Памёр Джэйк Ларсан, 102-гадовы ветэран Другой сусветнай і зорка TikTok
У ЗША на 103-м годзе жыцця памёр ветэран Другой сусветнай вайны, удзельнік высадкі саюзнікаў у Нармандыі і зорка сацыяльных сетак Джэйк Ларсан, вядомы ў інтэрнэце як «Тата Джэйк», піша Бі-бі-сі.

Пра яго смерць паведаміла яго ўнучка Мікаэла Ларсан, напісаўшы ў TikTok, што яе дзядуля «памёр мірна і нават жартаваў да самага канца».
«Я так удзячная, што вам пашчасціла пазнаёміцца з маім Татам Джэйкам. Вы для яго вельмі шмат значылі», — напісала яна ў TikTok, звяртаючыся да шматлікіх падпісчыкаў Джэйка Ларсана.
У 90 з лішнім гадоў ён завёў акаўнт у TikTok, які назваў «Гісторыі Таты Джэйка» (Storytime with Papa Jake). У ім ён расказваў гісторыі пра сваё вайсковае мінулае і хутка сабраў 1,2 мільёна падпісчыкаў.
Свой блог ён прысвяціў сваім загінулым таварышам. Унучка абяцае працягнуць справу дзядулі.
«Калі прыйдзе час, я працягну дзяліцца гісторыямі Таты Джэйка і захоўваць памяць пра яго. Мы цэнім усе добрыя словы і публікацыі. Як сказаў бы ён: я люблю вас усіх бязмерна», — напісала яна.
За тры тыдні да смерці Ларсан падзяліў прэмію «Эмі» з вядомай амерыканскай журналісткай Крысціянай Аманпур за інтэрв’ю, прысвечанае 80-годдзю Дня «Д» (дня высадкі ў Нармандыі), які адзначаўся летась.
«Якія сумныя навіны. Такіх людзей, як Джэйк Ларсан, больш не робяць. Ахвяры, якія ён прынёс разам з сваімі братамі па зброі ў Другой сусветнай вайне, і радасць, якую ён пранёс праз усё сваё доўгае жыццё, служаць прыкладам для ўсіх нас. Спачывай з мірам», — напісала Аманпур у X.
Герой вайны
Джэйк Ларсан нарадзіўся 20 снежня 1922 года ў Оўатане, штат Мінесота. У 1938 годзе паступіў на службу ў Нацыянальную гвардыю, зманіўшы пра свой узрост, бо на той момант яму было ўсяго 15 гадоў.
У 1942 годзе яго ў складзе амерыканскіх войскаў накіравалі служыць за мяжу, у Паўночную Ірландыю. Там, у свае няпоўныя 20 гадоў, ён стаў сяржантам аператыўнага аддзела, які займаўся планаваннем высадкі саюзных войскаў у Нармандыі — на поўначы Францыі, акупаванай нацыстамі.
Высадка адбылася 6 чэрвеня 1944 года. У ёй удзельнічалі каля 160 тысяч салдат.
Саюзнікі (брытанцы, амерыканцы, канадцы, ірландцы і іншыя) панеслі вялікія страты, але значна наблізілі заканчэнне Другой сусветнай вайны.
Пра сваіх таварышаў па зброі — загінулых і тых, што выжылі — і расказваў у TikTok Тата Джэйк.
У апошнія гады, нягледзячы на свой сталы ўзрост, ён некалькі разоў наведваў Нармандыю, каб адзначыць Дзень «Д». Сам Ларсан здолеў выжыць пад шквальным кулямётным агнём на пляжы Амаха і замацавацца на пазіцыях на абрывах над узбярэжнай лініяй, якая была ўтыканая нямецкімі агнявымі пунктамі.
За свае дзеянні падчас высадкі ён быў узнагароджаны Бронзавай зоркай Арміі ЗША і ордэнам Ганаровага легіёна Францыі.
«Не думаю, што я быў героем. Я быў такім жа, як усе. Нас там шмат было», — сказаў ён у інтэрв’ю Крысціяне Аманпур для CNN у чэрвені 2024 года.
Раней, у 2019 годзе, у інтэрв’ю New York Times ён расказаў, што апынуўся адзіным выжыўшым з байцоў сваёй роты.
«Я ніколі не думаў, што буду жывы праз 75 гадоў. Я самы шчаслівы чалавек у свеце», — казаў ён тады.
Пашана Ларсану аддаецца ва ўсім свеце. Ваенны музей «Аверлорд» у Нармандыі напісаў:
«Джэйк быў больш, чым проста салдат — ён быў выбітным сведкам гісторыі і захавальнікам памяці».
Ідэя публікаваць свае ўспаміны ў сацсетках прыйшла да яго пасля таго, як унучка аднойчы даслала яму спасылку на TikTok.
«Я нават не ведаў, што гэта такое», — казаў Джэйк Ларсан.
Ён пачаў дзяліцца не проста гісторыямі пра вайну, а вельмі асабістымі ўспамінамі пра тыя падзеі і пра сваіх загінулых таварышаў, чым і прыцягнуў вялікую і даволі маладую аўдыторыю.
«Тата Джэйк быў цудоўным апавядальнікам анлайн і жывы прамоўца ў жыцці. Ён імгненна зачароўваў незнаёмцаў сваёй усмешкай і шчодрымі абдымкамі», — так тлумачаць поспех 100-гадовага чалавека ў сацсетках тыя, хто яго ведаў.
У сваіх пастах і інтэрв’ю Ларсан спалучаў змрочныя гісторыі пра жахі вайны з гумарыстычнымі момантамі і анекдотамі.
Ён часта называў сябе «самым шчаслівым чалавекам на свеце» і шчыра захапляўся той увагай, якую яму аказвалі.
«Я проста вясковы хлопец з Мінесоты. А цяпер я — зорка TikTok. Я — легенда! Я гэтага не планаваў, яно само атрымалася», — сказаў Джэйк Ларсан агенцтву Associated Press у 2023 годзе.
Пасля весткі пра смерць Джэйка тысячы карыстальнікаў у ЗША і Еўропе пакінулі пад яго акаўнтам словы спачування і ўдзячнасці.
Каментары