
Павел Ганчар, начальнік аддзела па развіцці фіксаванай сувязі кампаніі Velcom, расказаў пра беларускую мову ў бізнэсе.
Пра шлях да мовы
— Аднойчы я вырашыў, што далей так жыць не магу: мае ўнутраныя ўстаноўкі і перакананні ўвайшлі ў канфлікт з тым, што я дагэтуль размаўляю па-руску.
На той час я быў дырэктарам кампаніі «Дзелавая сетка». Людзей на працы, з якімі мы звычайна збіраліся на планёрку, я папярэдзіў: з Новага года я гавару толькі па-беларуску. Спачатку яны баяліся, што ім будзе цяжка мяне зразумець, але нічога страшнага не адбылося — з часам прывыклі.
Наогул, трэба сабе ставіць зразумелыя смарт-задачы і іх выконваць, каб адчуваць перамогу і поспех.
У маім выпадку я спачатку вырашыў, што паўгода буду дома размаўляць па-беларуску, потым столькі ж яшчэ і на вуліцы, а з Новага года — пачынаю новае жыццё і паўсюль размаўляю па-беларуску.
Канечне, у першы час адчуваецца жорсткая «ломка», амаль на фізічным узроўні. Псіхіка перанапружваецца, бо ў адказ ад суразмоўцы звычайна чуеш рускую мову — і першыя месяцы гэта моцна цісне. Але потым праходзіць.
Пра беларуская мову ў кампаніі
— Праз некаторы час абслугоўванне ў нас у кампаніі было білінгвічнае — спецыялісты па продажах і службы тэхнічнай падтрымкі былі як рускамоўныя, так і беларускамоўныя.
Тых, хто працаваў па-беларуску, мы стымулявалі: даплачвалі каля 5% ад акладу.
На дыскрымінацыю з рускамоўных ніхто не скардзіўся: па-першае, гэта не такая заўважная сума, па-другое, аферта была адкрытай, да яе мог далучыцца любы супрацоўнік.
Але справаводства па-беларуску я ўводзіць не стаў, палічыўшы гэта гвалтам: на той момант мы ўжо адпрацавалі больш за дзясятак гадоў — навошта людзей прымушаць? Калі б гэта была новая кампанія, то іншая справа. А так не хацелася адштурхнуць ад мовы, бо людзі самі павінны цягнуцца да яе.
На жаль, носьбіт беларускай мовы сёння ў масавай свядомасці асацыюецца толькі з людзьмі, якіх б'юць на мітынгах.
Для сябе ў звязку з гэтым я вызначыў місію: паспрабаваць змяніць успрыманне, быць паспяховым беларускамоўным чалавекам, каб астатнія захацелі стаць такімі ж.
Пра беларускую мову на сайце
— Аднойчы мы зрабілі новую версію сайта кампаніі і мовай па змоўчанні паставілі беларускую. Вядома, былі і скаргі, пры чым даволі тыповыя: маўляў, «у нас в стране двуязычие, я имею право…». Ну, ціскай на спасылку «ru» і чытай! Аднак, колькі было падзяк, а якія шчырыя! Прыкладна на тры скаргі прыходзілася восем падзяк.
Я адсочваў статыстыку заходаў на сайт: цікава, што спачатку людзям было цяжка ўспрымаць інфармацыю па-беларуску: большасць ціскала на «ru» і пераходзіла на рускамоўную версію. Але прыкладна праз пяць месяцаў такіх наведвальнікаў засталося ўсяго 15%. Гэта кажа пра тое, што людзям да беларускай мовы прыстасавацца няцяжка.
Пра стасункі з калегамі
— Цяпер я працую ў кампаніі Velcom, і тут ніякіх праблем у стасунках з калегамі і кіраўніцтвам няма. Знайшліся нават два беларускамоўныя супрацоўнікі, а яшчэ каля дваццаці рускамоўных са мной размаўляюць па-беларуску.
Ліставанне таксама адбываецца па-беларуску, у тым ліку з топ-менеджментам. Ніхто не прасіў пісаць па-руску, наадварот, казалі, што беларуская вельмі падабаецца.
Пра дзелавыя перамовы
— Па змоўчанні натуральна пачынаю па-беларуску. І яшчэ не было выпадкаў, каб чалавек з беларускай кампаніі папрасіў мяне перайсці на рускую. Прадстаўнікі рускіх кампаній — прасілі. І я пераходзіў, бо не бачу ў гэтым ніякай праблемы. Нават калі на вуліцы нехта мяне не разумее, то заўсёды прыязна паўтараю незразумелае слова па-руску, і камунікацыя працягваецца — гэта не нагода перайсці на рускую мову, а нагода проста падказаць слова.
Пра рэкламу па-беларуску
— Цяпер прасочваецца трэнд выкарыстання беларускай мовы ў рэкламе.
У буйным бізнэсе лічыцца добрым тонам мець беларускамоўную рэкламу.
Але ўлічваючы тое, што камунікатыўная функцыя беларускай мовы як сродку расказаць людзям нешта канкрэтнае пра тавар спрацоўвае не на 100%, то рэкламу, якая прадае, усё ж такі пакінулі рускамоўнай, а беларускамоўнай робяць статусную, «іміджавую» рэкламу.
Але разлічваць на тое, што грамадства хутка і самастойна пяройдзе на выкарыстанне беларускай мовы, было б вельмі ідэалістычна. Добра, што ёсць трэнд, што ў эліце і моладзевым асяродку гэта лічыцца модным, але асаблівых зменаў не будзе без падтрымкі з боку дзяржавы або без з'яўлення нейкай знешняй пагрозы, якая можа стаць стымулам.
Каментары