Ізраіль бамбіць Сірыю, патрабуючы ад Дамаска адчапіцца ад друзаў. З чаго такая дружба?
Ізраільская авіяцыя нанесла ўдары па прэзідэнцкім палацы ў Дамаску і будынку Генштаба ў рамках аперацыі па абароне сірыйскіх друзаў.

Сур'ёзны выклік для цэнтральнай улады Сірыі. Ізраіль ультыматыўна патрабуе ад яе адрачыся суверэннага кантролю над тэрыторыямі, на якіх жывуць друзы.
Абвастрэнне пачалося пасля таго, як новыя ўлады Сірыі паспрабавалі ўзяць тэрыторыю на поўдні краіны, дзе жывуць друзы, Джэбэль-эд-Друз, пад кантроль цэнтральнай улады.
Друзы — невялікая рэлігійная меншасць у Сірыі, Ліване і Ізраілі. Ізраіль робіць на іх стаўку як на саюзнікаў у рэгіёне. У Сірыі іх каля 4% насельніцтва, у Ліване — каля 5%, у самім Ізраілі — каля 2%. Друзы гавораць па-арабску, але маюць сваю эзатэрычную рэлігію, а таму адвеку варагавалі з арабамі. Гэта даволі ваяўнічы народ, стагоддзі змагання за ўласнае выжыванне загартавалі яго.
Частка друзаў апынулася на тэрыторыі Ізраіля, асабліва пасля акупацыі Галанскіх вышынь. І яны не настолькі варожыя да яўрэйскай дзяржавы, як арабы.
У той жа час друзы Лівана, аб'яднаныя ў Прагрэсіўна-сацыялістычную партыю на чале з Камалем і Валідам Джумблатамі, у ХХ стагоддзі доўгі час рабілі стаўку на Сірыю і СССР у барацьбе супраць ліванскіх хрысціян.
Цяпер ужо Ізраіль разглядае друзаў Сірыі, якія кампактна жывуць на поўдзень ад Дамаска, як стратэгічна важнага саюзніка — супрацьвагу новым ісламісцкім уладам краіны, цесна звязаным з Турцыяй.
Калі цэнтральныя ўлады Сірыі паспрабавалі ўвесці ў друзскі рэгіён сваіх сілавікоў, друзы аказалі ўзброенае супраціўленне. Яны хочуць захаваць фактычную аўтаномію, якая склалася за перыяд грамадзянскай вайны і безуладдзя ў Сірыі.
Сірыйская армія, якая цяпер уяўляе сабой кангламерат былых паўстанцкіх атрадаў і рэгулярных часцей, 14 ліпеня ўвайшла ў друзскі горад Эс-Сувейда. Гэта адбылося пасля таго, як 37 чалавек загінулі ў сутычках друзаў і арабаў-бедуінаў у папярэднія дні.
Бедуіны віталі ўвядзенне сірыйскай арміі ў Эс-Сувейду, друзы аказалі супраціў.
У сацсетках разышліся відэа, дзе сірыйцы гвалтоўна голяць друзам іх пышныя вусы, таму што гэта не адпавядае ісламу.
15 ліпеня падтрымку з паветра ім надала ізраільская авіяцыя. За суткі яна нанесла каля 160 удараў па тэхніцы і пазіцыях сірыйскай арміі.
А сёння Ізраіль нанёс таксама сімвалічныя ўдары па сімвалах улады ў Дамаску — прэзідэнцкім палацы і будынку Генштаба.
У той жа час некалькі сотняў друзаў Ізраіля самавольна перасеклі мяжу і адправіліся на дапамогу супляменнікам.
Прэм'ер-міністр Ізраіля Біньямін Нетаньяху у спецыяльным звароце заклікаў грамадзян Ізраіля з друзскай грамады з просьбай не пераходзіць мяжы і «дазволіць» ізраільскай арміі дзейнічаць самой.
Урад Ізраіля заявіў, што «загадаў атакаваць сірыйскую армію, каб абараніць друзскую грамаду», якая звязаная «глыбокім брацкім саюзам з ізраільскімі друзамі».
Паведамляецца пра гібель 20 байцоў сілаў сірыйскага ўрада.

Ізраіль запатрабаваў вываду сірыйскіх сілавікоў з рэгіёна і нават распачаў удары з паветра, каб прымусіць Дамаск падпарадкавацца. Супрацьпаветраная абарона Сірыі разбомбленая Ізраілем, таму сірыйская армія безабаронная супраць ракетных удараў.
Ізраільскія ўдары ставяць новыя ўлады Сірыі ў казытлівае становішча. Дамаск дэманстраваў прагматычную гатоўнасць падпісаць мірнае пагадненне і прызнаць Ізраіль, па схеме Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў. Аднак патрабаванне Іерусаліма, каб цэнтральныя ўлады Сірыі адракліся ажыццяўлення ўладных функцый у друзскіх рэгіёнах, падарвала б аўтарытэт ісламісцкага рэжыму.
Армія Ізраіля рыхтуецца перакінуць дзве дывізіі на Галанскія вышыні.
Джэбэль-эд-Друз пэўны час меў аўтаномію ў часы французскага пратэктарату над Сірыяй між Першай і Другой сусветнымі войнамі.
Раней жыхары шасці вёсак на поўдні Сірыі, у якіх жыве друзская меншасць, папрасілі Ізраіль далучыць да сябе іх тэрыторыю і распаўсюдзіць суверэнітэт на іх населеныя пункты. Відэа сходу ў вёсцы Хадэр, размешчанай на сірыйскім баку Галанскіх вышынь, публікавала выданне Jewish Press.
Друзы асцерагаліся пераследу з боку ісламістаў, якія прыйшлі да ўлады ў Сірыі пасля падзення рэжыму Башара Асада. На відэа адзін з выступоўцаў перад натоўпам з некалькіх дзясяткаў чалавек гаворыць:
«Ад імя ўсіх жыхароў Хадэра, і калі хтосьці пярэчыць, калі ласка, скажыце… Калі нам давядзецца выбіраць, мы выберам меншае зло — быць далучанымі да (ізраільскіх) Галанаў! … Лёс Хадэра — гэта лёс навакольных вёсак, мы хочам папрасіць далучыць нас да нашых суродзічаў на Галанах, каб быць свабоднымі ад несправядлівасці і прыгнёту».
Прысутныя на сходзе адказалі на гэта крыкамі: «Мы згодныя, мы згодныя!»
У 1967 годзе Ізраіль заняў частку Галанскіх вышынь падчас Шасцідзённай вайны і анексаваў іх у наступныя гады, у выніку чаго чатыры сірыйскія друзскія паселішчы сталі часткай яўрэйскай дзяржавы. Цяпер там жывуць каля 24 тысяч чалавек.
Друзская грамада Ізраіля, якая збольшага жыве ў рэгіёне Галілея, у сукупнасці перавышае 160 тысяч чалавек. Яе прадстаўнікі добра інтэграваныя ў ізраільскае грамадства і служаць у ЦАХАЛ.

Сярод жыхароў арабскіх краін расце абурэнне такімі дзеяннямі друзаў.
Тым часам у Эс-Сувэйдзе здымаюць сірыйскія сцягі і вывешваюць ізраільскія.
Каментары
Фактычна Ізраіль правакуе новы рэжым, які насамрэч ніякім пераследам друзаў не адзначыўся (дый з чаго б — друзы лічацца мусульманамі, бо прызнаюць, што няма бога акрамя Алахала, а Мухамед яго прарок — большага не патрабуецца), каб ператварыць друзаў у аб'ект нянавісці большасці сірыйцаў. Нестабільнасць у Сірыі дазволіць Ізраілю далей кантраляваць анексаваныя ў гэтай краіны Галанскія вышыні і можа быць пашырыць сваю жыццёвую прастору яшчэ далей на ўсход.