«Пад маю адказнасць». Беларускі дальнабойшчык чатыры месяцы нелегальна ездзіў па Еўропе
Андрэй некалькі месяцаў ездзіў па Еўропе, хоць па законе не мог выязджаць з Польшчы. Дальнабойшчык прызнае, што разумеў рызыкі, але не хацеў губляць працу.

Сваёй гісторыяй мужчына падзяліўся з Most.
Многія беларускія дальнабойшчыкі прыязджаюць на працу ў Польшчу па працоўных візах, а потым падаюць заявы на карту побыту. Разгляд справы можа зацягвацца на месяцы і нават гады. Калі віза заканчваецца, кіроўцы працягваюць знаходзіцца ў Польшчы легальна і не губляюць права на працу, а вось выязджаць у міжнародныя рэйсы не могуць.
Некаторыя ездзяць па новую візу на радзіму, але такая магчымасць ёсць не ва ўсіх. Іншыя ідуць у адпачынак, у тым ліку неаплачваны, альбо шукаюць магчымасць ездзіць толькі па Польшчы. Але часцяком дальнабойшчыкі выязджаюць у міжнародныя рэйсы нават без ДНЖ — на свой страх і рызыку, каб не губляць крыніцу заробку.
«Абяцалі, што вось цяпер усё будзе»
Андрэй да ад’езду ў Польшчу займаўся грузаперавозкамі ў Беларусі. Пяць гадоў таму ён вырашыў паехаць працаваць дальнабойшчыкам у Еўропу. Увесь гэты час мужчына працуе ў адной і той жа польскай транспартнай кампаніі. Упершыню ён прыехаў у Польшчу па працоўнай візе, якую атрымаў па запрашэнні ад працадаўцы.
— Тады ўсё было хутка і без праблем. Першую карту побыту я таксама атрымаў хутка, — успамінае мужчына.
Тэрмін яе дзеяння скончыўся ў снежні 2025 года. Заяву на новую карту побыту Андрэй падаў загадзя, у чэрвені 2025 года, у Лодзі — праз пасярэднікаў. Але за паўгода новую не атрымаў.
— Візу я не стаў рабіць — гэта доўга і дорага. Ды і дапамагатары абяцалі, што вось цяпер усё будзе, усё пад кантролем.
Рашэнне па заяве Андрэй атрымаў толькі ў красавіку 2026 года. Увесь гэты час ён працягваў ездзіць у рэйсы па Еўропе.
— Працадаўца папярэдзіў, што адпраўляе мяне ў рэйс пад маю адказнасць і што за гэта мне можа пагражаць дэпартацыя. Але ў Беларусі ў мяне жонка і двое маленькіх дзяцей, і я прыняў рашэнне працягнуць працу, — расказвае Андрэй.
Па словах мужчыны, за гэтыя чатыры месяцы ніякіх здарэнняў не было. Пры гэтым ён разумеў, што рызыкуе.
— Транспартная інспекцыя, якая спыняе машыны для праверкі ў Еўропе, як правіла, не правярае дакументы, не звязаныя з транспартам. Правяраюць пасведчанне, код 95 (сертыфікат прафесійнай кампетэнцыі кіроўцы), дакументы на аўтамабіль, CMR (міжнародная таварна-транспартная накладная). Так было і ў гэтыя чатыры месяцы: ніхто не праверыў пашпарт.
Па словах Андрэя, ён ведае і пра больш незвычайны выпадак. Адзін з яго калег страціў беларускі пашпарт і каля двух месяцаў ездзіў без яго.
Чым гэта можа пагражаць кіроўцу і працадаўцу
Пра магчымыя наступствы Most запытаўся ў спецыялісткі па легалізацыі Антаніны П.
Адным з магчымых наступстваў парушэння правілаў знаходжання замежніка ў Польшчы можа стаць рашэнне аб абавязку вярнуцца ў краіну паходжання — decyzja o zobowiązaniu cudzoziemca do powrotu. Для добраахвотнага выезду даецца ад 8 да 30 дзён. Выезд у іншую краіну ЕС не лічыцца выкананнем рашэння. Калі ёсць рызыка, што замежнік схаваецца або ўхіліцца ад яго выканання, вяртанне могуць арганізаваць прымусова.
Акрамя таго, замежніку могуць забараніць уезд у Шэнгенскую зону на тэрмін ад шасці месяцаў да дзесяці гадоў.
Рашэнне можна абскардзіць галоўнаму каменданту Памежнай службы Польшчы на працягу сямі дзён пасля яго атрымання. Аднак падача апеляцыі сама па сабе не прыпыняе выкананне рашэння.
— Ці нясе працадаўца адказнасць у такіх выпадках?
— Адказнасць працадаўцы залежыць ад абставін канкрэтнага выпадку. Калі замежнік працаваў у Польшчы легальна і выконваў умовы працаўладкавання, сам факт парушэння ім правілаў перасячэння мяжы не азначае, што працадаўца аўтаматычна нясе за гэта адказнасць. Аднак па выніках асобнай праверкі дакументаў кіроўцы і выканання правілаў перавозак кампанію могуць аштрафаваць.
Па словах Антаніны П., Дзяржаўная інспекцыя працы Польшчы (PIP) абавязвае працадаўцу правяраць дакумент, які пацвярджае законнасць знаходжання замежніка ў Польшчы. Пры гэтым асобны абавязак правяраць магчымасць перасячэння ім мяжы, па словах спецыялісткі, законам не прадугледжаны.
Цяпер чытаюць
«З расіян-наведнікаў працэнтаў 70 аказваліся ватнікамі». Экс-гід з музея ВАВ, якога затрымлівалі яго ж экскурсанты, цяпер папулярны ў Варшаве — пагутарылі з ім
Каментары