У ЗША вынеслі прысуд беларусцы, якую судзілі за пастаўкі авіяцыйнага абсталявання ў Расію
Яну Лявонаву асудзілі на 12 месяцаў і адзін дзень.

Федэральны суд ЗША прысудзіў беларуску Яну Лявонаву да 12 месяцаў і аднаго дня пазбаўлення волі за незаконны экспарт са Злучаных Штатаў у Расію шматлікіх кампанентаў авіёнікі і іншага авіяцыйнага абсталявання. Пра гэта паведаміла Міністэрства юстыцыі ЗША, піша «Люстэрка».
«У той час як Расія вяла вайну супраць Украіны, Яна Лявонава займалася кантрабандай авіяцыйных кампанентаў амерыканскай вытворчасці для кампаніі, якая пазней была ўнесеная ў санкцыйны спіс урада ЗША. Каб схаваць незаконны экспарт і абысці амерыканскія санкцыі, яна выкарыстоўвала падстаўныя кампаніі, падробленыя дакументы, замежных пасярэднікаў і рахункі ў замежных банках», — заявіла пракурор Жанін Фэрыс Піра.
Акрамя турэмнага зняволення, суддзя пастанавіў дэпартаваць Лявонаву ў Беларусь пасля адбыцця пакарання.
Згодна з судовымі дакументамі і прызнаннямі, зробленымі падчас судовага пасяджэння, пасля поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну ў 2022 годзе Лявонава і яе саўдзельнікі са ЗША і Арменіі закуплялі авіяцыйныя кампаненты ў амерыканскіх дыстрыб'ютараў і незаконна вывозілі іх са Злучаных Штатаў у Расію праз Арменію. У выніку ў Расію былі пастаўленыя дзясяткі авіяцыйных кампанентаў, за якія ў адказ было выплачана некалькі мільёнаў даляраў.
Лявонаву арыштавалі ў верасні 2024 года пасля прыбыцця ў Францыю ў якасці турысткі. Яна правяла некалькі тыдняў у французскай турме, а затым каля года знаходзілася пад хатнім арыштам, перш чым яе экстрадзіравалі ў ЗША.
У судзе беларуска прызнала сваю віну.
Цяпер чытаюць
«Дзіма, мой мікраскоп за паўмільёна еўра стаіць у тваёй клініцы. Абсталяванне скраў ты». Заснавальнік «Новага зроку» расказаў пра адносіны з сям'ёй Абельскіх
Каментары