Раптоўна памяняўся кіраўнік Віцебскай вобласці. Прычынай назвалі хваробу 50‑гадовага Аляксандра Рагожніка
Аляксандр Лукашэнка 20 кастрычніка падпісаў указ аб вызваленні з пасады старшыні Віцебскага аблвыканкама Аляксандра Рагожніка. Прычынай кадравага рашэння называецца хвароба Рагожніка.

50‑гадовы Аляксандр Рагожнік узначаліў Віцебскую вобласць на пачатку гэтага года. Да таго ён працаваў паслом Беларусі ў Расіі, міністрам прамысловасці і генеральным дырэктарам Мінскага маторнага завода.
Яшчэ ў суботу, 17 кастрычніка, Рагожнік асабіста браў удзел у абласных «Дажынках» у Мёрах і, прынамсі вонкава, хворым не выглядаў.

16 кастрычніка ён прымаў Аляксандра Лукашэнку: той прылятаў у вобласць з інспекцыяй.

Іншым указам выканаўцам абавязкаў старшыні Віцебскага аблвыканкама прызначаны Сяргей Ляўковіч. Да гэтага ён займаў пасаду першага намесніка старшыні аблвыканкама.
20 кастрычніка кіраўнік Адміністрацыі Лукашэнкі Дзмітрый Крутой па даручэнні Аляксандра Лукашэнкі сустрэўся з кіраўніцтвам аблвыканкама, прадставіў новага выканаўцу абавязкаў кіраўніка вобласці і акрэсліў актуальныя задачы развіцця рэгіёна.
Каментары