Новы законапраект па аграсядзібах закране сферу падаткаў і льготных крэдытаў
У Беларусі плануецца ўдакладніць парадак падаткаабкладання і ў сферы аграэкатурызму і падоўжыць перыяд ільготнага крэдытавання ўдзельнікаў гэтага рынку. Адпаведны праект новага ўказа нядаўна прадстаўлены на грамадскае абмеркаванне. У праекце вызначана кола асоб, якія маюць права ажыццяўляць дзейнасць па аказанні паслуг у сферы аграэкатурызму, пералік гэтых паслуг і ўмовы ажыццяўлення такой дзейнасці. Таксама прадугледжана забяспечыць цэнтралізаваны ўлік суб'ектаў аграэкатурызму, піша Myfin.by.

Цяпер без спорту
З пераліку паслуг, якія аказваюцца суб'ектамі аграэкатурызму, выключаная арганізацыя на аграэкасядзібах спартыўна-масавых і фізкультурна-аздараўленчых мерапрыемстваў. На думку аўтараў праекта, такія паслугі ў аграсядзібах звычайна зводзяцца да пракату спортінвентару, а дзейнасць суб'ектаў аграэкатурызму не адпавядае крытэрыям педагагічнай дзейнасці ў сферы фізкультуры і спорту, для якой, да таго ж, патрабуецца дзяржаўная акрэдытацыя.
Аднак суб'екты аграэкатурызму па-ранейшаму змогуць праводзіць культурныя мерапрыемствы: музычныя вечары, фестывалі і да т. п. пры гэтым аказанне паслуг у сферы аграэкатурызму, у тым ліку па арганізацыі культурных мерапрыемстваў, дапускаецца толькі на дамоўнай аснове.
У той жа час арганізацыя культурных мерапрыемстваў на аграэкасядзібах можа рабіцца з прыцягненнем толькі тых асоб і арганізацый, якія адпавядаюць патрабаванням Кодэкса аб культуры, дзе агаворваецца кола такіх асоб і іх уключэнне ў адпаведны рэестр.
Якім будзе падаткаабкладанне аграсядзіб
Асаблівае месца ў праекце займае рэгуляванне парадку прыняцця райвыканкамамі рашэнняў аб прымяненні фізічнымі асобамі збору за ажыццяўленне дзейнасці па аказанні паслуг у сферы аграэкатурызму замест падатку на прафесійны даход (ППД).
Як вядома, з 1 ліпеня 2023 года фізічныя асобы, якія аказваюць паслугі ў сферы аграэкатурызму, абавязаныя прымяняць падатак на прафесійны даход, калі мясцовымі выканкамамі не вынесена рашэнне аб праве прымяняць іншы рэжым падаткаабкладання, г. зн. плаціць збор па фіксаванай стаўцы (цяпер — 42 рублі ў месяц за кожную аграэкасядзібу).
Аднак у цяперашні час заканадаўства не рэгламентуе тэрмін дзеяння такіх рашэнняў. Часам яны выдаваліся бестэрмінова. Цяпер жа дазволы на выплату збору замест ППД будуць выдавацца на 1 год, пры ўмове, што гэты падатак раней выплачваўся менш за 12 месяцаў запар да падачы заявы. У далейшым дазволы могуць штогод падаўжацца яшчэ на год.
Таксама прапануецца вызначыць пераходны перыяд — да заканчэння тэрміну, названага ў рашэннях выканкамаў без права іх падаўжэння, а калі тэрмін не пазначаны — да 1 ліпеня 2026 года.
Нагадаем таксама, што законам ад 22 красавіка 2024 года №365-З уладальнікаў аграсядзіб, якія не прымяняюць ППД, абавязалі з 1 студзеня 2024 года выплачваць унёскі ў ФСАН на пенсійнае страхаванне ў такім жа парадку, як індывідуальныя прадпрымальнікі, г. зн. 29% ад самастойна вызначанага даходу, але не ніжэй, чым унёскі ад месячнай мінімальнай заработнай платы.
У той жа час колькасць суб'ектаў аграэкатурызму да канца 2023 года скарацілася на 20,8% у параўнанні з 2022-м, а летась — яшчэ на 41,6%, гэта значыць усяго за 2 гады больш чым удвая — з 3043 да 1408. У прыватнасці, у Брэсцкай вобласці іх колькасць зменшылася з 2022 па 2024 год на 34,3%, Гомельскай — на 35,1%, Гродзенскай — на 38,7%, Магілёўскай — на 40,2% Віцебскай — у 2,5 разы, Мінскай — у 2,6 разы.
Зрэшты, фактычна пасля 1 ліпеня 2023 года дзейнасць па аказанні паслуг у сферы аграэкатурызму ажыццяўлялі 1311 аграэкасядзіб, а на 1 студзеня бягучага года ў краіне зарэгістравана 1408 аграэкасядзіб. З іх збор выплачвалі толькі 344 суб'ектаў аграэкатурызму, гэта значыць 3/4 з'яўляюцца плацельшчыкамі ППД. Пры гэтым сектар летась заплаціў 1,66 мільёна рублёў падаткаў — на 32,8% больш, чым у 2023-м і ўдвая больш, чым у 2022-м.
А што з крэдытамі
У праекце таксама прадугледжана падаўжэнне перыяду льготнага крэдытавання суб'ектаў аграэкатурызму да 2030 года. Як і ў 2010-2025 гадах, такія крэдыты можа выдаваць ААТ «Белаграпрамбанк» у суме да 2000 базавых велічынь на аднаго суб'екта аграэкатурызму за ўвесь перыяд крэдытавання на тэрмін да 5 гадоў (фізічным асобам — да 7 гадоў) у беларускіх рублях пад 5% гадавых.
Паводле даных Міністэрства спорту і турызму, з 2010 года выдадзена крэдытаў на суму 9,9 мільёна рублёў, у тым ліку ў мінулым годзе — 522,4 тысячы рублёў. Пры гэтым Белаграпрамбанку з рэспубліканскага бюджэту пакрываюцца страты ад выдачы такіх крэдытаў у памеры 0,5 стаўкі рэфінансавання Нацбанка плюс 1 працэнтны пункт, г. зн. у цяперашні час — 5,75%. Напрыклад, у бягучым годзе на гэтыя мэты ў бюджэце прадугледжана 104,2 тысячы рублёў.
Чакаецца, што захаванне льготных крэдытаў будзе спрыяць далейшаму развіццю аграэкатурызму і стварэнню новых працоўных месцаў у сельскай мясцовасці.
Каментары