У Беларусі распрацоўваюць электронны сэрвіс «Е-Кантракт», які дазволіць заключаць дамовы ў анлайн-фармаце. Адным з першых напрамкаў яго выкарыстання стане купля-продаж аўтамабіляў. Пра гэта 21 кастрычніка паведаміў начальнік упраўлення інфармацыйных тэхналогій Нацыянальнага цэнтра электронных паслуг Ягор Воранаў, піша агенцтва «Мінск-Навіны».

Сэрвіс прызначаны для спрашчэння заключэння дамоў паміж грамадзянамі, а таксама паміж фізічнымі і юрыдычнымі асобамі. Ён будзе працаваць на аснове гатовых шаблонаў, у якія неабходныя звесткі пра ўдзельнікаў здзелкі плануюць уносіць аўтаматычна.
Карыстальнікам застанецца праверыць правільнасць інфармацыі, узгадніць умовы і падпісаць дакумент. Гэта дазволіць пазбегнуць самастойнага запаўнення папер і абмену шматлікімі версіямі файлаў.
Распрацоўшчыкі разглядаюць розныя спосабы падпісання дакументаў. Акрамя электроннага лічбавага подпісу, прапрацоўваюцца альтэрнатыўныя механізмы пацвярджэння згоды, у тым ліку аднаразовыя паролі. Гэта павінна зрабіць сэрвіс даступным і для тых, у каго няма адпаведнага носьбіта электроннага подпісу або дакумента з неабходнымі магчымасцямі.
Адным з першых варыянтаў выкарыстання сэрвісу стане афармленне дамовы куплі-продажу аўтамабіля. Мяркуецца, што купец і прадавец змогуць заключыць яе ў электронным выглядзе непасрэдна на пляцоўцы, дзе прадаюцца машыны.
У далейшым «Е-Кантракт» плануюць выкарыстоўваць і для іншых відаў дамоў. Напрыклад, з яго дапамогай можна будзе афармляць наём жылля, калі дакумент павінны падпісаць абодва бакі, а таксама рыхтаваць дакументы, для якіх патрэбная згода некалькіх грамадзян.
Акрамя таго, сэрвіс разглядаюць як інструмент для фармавання дакументаў у межах адміністрацыйных працэдур.
Каментары
Калі размова пра куплю аўто, то вельмі імаверна. А вось і астатнія?
А калі так, то дамовы, многія з тыпаў якіх не рэгуляваліся і заставаліся прыватнымі для ўдзельнікаў, стануць празрыстымі для дзяржавы (падаткавай, карнікаў і г.д.)
Вельмі небяспечна з пункту гледжання прыватнасці і бяспекі.
Акрамя сачэння за асобамі і бізнесам, тут яшчэ і праблема бяспекі. Калі скрадуць, то скрадуць ужо ўсё разам. Як было нядаўна з обращения.бел.