У Эстоніі арыштаваны Алег Маісееў, кажуць яго знаёмыя. Гэта былы кіроўца Ціханоўскай, які з часам стаў яе зацятым крытыкам
Яшчэ ў 2020 годзе Алег Маісееў ездзіў разам са Святланай Ціханоўскай і быў яе даверанай асобай. Пазней ён абвінавачваў яе атачэнне ў прысваенні дэмакратычнага лідарства і зблізіўся з апанентамі Офіса. Маісееў удзельнічаў у эфірах з Валерыем Цапкалам і Дзмітрыем Балкунцом і падтрымліваў кола, блізкае да тэлеграм-канала «Штаб Аношка», які займаецца дыскрэдытацыяй апазіцыйных дзеячаў.

Алег Маісееў, па словах яго сяброў, знаходзіцца ў эстонскім СІЗА. Пракуратура абвінавачвае яго ў адмыванні больш як 861 тысячы еўра праз аперацыі з наяўнымі і крыптавалютай. Беларусу пагражае да 2 да 10 гадоў турмы.
Імя абвінавачанага эстонская пракуратура не раскрывала. Але, паводле словаў сяброў Маісеева, з якімі паразмаўляла «Наша Ніва» гаворка пра яго.
Больш за 861 тысячу еўра за тры месяцы
Беларуса арыштавалі ў Эстоніі 13 чэрвеня 2026 года. Цяпер справа перададзеная ў суд.
Як мяркуецца, Маісееў уваходзіў у групу, якая абменьвала наяўныя грошы на крыптавалюту і назад. За тры месяцы праз яго, паводле абвінавачання, прайшло больш за 861 тысячу еўра.
Кліенты і кур’еры не ведалі сапраўдных імёнаў адзін аднаго. Каб пазнаць патрэбнага чалавека падчас сустрэчы, яны карысталіся своеасаблівым паролем: загадзя дасылалі ў зашыфраваным месенджары нумар банкноты, якую потым паказвалі пры перадачы грошай.
Алег Маісееў, як сцвярджае пракуратура, не абмяжоўваўся роляй кур’ера. Ён дамаўляўся з кліентамі пра час і месца сустрэч, сам прымаў і перадаваў наяўныя, а таксама накіроўваў іншых кур’ераў.
Быў не проста кіроўцам Ціханоўскай
У палітыку прадпрымальнік Алег Маісееў прыйшоў у 2020 годзе. Ён далучыўся да каманды Святланы Ціханоўскай, стаў яе даверанай асобай і падчас кампаніі выконваў абавязкі асабістага кіроўцы.

А праз два гады ён стаў зацятым крытыкам Святланы Ціханоўскай і яе атачэння.
У 2022 годзе Маісееў з’явіўся ў стрыме Валерыя Цапкалы разам з палітолагам Дзмітрыем Балкунцом і спявачкай Анжалікай Агурбаш. Падчас эфіру Святлану Ціханоўскую называлі «самазванкай». Каманду дэмакратычнай лідаркі абвінавачвалі ў тым, што яна нібыта прысвоіла сабе прадстаўніцтва беларусаў і выкарыстоўвае рэпрэсіі для атрымання заходніх грошай.
Алег Маісееў далучыўся да асяроддзя Форуму дэмакратычных сіл, створанага Валерыем Цапкалам, Дзмітрыем Балкунцом і Вольгай Карач. Арганізатары называлі Форум адкрытай пляцоўкай для дыялогу. На практыцы ён стаў месцам збору часткі палітыкаў і актывістаў, якія спрабавалі адабраць у Ціханоўскай статус лідаркі.

Зарабляў на будоўлі
У Літве Маісееў атрымаў палітычны прытулак. Прапаганда смяялася, што пасля разыходжання з камандай Ціханоўскай ён быў вымушаны працаваць у Вільні сантэхнікам.
Пасля працаваў у будаўнічым бізнэсе, браў аб’екты ў Вільні і Вісагінасе. Апроч таго, Маісееў з'яўляецца заснавальнікам кампаніі па продажу мэблі.
Жонка — удзельніца «Штаба Аношка»
Жонка Маісеева — Марына Касмач — у 2020 годзе таксама была звязаная з камандай аб'яднанага штаба апазіцыі, а пасля выезду з Беларусі апынулася ў коле людзей, якія стварылі тэлеграм-канал «Штаб Аношка».

На сувязь са «Штабам Аношка» ўказвае лічбавы след, які Марына Касмач выпадкова пакінула ў канале: пад апублікаванай ад імя «Штаба» спасылкай на пост Сяргея Ціханоўскана Тэлеграм паказаў фэйсбук-профіль Марыны і пазнаку «Марына падзялілася гэтым з вамі». Такія карткі фэйсбук генеруе аўтаматычна і прывязвае да чалавека, ад імя якога была перададзеная спасылка.

Што да «Штабу Аношка», ён з’явіўся ў канцы 2020 года. Яго ўдзельнікі публікавалі ўнутраныя перапіскі, фінансавыя дакументы і кампрамат на супрацоўнікаў Офіса Ціханоўскай, фонды BYSOL і BY_Help, розных прадстаўнікоў дэмакратычных структур.
Частка звестак была праўдзівай, частку падавалі з маніпулятыўнымі каментарамі. Былы ўдзельнік каманды Ілля Бягун, які пасля стаў лукашэнкаўскім прапагандыстам, а ўрэшце пайшоў ваяваць супраць Украіны, пазней заяўляў, што скрыншоты перараблялі: паведамленні маглі пераносіць з аднаго боку перапіскі на другі, каб схаваць крыніцу ўцечкі і пасеяць сумнеў. «Амаль усе скрыны — фэйкі», — казаў ён, удакладняючы, што сам змест пры гэтым мог быць рэальным.
Адметна, што пачынаючы з чэрвеня 2026 года — даты меркаванага арышту Алега Маісеева — тэлеграм-канал «Штаб Аношка» замаўчаў. За чатыры месяцы не з'явілася ніводнага новага выкрывальнага ці канспіралагічнага допісу. Канал ажыў толькі сёння, пасля таго, як «Еўрарадыё» са спасылкай на свае крыніцы паведаміла пра арышт Маісеева.
Каментары