У Варшаве затрымалі 69‑гадовага паляка ў справе нападу на беларуску Марыну Нікандрыну
Яму забаранілі набліжацца да яе і кантактаваць з ёй.

69‑гадовага грамадзяніна Польшчы затрымалі і даставілі ў раённую пракуратуру Варшава-Жалібож у справе нападу на беларуску Марыну Нікандрыну. Пра гэта Радыё Свабода паведаміў прэс-прадстаўнік Акруговай пракуратуры Варшавы Пётр Скіба.
Мужчыну выставілі абвінавачанне паводле арт. 257 у сукупнасці з арт. 119 §1 і ў сувязі з арт. 11 §2 Крымінальнага кодэксу Польшчы. Гаворка ідзе, сярод іншага, пра публічную абразу, парушэнне цялеснай недатыкальнасці, а таксама гвалт або супрацьпраўную пагрозу з прычыны нацыянальнай прыналежнасці.
Паводле пракуратуры, падазраваны не прызнаў у поўным аб’ёме, што ўчыніў інкрымінаванае яму дзеянне. Ён адмаўляе, што ўдарыў Нікандрыну і пагражаў пазбавіць яе жыцця. Мужчына таксама заявіў, што не мае прадузятасці да людзей іншых нацыянальнасцяў, а Нікандрына, на ягоную думку, хацела розгаласу.
У дачыненні да падазраванага ўвялі паліцэйскі нагляд, яму забаранілі набліжацца да Нікандрынай і кантактаваць з ёй.
Інцыдэнт адбыўся 30 мая на ходніку каля станцыі метро Rondo ONZ у цэнтры Варшавы.
Як раней расказвала Нікандрына, незнаёмы мужчына груба загадаў ёй саступіць дарогу. Пачуўшы яе акцэнт, ён пачаў абражаць яе і крычаць, каб яна «валіла ва Украіну». Калі Нікандрына сказала, што яна беларуска, мужчына, паводле яе словаў, пачаў пасылаць яе ў Беларусь і называць «расійскай падсцілкай».
Нікандрына сцвярджала, што мужчына таксама яе ўдарыў. Частку інцыдэнту яна зняла на відэа, якое перадала паліцыі.
31 ліпеня пракуратура распачала расследаванне паводле фактаў публічнай абразы Нікандрынай, парушэння яе цялеснай недатыкальнасьці і пагрозы пазбаўленнем жыцця з прычыны яе нацыянальнай прыналежнасці. На той момант асоба нападніка яшчэ не была ўстаноўленая.
Каментары
Полиция разобралась и установила виновность местного жителя.
Странно, что поляк не сделал (пока) заявления о публикации в интернете видео с ним без разрешения.