Выйшла кніга пераможцы літконкурсу «Экслібрыс» Таццяны Багданавай
У выдавецтве SURMA выйшла новая кніга пісьменніцы і мастачкі Таццяны Багданавай. Увосень 2025 году рукапіс і макет кнігі «Не на сваім месцы» перамаглі ў літаратурным конкурсе «Экслібрыс», прымеркаваным да 90‑годдзя з дня нараджэння Анатоля Клышкі.

«Аднойчы Алеся з сям’ёй пераязджае. У новай краіне ўсё здаецца ёй дзіўным і непрыветным. Ці атрымаецца ў Алесі знайсці сяброў, палюбіць вялікі горад і адчуць сябе на сваім месцы?» — інтрыгуе анатацыя да кнігі.
Гэта кранальная гісторыя пра эміграцыю і пошукі апірышча ў новых абставінах, з якімі сутыкнуліся тысячы беларускіх дзяцей. Зрэшты, краіны ў кнізе не называюцца, таму твор Таццяны Багданавай будзе зразумелы і маленькім чытачам далёка за межамі Беларусі, якія аказваюцца ў падобных сітуацыях.
Кніга «Не на сваім месцы» ўжо даступная для пакупкі на сайце, а неўзабаве з’явіцца ў кнігарнях у Варшаве (ul. Oleandrów 6/2) і Беластоку (ul. Warszawska 1a).
Таццяна Багданава — беларуская мастачка і аўтарка родам з Гомеля. У 2023 годзе ў выдавецтве «Папуры» выйшла яе дзіцячая кніга «Мацей і чароўная раса».
Гэтым летам ілюстрацыі да англамоўнага варыянта кнігі «Не на сваім месцы» («Out of Place») трапілі ў фінал прэстыжнага міжнароднага конкурсу Hiii Brand Illustrators Awards.
Каментары