З Масквы. Блог Алеся Чайчыца3232

Ці магла БНР утрымацца?

Гісторыя Беларускай Народнай Рэспублікі — гэта шмат у чым гісторыя пра шанцаванне і нешанцаванне

25 сакавіка 1918 года — галоўная дата беларускай гісторыі ХХ стагоддзя. Як ні стаўся да беларускага нацыянальнага руху і беларускай нацыі, факт застаецца фактам: менавіта ў Трэцяй устаўной грамаце Рады БНР Беларусь упершыню ў гісторыі была абвешчаная суверэннай дэмакратычнай дзяржавай.

Менавіта з 25 сакавіка 1918 года і па сённяшні дзень Беларусь існуе на палітычнай мапе Еўропы як самастойная адзінка.
Людзі, якія аднавілі незалежнасць Беларусі ў 1991 годзе, у якасці свайго арыенціра бачылі менавіта Беларускую Народную Рэспубліку 1918 года. Гэты дзень — галоўнае свята Беларусі.

У пачатку сакавіка 1918 года ў беларускім Берасці расійскія бальшавікі пасля серыі разгромных ваенных паразаў заключылі мір з Нямеччынай.

Па ўмовах міру Расія выракалася Прыбалтыкі, Беларусі і Ўкраіны. Выканаўчы камітэт Усебеларускага з’езда, беларускага каардынацыйнага прадстаўнічага органа, зрэагаваў імгненна: Беларусь не павінна была застацца «нічыёй зямлёй», яе лёсам павінны распараджацца самі беларусы,
а не немцы ці бальшавікі. Легітымнае самаарганізаванае мясцовае прадстаўніцтва ўзяло на сябе адказнасць за будучыню краіны, выдала тры Устаўныя граматы, у якіх абвяшчаўся дзяржаўны суверэнітэт Беларусі.

Беларусь абвясціла аб стварэнні самастойнай дзяржавы праз лічаныя тыдні пасля Эстоніі і Літоўскай Рэспублікі і на паўгода раней за Латвію.

Далейшая гісторыя Беларускай Народнай Рэспублікі — гэта шмат у чым гісторыя пра шанцаванне і нешанцаванне.

Скажам,

дзяржавам Балтыі ў 1918 годзе пашанцавала.
У латышоў і эстонцаў не было лініі фронту пасярод краіны, не было дзвюх вонкавых моцных сіл, Польшчы і савецкай Расіі, якія б адначасова прэтэндавалі на тэрыторыю. У іх былі з аднаго боку бальшавікі, а з другога — Балтыйскае мора.
А ў Балтыйскім моры, між іншым, хаўруснік — брытанскі флот,
які не толькі аказваў матэрыяльную падтрымку войскам новых краін, але і самым непасярэдным чынам дапамагаў прыбалтам біць бальшавікоў і немцаў праз наўпростую агнявую падтрымку. Беларускай Народнай Рэспубліцы такая дапамога нават не снілася. А справа, па вялікім рахунку, усяго толькі ў геаграфіі.

Пашанцавала так далёка не ўсім. Па выніках грамадзянскай вайны ў былой Расійскай Імперыі

не ўдалося ўтрымацца нават незалежнай Украіне
з яе, здавалася б, каласальнымі людскімі і матэрыяльнымі рэсурсамі, з пасіянарным і масавым нацыянальным рухам. Не ўтрымалася ні УНР, ні ЗУНР; ані Пэтлюра, ані Скарападськый.

Не ўтрымаліся дэмакратычныя незалежныя Грузія, Арменія і Азербайджан, нягледзячы нават ні на якое выгаднае геаграфічнае становішча, ні на які горны ландшафт. Яны былі занадта далёка ад Еўропы, ды ў Чорным і Каспійскім морах не было брытанскага флота.

Гледзячы на ўсё пералічанае вышэй —

як у тых умовах было ўтрымацца незалежнай Беларусі?
Ва ўмовах, калі большасць мясцовай палітычнай і эканамічнай эліты зрабіла стаўку на Пілсудскага і Польшчу?

Прыніжаць значэнне Акта 25 Сакавіка толькі таму, што Беларускай Народнай Рэспубліцы тады не ўдалося ператварыцца ў паўнапраўную сілу — гэта ўсё роўна, што папракаць слабую тагачасную беларускую протадзяржаву за тое, што яно не адправіла першага чалавека ў космас ці не заваявала выхаду да мора. Гэта значыць, несумленны вялікадзяржаўны палемічны прыём у стылі «у каго няма нафты і ядзернай бомбы, той убогі лімітроф».

Тое, што ўдалося беларускаму руху ў той момант — гэта каласальны подзвіг,
прыклад масавай самаарганізацыі людзей, нябачанага дагэтуль нацыянальнага ўздыму. Ва ўсёй Беларусі ствараліся органы ўлады новай рэспублікі, ва ўсёй расійскай арміі фармаваліся беларускія аддзелы. Кульмінацыяй працэсу стаў канец 1920 года — Слуцкі збройны чын, паход Балаховіча, пачатак партызанскай вайны «Зялёнага дуба».

З гэтай гучнай заявай аб самастойнасці былі вымушаныя лічыцца ўсё:
ад немцаў да Пілсудскага; ад уладаў Літоўскай Рэспублікі да расійскіх бальшавікоў, якія ўжо 1 студзеня 1919 года абвясцілі ўласную марыянеткавую савецкую беларускую рэспубліку. Выканкам Усебеларускага з’езда, не стаўшы Радай БНР, не меў бы дастатковага статуса, каб нават блізка прэтэндаваць на ўдзел у міждзяржаўных адносінах і каб самім фактам свайго існавання прымушаць прымаць Беларусь у разлік.

95 гадоў таму мы заваявалі сабе права «людзьмі звацца». З надыходзячым святам!

Каментары32

Цяпер чытаюць

Зяленскі ў Вільні: Пакуль шпіц Лукашэнкі мае больш правоў, чым народ Беларусі1

Зяленскі ў Вільні: Пакуль шпіц Лукашэнкі мае больш правоў, чым народ Беларусі

Усе навіны →
Усе навіны

Кемлівы і спрытны маладзён двойчы наехаў на агароджу дзеля страхоўкі1

На іранскім тэлебачанні Трампу пагражалі замахам. Яго адказ: У выпадку чаго ўся краіна ўзляціць у паветра!8

«Як мне цяпер нешта даказаць?» Кліенту каршэрынгу выставілі рахунак на 1315 рублёў9

У Беларусі запусцілі сэрвіс пошуку хатніх жывёл, што згубіліся

«Для беларускіх уладаў я, хутчэй, магчымасць, а не пагроза». Калеснікава дала вялікае інтэрв’ю Золатавай94

У Кіеве больш за 6 тысяч дамоў засталіся без ацяплення2

Латвія закрывае рэгулярныя аўтобусныя рэйсы ў Беларусь19

У Венесуэле вызваленыя 626 палітвязняў5

Белы дом апублікаваў дзіўную карцінку з Трампам. І вось дзе закавыка19

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Зяленскі ў Вільні: Пакуль шпіц Лукашэнкі мае больш правоў, чым народ Беларусі1

Зяленскі ў Вільні: Пакуль шпіц Лукашэнкі мае больш правоў, чым народ Беларусі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць