Каталіцкага святара прызвалі на вайсковыя зборы — гэта асаблівы для Беларусі выпадак. Як даведаліся вернікі, позву атрымаў пробашч парафіі Нараджэння Божай Маці ў Гомелі ксёндз Аляксандр Канановіч, лідар музычнага праекту Step Project, піша Katolik.life.

Па звестках каталіцкіх вернікаў Беларусі, святара прызвалі на зборы і накіравалі ў вайсковую частку ў Асіповічах. Куды дакладна — невядома, але, верагодна, у артылерыйскую брыгаду.
Па паведамленнях прэсы, менавіта туды ў апошнія дні масава прызывалі жыхароў Гомельскай вобласці — на вайсковыя зборы па праверцы мабілізацыйнай гатоўнасці воінскіх часцей. Зборы доўжацца 60 дзён.
Але святар прабыў у войску ўсяго пару дзён — яго раптоўна адпусцілі, і 17 верасня ён вярнуўся ў Гомель, даведаліся вернікі. Яны мяркуюць, што заступіўся біскуп. Ксёндз Аляксандр, ва ўмовах вострага недахопу духавенства, з'яўляецца адзіным святаром у буйной гомельскай парафіі.
Каментары