Рамонт папулярнага веламаршруту Мінск — Раўбічы пачынаецца каля падземнага перахода, які злучае гандлёвы комплекс «Валяр’янава» з супермаркетам «Гіпа», піша выданне pristalica.by.

Раней вузкую веладарожку пашырылі, абклалі бардзюрамі і засыпалі шчэбнем. Пакуль асфальтавага пакрыцця няма, але раварысты ўжо актыўна карыстаюцца абноўленым участкам. Побач уладкоўваюць пешаходную зону: прыкладна 95% яе паверхні ўжо выкладзена пліткай. Пасярэдзіне прадугледжаная тактыльная паласа.


Новы маршрут дапаможа жыхарам Новай Баравой зручней дабірацца да крам і гандлёвых цэнтраў. Ён злучае Копішча з суседнімі вёскамі Валяр’янава і Баравая.

Паралельна мадэрнізуюць аўтамабільную трасу Н-9031, якая злучае Калодзішчы і Заслаўе. На ёй пашыраюць праезную частку, усталёўваюць дарожныя адбойнікі для павышэння бяспекі і абнаўляюць адхоны.

Работы таксама працягваюцца на кальцавым перакрыжаванні ў Копішчы, дзе перасякаюцца вуліцы Мікалая Комава і Пілотная.
Каментары