічыя паўнамоцтвы. Аднак выбар Бакі лічыцца важным з палітычнага пункту гледжання. Ягоны тэрмін будзе часовым — ён павінен працягвацца да прыняцця новай канстытуцыі краіны, якую ўлады плануюць распрацаваць замест асноўнага закона, прынятага ў перыяд кіравання Віктара Орбана.
Папярэдні прэзідэнт Тамаш Шуяк пакінуў пасаду ў ліпені пасля ўнясення адпаведных паправак у канстытуцыю. Шуяк быў палітычным саюзнікам Орбана, а Петэр Мадзьяр імкнецца аслабіць уплыў свайго папярэдніка на дзяржаўныя інстытуты.
Партыя Мадзьяра перамагла на красавіцкіх выбарах, паклаўшы канец 16‑гадоваму кіраванню Віктара Орбана. Новая ўлада абвясціла курс на так званую «змену сістэмы» і вяртанне Венгрыі да прынцыпаў вяршэнства права і канстытуцыйнага кіравання.
Мадзьяр, прадстаўляючы Андраша Баку, заявіў, што яго жыццё і прафесійная дзейнасць з'яўляюцца прыкладам вернасці дэмакратычным прынцыпам і прававой дзяржаве. На думку прэм’ера Венгрыі, краіне неабходна вярнуцца да сістэмы, у якой дзяржаўныя інстытуты дзейнічаюць у адпаведнасці з законам.
Сам Андраш Бака мае багаты юрыдычны досвед, але амаль не мае палітычнага. У 1990 годзе ён на кароткі час стаў дэпутатам парламента ад кансерватыўнага Венгерскага дэмакратычнага форуму, аднак пасля гэтага палітычных пасад не займаў.
З 1991 да 2008 года Бака быў суддзёй Еўрапейскага суда па правах чалавека ў Страсбургу. У 2009 годзе яго прызначылі старшынёй Вярхоўнага суда Венгрыі.
Аднак пры ўрадзе Орбана Бака хутка трапіў у канфлікт з уладамі. У 2012 годзе яго датэрмінова адхілілі ад пасады пасля таго, як ён раскрытыкаваў планы ўрада знізіць абавязковы ўзрост выхаду суддзяў на пенсію з 70 да 62 гадоў. Бака назваў гэтую ініцыятыву «судовай чысткай».
Зніжэнне пенсійнага ўзросту для суддзяў крытыкавалі Еўрапейскі саюз і ЗША. У 2016 годзе Еўрапейскі суд па правах чалавека пастанавіў, што звальненне Бакі парушыла яго права на свабоду выказвання меркавання.
Цяпер Бака сам выступае з крытыкай сістэмы, створанай за Орбанам. Ён сцвярджае, што ва ўмовах сапраўднага вяршэнства права надзвычайныя меры супраць дзяржаўных інстытутаў недапушчальныя, а Венгрыя пры папярэднім урадзе ператварылася ў «захопленую дзяржаву». Паводле яго слоў, некаторыя дзяржаўныя чыноўнікі прызначаліся не для таго, каб стрымліваць уладу ўрада, а каб захаваць старую палітычную сістэму нават пасля яе паразы на выбарах.
Мадзьяр раней прапаноўваў на пасаду прэзідэнта вядомую венгерскую шахматную гросмайстарку Юдзіт Полгар. Аднак яна адмовілася ад гэтай прапановы пасля крытыкі на адрас прэм’ера за тое, што ён не правёў абяцаныя грамадскія кансультацыі перад выбарам кандыдата.
Новы прэзідэнт, як чакаецца, будзе працаваць толькі абмежаваны час. Урад Мадзьяра плануе цалкам перагледзець канстытуцыю, якая дзейнічала ў часы Орбана, і распрацаваць новы асноўны закон з шырокім удзелам грамадзян. Паводле ацэнкі прэм’ера, гэты працэс можа заняць каля года або паўтара года. Пачаць грамадскія кансультацыі ўлады разлічваюць у верасні.
Юдзіт Полгар адмовілася ад прапановы стаць прэзідэнтам Венгрыі
Прэзідэнтам Венгрыі можа стаць вядомая шахматыстка Юдзіт Полгар
Прэзідэнт Венгрыі падпісаў змены ў Канстытуцыю, якія спыняюць яго паўнамоцтвы
Мадзьяр запатрабаваў адстаўкі прэзідэнта Венгрыі
Мадзьяр анансаваў увядзенне абмежаванняў на тэрміны займання пасады прэм'ера Венгрыі
Мадзьяр падлавіў Орбана ў ягонай рэзідэнцыі. І нават з гэтага пажартаваў ВІДЭА
Каментары