Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон заявіў, што ў найбліжэйшую суботу ў краіне забароняць усе дэманстрацыі, акрамя шэсцяў, арганізаваных прафсаюзамі. Такое рашэнне ўлады прынялі, каб не дапусціць паўтарэння выпадкаў вандалізму, марадзёрства і гвалту, якія адбыліся ў мінулыя выхадныя, паведамляе The Moscow Times.

Пра сваё рашэнне Макрон паведаміў 22 кастрычніка пасля сустрэчы з кіраўнікамі праваахоўных органаў. Па яго словах, акцыі, не арганізаваныя прафсаюзамі, будуць забараняць усюды, дзе гэта магчыма. Прафсаюзам жа дазволяць праводзіць шэсці толькі па канкрэтных маршрутах, узгодненых з паліцыяй.
У чацвер паліцыя Парыжа забараніла правядзенне выступленняў з 8:00 да 20:00 у шэрагу раёнаў горада, у тым ліку каля прэзідэнцкага палаца, на Елісейскіх Палях і паблізу іншых турыстычных славутасцяў. Сваё рашэнне праваахоўнікі патлумачылі рызыкай гвалтоўных дзеянняў. У гэтых месцах для правядзення дэманстрацый патрабуецца дазвол уладаў. Абмежаванні ўвялі таксама ў некаторых іншых гарадах Францыі.
Каменданцкая гадзіна, уведзеная ў асобных раёнах Парыжа і іншых буйных гарадоў, у цэлым дапамагла стабілізаваць сітуацыю ў апошнія дні. Аднак улады рыхтуюцца да новай хвалі пратэстаў у суботу, якія могуць зноў набыць масавы характар.
Пратэсты пачаліся ў канцы верасня з выступленняў старшакласнікаў, незадаволеных сітуацыяй у школах. Сярод іх асноўных прычын былі недахоп настаўнікаў, дрэнны стан школьных будынкаў і перагружаныя навучальныя праграмы. Пазней да пратэстаў далучыліся людзі, незадаволеныя агульным пагаршэннем умоў жыцця.
У мінулую суботу ў дэманстрацыях па ўсёй Францыі ўдзельнічалі каля паўмільёна чалавек. Некаторыя акцыі суправаджаліся беспарадкамі, рабаваннем крамаў і нападамі на муніцыпальныя службы. У Ліможы падпалілі будынак мэрыі. Першага падазраванага ў гэтым падпале затрымалі два дні таму.
Мэры шэрагу гарадоў, у тым ліку Парыжа, Ліможа, Марселя і Ліёна, раскрытыкавалі праваахоўныя органы за тое, што тыя не змаглі прадухіліць пагромы. Сярод прычын яны назвалі недахоп паліцэйскіх і іх недастатковую падрыхтоўку.
Макрон заявіў, што прадстаўнікі ўлады на месцах будуць забараняць дэманстрацыі, заяўкі на правядзенне якіх падаюць асобы, што не маюць на гэта законных падстаў. Па словах прэзідэнта, цяпер неабходна аднавіць спакой у краіне.
У Парыжы крамы, дзе прадаюць прадметы раскошы, рыхтуюцца да магчымых новых беспарадкаў. Флагманская крама Louis Vuitton на Елісейскіх Палях паставіла на вітрынах металічныя рашоткі. Таксама абаранілі вітрыны крамы Christian Dior Couture на авеню Мантэнь — адной з галоўных вуліц элітнага шопінгу ў восьмай акрузе сталіцы.
На вуліцы Сэнт-Анарэ каля прэзідэнцкага палаца многія вокны і дзверы закрылі драўлянымі дошкамі. У мінулую суботу натоўп уварваўся ў мясцовыя крамы і разрабаваў іх, у тым ліку буцікі Burberry, парфумерныя крамы Christian Dior і Guerlain. Пацярпела таксама крама спартыўнага адзення Salomon на суседнім бульвары Мадлен, якая дагэтуль застаецца закрытай.
Мастацкі кірмаш Art Basel Paris скараціў публічную праграму да аднаго дня — пятніцы. У суботу і нядзелю ён будзе закрыты.
«Шасціпалосная аўтастрада» да прэзідэнцтва. Беспарадкі ў Францыі ўзмацняюць шанцы Лё Пэн на прэзідэнцтва
Кіраўнік МУС Францыі падаў у адстаўку, але Макрон не прыняў
«Гнеў і сорам». Макрон звярнуўся да нацыі пасля пагромаў
У Францыі пратэсты суправаджаюцца пагромамі і падпаламі. Затрымалі 1200 чалавек
У суботу па ўсёй Францыі пракаціліся масавыя пратэсты
Каментары
Цяпер яго 12-15% раптам каштуюць значна вышэй і для сацыял-дэмакрата Глюкмана, і для галіста Філіпа.