Трое дзяцей і адзін дарослы загінулі ў выніку стральбы ў пачатковай школе ў ЗША
Загінулым дзецям было пяць, восем і 11 гадоў. Нападніку было 16.

16‑гадовы падлетак адкрыў стральбу ў пачатковай школе ў горадзе Бэнд (штат Арэгон), забіўшы траіх дзяцей і настаўніка. Пазней яго застрэліў мясцовы жыхар, піша Бі-бі-сі.
Загінулым дзецям было пяць, восем і 11 гадоў. Яшчэ аднаго дзіцяці ва ўзросце сямі гадоў і 54‑гадовага настаўніка ў крытычным стане даставілі ў бальніцу, паведамілі ў паліцыі.
Паводле звестак праваахоўных органаў, нападнік пранік у пачатковую школу Silver Rail Elementary, адкрыўшы агонь па замкнёных дзвярах. Іншых падрабязнасцяў пра падазраванага, акрамя яго ўзросту, паліцыя не паведаміла.
Таксама невядома, ці быў нападнік якім-небудзь чынам звязаны са школай.
«Мы ўзрушаныя і забітыя горам з-за гэтай бессэнсоўнай трагедыі», — заявіў кіраўнік школьнай акругі Бэнд — Ла-Пайн Стывен Кук.
«Немагчыма падабраць словы, каб выказаць гора, якое перажывае наша супольнасць», — дадаў ён.
Паводле слоў начальніка паліцыі Бэнда Майка Кранца, 16‑гадовага падлетка застрэліў мясцовы жыхар, які заўважыў, як той пранік у школу, і пайшоў за ім.
Губернатарка Арэгона Ціна Котэк падзякавала мясцоваму жыхару, які, паводле яе слоў, «гераічна ўмяшаўся, каб прадухіліць далейшыя чалавечыя ахвяры».
Страляніна ва ўстановах адукацыі — пастанная з’ява ў жыцці ЗША.
Сярод найбольш рэзанансных нападаў — стральба ў сярэдняй школе «Калумбайн» у 1999 годзе, пачатковай школе «Сэндзі-Хук» у 2012 годзе, старэйшай школе імя Марджары Стоўнман Дуглас у 2018 годзе і пачатковай школе Робба ў горадзе Ювалдзі, штат Тэхас, у 2022 годзе.
Паводле падлікаў CNN, страляніна ў Бэндзе стала 36‑м выпадкам стральбы на тэрыторыях амерыканскіх школ з пачатку 2026 года.
Кожнае падобнае здарэнне зноў распальвае дыскусіі пра заканадаўства ў сферы абароту зброі ў краіне, дзе права на захоўванне і нашэнне зброі абаронена Другой папраўкай да Канстытуцыі ЗША.
Прыхільнікі права на зброю выступаюць за ўзбраенне настаўнікаў, лічачы гэта адной з магчымых мер абароны.
Цяпер чытаюць
«Людзі каментавалі, што сальманела ўвайшла ў чат». Беларус паехаў працаваць у Крэмніевую даліну — і стаў кулінарным блогерам на 28 мільярдаў праглядаў
Каментары