Каля берагоў Шатландыі перахапілі расійскае разведвальнае судна, якое сачыла за вучэннямі НАТА
Каралеўскі флот Вялікабрытаніі перахапіў каля ўзбярэжжа Шатландыі расійскае разведвальнае судна «Віктар Лявонаў», якое сачыла за вайсковымі вучэннямі НАТА. Пра гэта паведамляе выданне The Telegraph.

Брытанскія Каралеўскія ВМС 2 лістапада заявілі, што іх верталёты Merlin адсочвалі расійскае судна класа «Вішня», якое знаходзілася каля Знешніх Гебрыдскіх астравоў з 29 верасня да 8 кастрычніка. Для гэтай аперацыі верталёты перакінулі з базы Кулдроўз у графстве Корнуал у аэрапорт Глазга-Прэствік.
Судна сачыла за вайсковымі караблямі НАТА падчас вучэнняў Strike Warrior, у якіх удзельнічалі 2 тысячы вайскоўцаў з шасці краін альянсу.
Камандзір базы марской авіяцыі ў Кулдроўзе Джэймс Хол заявіў, што аперацыя прадэманстравала гатоўнасць і здольнасць брытанскіх сіл кругласутачна забяспечваць бяспеку краіны. Паводле яго слоў, падраздзяленні верталётаў Merlin могуць аператыўна рэагаваць на пагрозы.
Раней сёлета верталёты Merlin абсталявалі найноўшымі гідраакустычнымі буямі. Мадэрнізацыя коштам 40 мільёнаў фунтаў стэрлінгаў, або амаль 48 мільёнаў еўра, павінна палепшыць магчымасці адсочвання расійскіх падводных лодак.
Як адзначае The Telegraph, за першыя сем месяцаў 2026 года актыўнасць Расіі ў брытанскіх водах і вакол іх вырасла на 25% у параўнанні з аналагічным перыядам 2025-га.
Раней Вялікабрытанія ўжо паведамляла, што назірае за расійскім разведвальным суднам каля ўзбярэжжа Шатландыі, якое, верагодна, збірала звесткі пра падводную інфраструктуру.
Акрамя таго, у верасні саюзнікі па НАТА выявілі расійскія падводныя лодкі ў арктычных водах каля архіпелага Шпіцберген. Яны праводзілі вучэнні з выкарыстаннем сакрэтнай зброі, прызначанай для вываду са строю важных падводных кабеляў.
У маі Германія накіравала ў Балтыйскае мора разведвальны карабель, абсталяваны сучаснай тэхнікай радыёэлектроннай разведкі, у сувязі з прысутнасцю там расійскіх суднаў.
Цяпер чытаюць
«Дзіма, мой мікраскоп за паўмільёна еўра стаіць у тваёй клініцы. Абсталяванне скраў ты». Заснавальнік «Новага зроку» расказаў пра адносіны з сям'ёй Абельскіх
Каментары