«Абарот — каля $100 мільёнаў». Алесь Мухін расказаў пра бізнэс і заробкі на «Што? Дзе? Калі?»
Алесь Мухін вядомы найперш як адзін з самых паспяховых беларускіх гульцоў у «Што? Дзе? Калі?». Аднак асноўны занятак знаўцы — зусім не тэлебачанне, а бізнэс. У нядаўнім інтэрв'ю ён расказаў, якіх маштабаў дасягнула кампанія, якой ён кіруе, колькі атрымлівае за вядзенне інтэлектуальнай гульні і навошта чалавеку патрэбна эрудыцыя.

50‑гадовы Алесь Мухін — уладальнік трох «Крыштальных соваў» і вядоўца беларускай версіі інтэлектуальнай гульні «Што? Дзе? Калі?». Але па-за тэлеэкранам ён ужо шмат гадоў займаецца прадпрымальніцтвам.
Бізнэс з абаротам у $100 мільёнаў
У розны час Мухін кіраваў парфумернай кампаніяй, узначальваў беларускую сетку салонаў сотавай сувязі «Еўрасетка», а пасля завяршэння супрацоўніцтва з ёй у 2008 годзе перайшоў у кампанію «Караван», дзе цяпер займае пасаду генеральнага дырэктара.
«Караван» займаецца пастаўкамі ў беларускія крамы кавы і гарбаты як замежных, так і мясцовых вытворцаў.
Мухін ацэньвае гадавы абарот усёй групы кампаній, з якой звязаны «Караван», прыкладна ў $100 мільёнаў. У групу ўваходзяць і іншыя прадпрыемствы, у тым ліку буйны завод па вытворчасці кавы. Група таксама выпускае ўласную каву пад брэндам Baristo, якую вырабляюць у Беларусі на італьянскім абсталяванні з зерняў, што паступаюць з розных краін свету.
Зрэшты, вялікі абарот не азначае адпаведных прыбыткаў. Як тлумачыць Мухін, канкурэнцыя на рынку настолькі высокая, што кампаніі змагаюцца літаральна за кожны працэнт маржы.
«Цяпер народ за два-тры працэнты змагаецца», — адзначыў ён.
Колькі Мухін зарабляе на «Што? Дзе? Калі?»
Асноўнай крыніцай сваіх даходаў Мухін назваў заробак генеральнага дырэктара «Каравана», аднак яго памер раскрываць не стаў. Затое расказаў, колькі атрымлівае за працу на тэлебачанні.
Акрамя ўдзелу ў расійскай версіі «Што? Дзе? Калі?», Мухін вядзе беларускі тэлеклуб, дзе таксама атрымлівае заробак.
«Гэта 1000‑1500 беларускіх рублёў. Ну, 500 даляраў, так», — удакладніў ён.
Паводле яго, знаўцам «Што? Дзе? Калі?» ніколі не плацілі за гульню. Максімум могуць кампенсаваць некаторыя выдаткі, напрыклад на пералёты. Грашовыя прызы за пытанні па-ранейшаму атрымліваюць тэлегледачы, якія здолелі перамагчы знаўцаў.
Праўда, да 2017 года разам з «Крыштальнай савой» давалі і грашовы прыз. Аднак пазней гэтая практыка спынілася. Мухін дапускае, што гэта звязана з «крызіснымі з'явамі».
Сам ён лічыць інтэлектуальную гульню найперш любімым захапленнем і магчымасцю самарэалізацыі. Пры гэтым не адмаўляе, што медыйная вядомасць можа прыносіць удзельнікам дадатковыя магчымасці. Напрыклад, запрашэнні праводзіць розныя мерапрыемствы на платнай аснове.
За «Крыштальную саву» прапаноўвалі $10 тысяч
За гады ўдзелу ў «Што? Дзе? Калі?» Алесь Мухін стаў уладальнікам трох «Крыштальных соваў». Дызайн прыза з гадамі змяняўся.
«Самая першая сава ў мяне з'явілася ў 2004 годзе, тады, калі ўсё гэта яшчэ было такое, ведаеце, па-савецку — усё дорага-багата. Гэта такая проста прыгожая, глазураваная, рознакаляровая сава, увогуле прыгажосць незямная. Ну а далей ужо пайшлі такія, скажам так, з менш распісанага крышталю», — расказвае знаўца.
Мухін кажа, што ніколі сур'ёзна не спрабаваў ацаніць кошт прыза. Толькі аднойчы яму прапаноўвалі за адну з узнагарод каля $10 тысяч. Праўда, гэта было шмат гадоў таму, і ён дагэтуль не ўпэўнены, наколькі сур'ёзнай была прапанова.
Тэарэтычна Мухін дапускае, што мог бы выставіць адну з трох соваў на аўкцыён, калі б вельмі спатрэбіліся грошы. Але пакуль такой неабходнасці не ўзнікала.
Навошта патрэбна эрудыцыя?
На пытанне вядоўцы, ці дапамагае эрудыцыя ў бізнэсе, Алесь Мухін адказаў:
«Быць капітанам каманды ў «Што? Дзе? Калі?» і праводзіць пасяджэнне рады дырэктараў сваёй фірмы — па сутнасці, гэта адно і тое ж. А эрудыцыя дапамагае табе мець аўтарытэт сярод падначаленых, і яны лішні раз пабягуць не да Пеці нешта спытаць, а да цябе. А ты будзеш лепш разбірацца ў тэме. А калі ты лепш разбіраешся ў тэме, значыць, больш уплываеш. Калі больш уплываеш, значыць, больш даходу і больш карысці».
Мухін перакананы, што эрудыцыя патрэбная не толькі для працы і інтэлектуальных гульняў, але і ў асабістым жыцці. Прычым ён знаходзіць для гэтага даволі нечаканае тлумачэнне.
«Па-першае, дзяўчаты адразу звяртаюць увагу. Гэта вельмі важна, асабліва калі ты яшчэ малады і нежанаты. І наадварот, хлопцам таксама падабаюцца разумныя дзяўчаты. Гэта стэрэатып, што ўсе любяць толькі нейкіх бландынак з блакітнымі вачыма. Я думаю, што гэта лухта», — разважае знаўца.
Але галоўная карысць эрудыцыі, на яго думку, усё ж у іншым. Шырокія веды дапамагаюць чалавеку адчуваць сябе асобай, а ў спалучэнні з інтэлектам — знаходзіць рашэнні ў складаных жыццёвых сітуацыях. Ад гэтага, лічыць Мухін, выйграе не толькі сам чалавек, але і яго сям'я, блізкія ды калегі.
Пры гэтым Мухін упэўнены, што эрудыцыя не знікне ў новых пакаленнях праз развіццё інтэрнэту і штучнага інтэлекту. Паводле яго слоў, штогод на адборы ў беларускі тэлеклуб прыходзяць маладыя людзі, узровень ведаў якіх яго прыемна здзіўляе.
«Далёка не факт, што да нас бягуць самыя разумныя. Але кожны люты я адчуваю такую светлую радасць, бо прыходзяць людзі, якіх я раней не ведаў, і бачу, што траціна, а то і палова з іх па ўзроўні інтэлекту цалкам вартыя таго, каб гуляць у Беларускім тэлеклубе. І іх проста трэба гэтаму крыху навучыць, чым і займаюцца рэдактары па працы са знаўцамі.
А калі яны яшчэ здолеюць пераадолець сваю прыродную сарамлівасць ці залішнюю інтэлігентнасць і навучацца своечасова адкрываць рот падчас хвіліны абмеркавання — гэта таксама навык, — то проста дзівішся глыбіні іх ведаў.
Таму не, я думаю, што ўсе гэтыя размовы пра тое, што цяпер усё ёсць у інтэрнэце, усё можна атрымаць праз ChatGPT, — занадта ўтапічныя. Не, гэта не так. Творчасць таксама ніхто не адмяняў».
На пытанне вядоўцы, як адрозніць разумнага чалавека ад неразумнага, Мухін прапанаваў просты спосаб:
«Насамрэч такіх крытэрыяў мільён. Але мне здаецца, што калі чалавек пачынае сам сябе хваліць і расказваць, які ён разумны, значыць, ён неразумны. Вось такі прасценькі экспрэс-тэст».
Што раіць чытаць
Падчас інтэрв'ю Мухіна таксама папрасілі назваць тры кнігі, якія дапамогуць развіць эрудыцыю.
Алесь спачатку рэкамендаваў літаратуру пра само «Што? Дзе? Калі?» — працы Барыса Левіна, Максіма Паташова і Міхаіла Лернера. А тым, хто працуе ў бізнэсе, ён параіў звярнуць увагу на кнігі спецыяліста па менеджменце Іцхака Адызеса. Асабліва ён вылучыў працу «Ідэальны кіраўнік. Чаму ім немагчыма стаць?», у якой аўтар тлумачыць прынцыпы кіравання людзьмі і арганізацыямі.
«Гэта простыя ісціны, якія чамусьці ніхто не выкарыстоўвае», — заўважыў знаток.
А вось трэцяя парада атрымалася жартаўлівай. Мухін прапанаваў прачытаць усю Вялікую савецкую энцыклапедыю. Тады, маўляў, дакладна станеш разумным.
Сам ён, нягледзячы на занятасць у бізнэсе, не збіраецца развітвацца з інтэлектуальнымі гульнямі. Мухін прызнаецца, што ўдзельнічае ў іх не дзеля грошай ці ўзнагарод. Для яго кожная гульня становіцца новым выклікам, магчымасцю праверыць сябе і перажыць эмоцыі, якія немагчыма прадбачыць загадзя.
Дарэчы, падчас інтэрв'ю вядоўца вырашыў праверыць кемлівасць самога знаўцы і задаў яму пытанне з падвохам:
«Калі б вы нарадзіліся 12 гадоў таму, колькі гадоў вам было б цяпер?»
Мухін на імгненне задумаўся, але хутка адказаў: «Дванаццаць».
Цяпер чытаюць
«З расіян-наведнікаў працэнтаў 70 аказваліся ватнікамі». Экс-гід з музея ВАВ, якога затрымлівалі яго ж экскурсанты, цяпер папулярны ў Варшаве — пагутарылі з ім
«З расіян-наведнікаў працэнтаў 70 аказваліся ватнікамі». Экс-гід з музея ВАВ, якога затрымлівалі яго ж экскурсанты, цяпер папулярны ў Варшаве — пагутарылі з ім
Расійскі рэпер Ягор Крыд зняўся ў майцы з выявай героя фільма «Ідзі і глядзі», якому дамалявалі пірсінг і татуіроўкі. Цішотку выпусцілі крама беларускі
Каментары
«Абарот — каля $100 мільёнаў». Алесь Мухін расказаў пра бізнэс і заробкі на «Што? Дзе? Калі?».
А не: «Абарот — каля $100 мільёнаў». Алесь Мухін расказаў пра [ўласны] бізнэс [па-за межамі «Што? Дзе? Калі?»] і заробкі на «Што? Дзе? Калі?».
І ў акадэмічным правапісу "бізнес", хоць варыянт тарашкевіцы "бізнэс" бліжэй да вымаўлення ў ангельскай.
Наконт апошняга "пытання з падвохам": дык у чым падвох?