Эканоміка

Таматы ад 3 рублёў, агуркі таннейшыя за бульбу. Што прадаецца на Камароўцы ў выходныя

Нягледзячы на дрэннае надвор’е і скаргі фермераў, сезонная гародніна на Камароўцы працягвае падаць у цане і часам каштуе нават менш, чым маладая бульба. Паступова апускаецца і цэннік на ягады. Чым выгадна закупляцца на рынку ў гэтыя выхадныя, пішуць Мінск-навіны.

Лета, хай сабе і дажджлівае, у самым разгары, і асартымент рынку працягвае папаўняцца. З апошніх сезонных навінак можна адзначыць зялёную спаржавую фасолю: яе пакуль што мала, таму цэннік трымаецца на ўзроўні 15 рублёў.

Пачаткі цукровай кукурузы ўжо можна набыць на многіх месцах, іх кошт вагаецца ад 5,90 да 7 рублёў за кілаграм.

Белакачанная капуста выстаўлена па 2 рублі, прайс на кветкавую і брокалі пачынаецца з 2,50 рубля.

Агуркі можна купіць ад 2,50 рубля, памідоры — ад 3 рублёў. За кілаграм краснадарскіх памідораў-слівак трэба заплаціць усяго 4,50, на рубель даражэй можна знайсці чэры — для іх гэта казачная цана, бо часцей за ўсё яны выстаўлены па 12—18 рублёў.

Асарці з жоўтых, карычневых і малінавых — па 8,50 рубля. Балгарскі перац — ад 6,50, раннія буракі і морква ад фермераў — па 3—5 рублёў. Кіло кабачкоў абыдзецца ўсяго ў 1,50 рубля.

Маладой беларускай бульбы шмат, але цэны на яе трымаюцца. Танней за 2,50 рубля вы наўрад ці знойдзеце, сярэдні прайс па рынку — 3‑4 рублі. На адным з прылаўкаў, выдзеленых для гандлю фізічнымі асобамі, напэўна, самы добры асартымент на Камароўцы — больш дзясятка ранніх і сярэдне-ранніх сартоў, у тым ліку папулярныя «скарб», «паролі» і «вектар». Самую танную «адрэту» важаць па 2,50 рубля, «каралеву Ганну», «першацвет» і «баярскую» — па 4,50 рубля.

— Гэта беларуская бульба, не імпартная — вы не думайце. Вырошчваем у Самахвалавічах, дзе знаходзіцца Інстытут бульбаводства, таму і такі вялікі выбар. Я вырошчваю шэсць, астатнія — прадукцыя майго стрыечнага брата. Але вы бачыце — чарга да нас не стаіць, — аповед фермера тут жа перарывае пакупніца, якая просіць узважыць два кілаграмы «скарбу».

На рынак ужо завезлі першыя яблыкі новага ўраджаю. Невялікія цвёрдыя плады з Узбекістана каштуюць 4,50 рубля, тады як мінулагоднія ўсё яшчэ прадаюць па 7,50 рубля. Узбекскія слівы — і таго менш — 3,90 рубля. Па 4,90 рубля можна ўзяць кіло дробных нектарынаў, недарагія персікі — на рубель-два даражэйшыя. Азербайджанскія дыні і кавуны — па 5,90 рубля.

Пік продажаў чарэшні паступова пераходзіць, хоць салодкіх ягад яшчэ дастаткова, а цэны пачынаюцца ад 13 рублёў. Затое сезон беларускіх дурніцаў у самым разгары, і ягады на галоўны рынак сталіцы вязуць з усіх беларускіх рэгіёнаў.

Прайс на дурніцы пачынаецца ад 16 рублёў. Ягады папулярных сартоў «д’юк» і «блюкроп» выцясняе «патрыёт» — раяніраваны ў Беларусі сорт, які зараз набірае папулярнасць.

Парэчкі ў паўлітровых шклянках — па 6 рублёў, агрэст — па 7 рублёў, маліны — па 10 рублёў. Ягады выгадней браць кілаграмамі: парэчкі — па 13, чарніцы і агрэст — па 20 рублёў. Вішню прадаюць па 10 рублёў звычайную і па 15 рублёў шпанку.

На Камароўцы трохі патаннелі разнастайныя салаты і зеляніна. Рамэн, фрызэ, маслянічны, лола роса, рамана і пак-чой па 10—15 рублёў за кіло. Пучкі духмянай рукалы і кінзы — па 2 рублі за 100 г, шпінат, кроп, мангольд і пятрушка — па 1,50 рубля. Столькі ж прыйдзецца заплаціць за лісце кейла. Зялёная цыбуля таннейшая — па 80 капеек.

Каментары

Цяпер чытаюць

Над шэрым кардыналам Нацбанка згусціліся хмары? Затрымалі яго сябра, былога выканаўчага дырэктара Банка развіцця7

Над шэрым кардыналам Нацбанка згусціліся хмары? Затрымалі яго сябра, былога выканаўчага дырэктара Банка развіцця

Усе навіны →
Усе навіны

Расіяне едуць у Беларусь на святы: браніраванне гатэляў падскочыла10

Першая краіна свету забараняе сацсеткі для дзяцей ва ўзросце да 16 гадоў. Як гэта будзе працаваць6

Вызвалілі палітзняволеную маці чатырох дзяцей. Яе мужу прысудзілі 24 гады калоніі3

Шары з кантрабандай з Беларусі даляцелі да Латвіі7

«Яго не існуе». У адміністрацыі Трампа пацвердзілі спыненне працы DOGE, якім кіраваў Маск2

Кіраўніца місіі дэмсіл: За Украіну загінула каля ста беларускіх добраахвотнікаў22

Літоўскія фуры праз мяжу ўсё яшчэ не едуць3

Грошы ў Беларусь вязуць фурамі. Як дальнабоі і не толькі напаўняюць краіну валютай18

Крупко расказаў пра планы па будаўніцтве дняпроўскіх каналаў, колькі гэта будзе каштаваць і ў чым галоўная праблема9

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Над шэрым кардыналам Нацбанка згусціліся хмары? Затрымалі яго сябра, былога выканаўчага дырэктара Банка развіцця7

Над шэрым кардыналам Нацбанка згусціліся хмары? Затрымалі яго сябра, былога выканаўчага дырэктара Банка развіцця

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць