Настаўніцу з-пад Петрыкава асудзілі за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»
36‑гадовая Вольга Вострыкава больш за дзесяць гадоў выкладала ў школе.

Вользе Вострыкавай 36 гадоў, яна з Петрыкава. У жанчыны дзве вышэйшыя адукацыі: яна скончыла Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны па спецыяльнасцях «гісторык» і «практычны псіхолаг». Агулам у сферы адукацыі Вольга адпрацавала ўжо больш за 11 гадоў.
Апошнім часам Вольга працавала настаўніцай гісторыі і метадысткай у Капцэвіцкай сярэдняй школе ў Петрыкаўскім раёне. Яна ўдзельнічала і ў пазакласным жыцці навучальнай установы: напрыклад, праводзіла для дзяцей тэматычныя ўрокі памяці разам з мясцовай бібліятэкай, а яе вучні займалі прызавыя месцы на навуковых канферэнцыях.
Вольгу затрымалі ў гэтым годзе. Яе судзілі ў Гомельскім абласным судзе паводле частак 1 і 2 артыкула 361‑4 Крымінальнага кодэкса — «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці».
Жанчыне прысудзілі хатнюю хімію.
Масавыя палітычныя рэпрэсіі ў краіне пачаліся пасля 2020 года. Тады Аляксандр Лукашэнка прайграў Святлане Ціханоўскай, але не аддаў ёй улады, а змусіў яе выехаць за мяжу. Адбыліся масавыя народныя пратэсты супраць дыктатуры і фальсіфікацыі выбараў. На гэта ўлады адказалі рэпрэсіямі.
Паводле падлікаў аб'яднання сілавікоў «Белпол» і праваабаронцаў, вядомыя імёны як мінімум 10050 чалавек, якія падпалі пад палітычна матываваныя крымінальныя справы. Усяго тыя ці іншыя палітычныя рэпрэсіі (крыміналкі, адміністратыўкі, звальненні, ператрусы, вымушаная эміграцыя) закранулі сотні тысяч беларусаў.
«Экстрэмізмам» улады Беларусі лічаць патрабаванне правесці свабодныя выбары з празрыстым падлікам галасоў, а таксама практычна ўсялякую крытыку ўладаў, прарасійскіх гістарычных наратываў, праявы салідарнасці з Украінай, антываенныя выступы.
Шматлікія крымінальныя справы апошняга часу па артыкуле аб «садзейнічанні экстрэмізму» былі звязаныя са «справай Гаюна».
«Беларускі Гаюн» — маніторынгавы OSINT-праект, які быў створаны ў 2022 годзе, калі Расія праз Беларусь напала на Украіну. Праект адсочваў ваенную актыўнасць расійскіх і беларускіх войскаў, абапіраючыся на інфармацыю ад беларусаў. Каардынавала яго дзейнасць група актывістаў на чале з Антонам Матолькам.
«Справа Гаюна» пачалася пасля таго, як сілавікі затрымалі актывістку, якая некалькі гадоў жыла ў Беларусі ў падполлі. У яе мабільніку знайшлі спасылку на далучэнне ў бот Гаюна, якую ёй дасылалі ў самым пачатку існавання праекта. Фатальная памылка была ў тым, што спасылка была бестэрміновая. А таму сілавікі змаглі падключыцца да бота і выпампаваць адтуль усю інфармацыю. Яны атрымалі паведамленні акаўнтаў, якія пісалі ў бот, а таксама іхнія ID і імёны карыстальнікаў.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары