Госця санаторыя «Беларусь» паехала катацца на мапедзе па начным Сочы з п'яным шэф-поварам без правоў. І загінула
Карым Кузняцоў патлумачыў у судзе, што замужняя беларуска пачала да яго дакранацца ззаду, ён азірнуўся і папрасіў так не рабіць. І ў гэты момант наляцеў на бардзюр.

39‑гадовая беларуска прыехала па прафсаюзнай пуцёўцы на адпачынак і загінула за некалькі соцень метраў ад санаторыя «Беларусь». Адлерскі раённы суд прызначыў кіроўцу 5 гадоў 6 месяцаў калоніі-пасялення і спагнаў на карысць мужа загінулай каля $24 600.
Жанчына атрымала ад прафсаюзнай арганізацыі пуцёўку ў санаторый «Беларусь» у пасёлку Красная Паляна пад Сочы. Яна паляцела ў Краснадарскі край, а муж і агульнае дзіця засталіся дома.
«Я штодня тэлефанаваў ёй і пытаўся, як праходзіць адпачынак», — гаворыцца ў паказаннях мужа. Аднойчы раніцай па яе нумары адказаў невядомы, які прадставіўся супрацоўнікам паліцыі і паведаміў, што жанчына загінула ноччу ў аварыі.
Абвінавачаны — расіянін Карым Кузняцоў, які працаваў шэф-поварам у санаторыі «Беларусь». З жанчынай ён пазнаёміўся падчас працы: «У мяне такая праца, што трэба размаўляць з гасцямі, дэманстраваць стравы». Ён сцвярджаў, што пытаўся ў яе, ці замужам яна, але адказу не атрымаў.
Мапед Jilang без нумароў ён купіў у калегі з працы — без дакументаў і нават не ведаючы прозвішча прадаўца. Пасведчання кіроўцы ў Кузняцова не было: пазбавілі за пакіданне месца ранейшай аварыі.
Каля апаўночы Карым і беларуская госця сустрэліся ля крамы за тэрыторыяй санаторыя. Ахоўнік кантрольна-прапускнога пункта расказаў, што калі мапед з пасажыркай пад'ехаў да шлагбаума, кіроўца загаварыў з ім — і ад яго ішоў «стойкі пах алкаголю». Але ахоўнік адчыніў шлагбаум.
Прыкладна а 00:30 мапед рухаўся па вуліцы Калінавай у Краснай Паляне.
Паводле паказанняў Кузняцова, пасажырка пачала яго кранаць ззаду, ён папрасіў яе спыніцца і павярнуўся, каб пагаварыць — і ў гэты момант на закругленні дарогі мапед наехаў на бардзюр, праехаў па газоне і сутыкнуўся з металічным плотам.
Кіроўца не страціў прытомнасць, зняў з жанчыны шлем — яна не рэагавала на голас. Уласнага тэлефона пры ім не было, і ён пабег да ахоўніка санаторыя з просьбай выклікаць хуткую.
Медыкі зрабілі беларусцы два ўколы адрэналіну і праз сем-дзесяць хвілін канстатавалі смерць.
Судова-медыцынская экспертыза выявіла разрыў пячонкі і правай ныркі. Гэтыя пашкоджанні і прывялі да смерці жанчыны.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬЦяпер чытаюць
«Я не святая, але ў мяне не было надзейнага пляча побач»: маці Ксюшы з СМА могуць пазбавіць бацькоўскіх правоў, яна ж даводзіць, што здольная выправіцца
Каментары