Моды1111

Не насіце гэтых гадзіннікаў з касцюмам! Правілы выбару мужчынскіх гадзіннікаў 

Прытрымліваючыся сабраных тут парадаў, вы зможаце выбіраць мадэлі, што падкрэсліваюць статус, але пазбягаць пры гэтым безгустоўнасці і стылёвых памылак.

Гадзіннік Glashütte PanoMaticLunar. Ілюстрацыйнае фота: Uli Deck/dpa (Photo by Uli Deck/picture alliance via Getty Images

The Wall Street Journal сабраў асноўныя правілы добрага тону, якія датычаць гадзіннікаў. Яны дапамогуць вам разабрацца, што глядзіцца крута, што падкрэслівае статус, а што проста ўспрымаецца як пыха. А чаго проста нельга насіць з касцюмам.

1. Калі апранаеце касцюм, выбірайце стрыманы гадзіннік

Тонкі, сціплы класічны гадзіннік — найлепшы спадарожнік для касцюма. У цэнтры ўвагі павінна быць тканіна, а ўсё астатняе — «фонавы суправаджальны гук», кажа Дэніэл Грынвуд (Daniel Greenwood), 39 гадоў, дырэктар рознічнага аддзела ў ЗША брэнда мужчынскай моды The Armoury.

Джастын Хаст (Justin Hast), 36 гадоў, лонданскі журналіст і сузаснавальнік London Watch Week, называе Lange 1 ад A. Lange & Söhne (ад $47,000) выбарам знаўцаў: «Ён нібы шэптам падкрэслівае свой клас».

Ён таксама хвалiць падушкападобны American 1921 ад Vacheron Constantin (ад $35,100) і прамавугольны Reverso Tribute ад Jaeger-LeCoultre (ад $8,900). (Калі трэба не такая дарагая прамавугольная перлiна — паспрабуйце DolceVita ад Longines за $1,850.)

Спалучэнне класічнага гадзінніка з касцюмам дэманструе веданне гісторыі гадзіннікавай справы.

Грувасткія дайверы (прызначаныя для падводнага выкарыстання) і спартыўныя хранографы (з функцыяй секундамера) першапачаткова былі распрацаваныя для актыўнага адпачынку, а не пад гарнітур. Таму, скажам, калі набліжаны да Аляксандра Лукашэнкі Дзмітрый Баскаў носіць пад чорны касцюм Skeleton Chronograph з жоўтага золата ад швейцарскага брэнда ChronoSwiss Opus, гэта выглядае дэманстратыўна. Але цалкам у стылі гэтага чалавека.

Дзмітрый Баскаў насіў з касцюмам Skeleton Chronograph з жоўтага золата ад элітнага швейцарскага брэнда ChronoSwiss Opus. Фота: Федэрацыя хакея Рэспублікі Беларусь

«Калі я ў касцюме, я не надзяваю свайго Rolex-дайвера, — кажа Філіп Хуры (Philip Khoury), 36 гадоў, выканаўчы дырэктар турагенцтва ў Канэктыкуце і саўладальнік гадзіннікавага бізнесу, — Гэта выглядае як унутраная супярэчнасць. Вы ж не Джэймс Бонд, вы ж не скачаце ў акіян у смокінгу».

2. Пакіньце Apple Watch для ранішняй прабежкі

Ніхто не адмаўляе, што Apple Watch — гэта шматфункцыянальны тэхналагічны інструмент. Але ў спалучэнні з касцюмам ці піджаком ён выглядае абсалютна недарэчна.

«Гэта маленькі камп’ютар, а не гадзіннік», — мяркуе Грынвуд, назваўшы нашэнне яго з афіцыйным строем «вялікай памылкай». (Гэта датычыць фактычна ўсіх смарт-гадзіннікаў.)

Новы Apple Watch. Photo by Justin Sullivan/Getty Image

3. Не ганіцеся за памерам

Пасля таго як вялікія мадэлі дамінавалі на мужчынскім рынку большую частку 2010-х, апошнія пяць гадоў назіраецца тэндэнцыя да памяншэння. «Маленькія гадзіннікі становяцца ўсё больш моднымі. Я гэта бачу па тым, як моладзь купляе», — кажа Адам Віктар (Adam Victor), калекцыянер і прадавец вінтажных гадзіннікаў у Нью-Ёрку.

Гэта датычыць многіх паўсядзённых гадзіннікаў — але асабліва класічных. Сярод пераваг: маленькі гадзіннік лягчэй змяшчаецца пад абшыўкай кашулі.

Гэты гіганцкі гадзіннік дыктатару Венесуэлы Нікаласу Мадура падараваў футбаліст Дыега Марадона. Фота AP Photo/Ariana Cubillos

«Не трэба, каб усё збіралася ў камяк на руцэ з-за вялізнага гадзінніка», — кажа Віктар.

Якія памеры?

  • Для спартовых мадэляў шукайце дыяметр корпуса каля 41 мм і меншы.

  • Для класічных мадэляў Грынвуд аддае перавагу 36 мм і меншаму.

  • Хуры лічыць, што калі класічны гадзіннік перавышае 38 мм, яго прапорцыі пачынаюць выглядаць дзіўна, асабліва калі на цыферблаце толькі тры стрэлкі, бо «там занадта шмат пустой прасторы». З другога боку, ён не апускаецца ніжэй за 30 мм: «Ніжэй гэтага вы ўваходзіце на тэрыторыю жаночых гадзіннікаў. Многія мужчыны носяць жаночыя мадэлі, але для мяне гэта чырвоная лінія».

Patek Philippe Віктара Бабарыкі, прададзены з аўкцыёну пасля яго зняволення. Фота: e-auction.by

Не абапірайцеся толькі на памеры, падкрэсліў Хаст, бо гадзіннікі выглядаюць па-рознаму ў залежнасці ад памеру запясця. Важныя і іншыя фактары — напрыклад, даўжыня «вушак» корпуса.

«Вушкі не павінны выступаць за шырыню запясця», — сказаў Хаст. «Калі сумняваецеся, бярыце меншае».

Яшчэ адна яго «балючая тэма» — гэта свабодныя раменьчыкі. «Я не люблю, калі гадзіннік апускаецца ніжэй косткі запясця, калі ён упіраецца ў верхнюю частку далоні. Гэта мяне жудасна раздражняе».

Юрый Гурскі, стваральнік кампаніі Flo. Скрыншот з відэа

4. Не на працы выбірайце практычнасць

Калі вы не ў касцюме ці пінжаку, аддайце перавагу больш спартыўным мадэлям і «інструментальным» гадзіннікам — GMT, дайверам, хранографам, якія больш паўсядзённыя.

Хуры носіць іх «з джынсамі і пола, або з чынасамі і кашуляй на гузіках».

Калі ён апранае нешта нефармальнае, Грынвуд аддае перавагу свайму Omega Speedmaster — хранографу «без выкрутасаў» з чорным цыферблатам. Калі робіце нешта на адкрытым паветры, абярыце практычны гадзіннік. Дарагая, непрактычная мадэль — занадта вялікая ці далікатная — будзе выглядаць недарэчна.

«Гуляць у гольф у вялікім гадзінніку проста нязручна», — кажа Джастын Уокер (Justin Walker), 51 год, прадпрымальнік і калекцыянер гадзіннікаў з Дэнвера. «Вы робіце гэта дэманстратыўна, і ў такім выпадку вы занадта стараецеся».

Выберыце прывабную мадэль сярэдняга памеру.

Хаст, напрыклад, мае 38-мм гадзіннік у светла-зялёным колеры з неонавымі жоўтымі акцэнтамі ад Blok, лас-анджэлескага брэнда, які пачаў з дзіцячых мадэляў, але цяпер выпускае яркія дарослыя варыянты коштам меншым за $450. Ён можа насіць яго «у басейне на адпачынку ці едучы на ровары ў горад. Гэта выдатная нагода для размовы. Гэта весела».

Генерал Караеў насіў гадзіннік з лімітаванай калекцыі «Прамень». Фота: region.grodno.by

5. Не ігнаруйце раменьчыкаў

Хаст «цярпець не можа» раменьчыкі, якія большасць брэндаў прапануюць разам з гадзіннікамі. «Гэта як стары дзедаў раменьчык на цудоўным гадзінніку. Яны часта тоўстыя і невытанчаныя». Таму, калі ён купляе новы гадзіннік, амаль заўсёды адразу замяняе раменьчык.

Ён рэкамендуе японскую майстэрню Atelier Tamago, дзе робяць выдатныя замшавыя і з зерністай цялячай скуры раменьчыкі ад $130.

Гэта лёгка і нядорага можа змяніць настрой гадзінніка. Жоўтае золата з металічным бранзалетам можа выглядаць занадта пыхліва, адзначае Віктар — замяніце яго на скураны ці замшавы раменьчык, і вобраз стане больш стрыманым. Наадварот, каляровыя раменьчыкі могуць ажывіць ціхую мадэль.

Апошняе правіла: «Пазбягайце дайвераў на NATO-раменьчыках», — кажа Грынвуд, маючы на ўвазе трывалае нейлонавае мацаванне, першапачаткова распрацаванае для вайскоўцаў. «Гэта занадта відавочна».

Гадзіннікі «Луч» у гонар Уладзіміра Караткевіча

6. Хочаце максімум балаў ад знаўцаў — выбірайце нішавыя або ўжываныя мадэлі

Калі вы хочаце гадзіннік, які падкрэсліць ваш статус інсайдара і мае душу, купляйце або на другасным рынку, або ў невялікіх незалежных брэндаў.

Калі гэта старая мадэль, сказаў Віктар, «малаімаверна, што вы сустрэнеце чалавека з такім жа гадзіннікам».

Для яго суперстылёвы, але сціплы варыянт — гэта Rolex Day-Date у плаціне, 36 мм, з 1990-х або пачатку 2000-х. Іншы яго фаварыт — сталёвы Rolex Daytona з 1990-х гадоў і пазней. Кошт: ад $35,000 за першы і ад $17,000 да $30,000 за другі.

Новыя гадзіннікі некаторых малых брэндаў таксама дадаюць прэстыжу.

«Сёння сапраўды цікавыя рэчы ствараюць гэтыя майстры, імёны якіх стаяць на цыферблаце», — упэўнены Хаст.

Аўтарскія гадзіннікі F.P.Journe, Simon Brette і Sylvain Berneron вырабляюцца тысячамі ці нават сотнямі штук у год. Яны каштуюць дзясяткі тысяч долараў як мінімум.

Найбольш жаданыя мадэлі? Вытанчана аздобленыя творы братоў Рэкшэпа і Джэвдэта Рэкшэпі, што жывуць у Швейцарыі. «Гэта як нешта з разраду «недасяжнага», — кажа Хуры. «Іх практычна немагчыма дастаць».

7. Ведайце сваю аўдыторыю

Аднак, колькі людзей у вашым коле пазнае Xhevdet Rexhepi? Як адзначыў Уокер: «Вы не дэманструеце ніякага статусу, калі ніхто не ведае, што гэта. У вас можа быць $300,000 на руках у выглядзе незалежнага гадзінніка, але сусед падумае, што ён не лепшы за той, што вы купілі ў Target».

Вядома, можна насіць дарагі гадзіннік проста для сябе, але калі вы хочаце паказаць статус, а побач няма аматараў гадзіннікаў, магчыма, варта прапусціць нішавыя брэнды.

Заўсёды ўлічвайце сітуацыю. Пэўныя пазнавальныя, вельмі дарагія мадэлі могуць падаць няправільны сігнал. Звальняеце людзей? А ў саміх на руцэ гіганцкі Richard Mille за $350,000?

Як сказаў Уокер, які валодае «шасцізначным» Patek Philippe:

«Для дзелавой сустрэчы — ці хачу, каб мяне запомнілі як «таго чалавека, у якога гадзіннік за $100,000?» Напэўна, не».

Ён пакідае яго для асаблівых выпадкаў. На сустрэчы ён надзявае Rolex у дыяпазоне $10,000—$20,000 — напрыклад, стальны Submariner, Sky-Dweller або Cosmograph Daytona. Усе тры «паказваюць, што вы паспяховы і дастаткова разумеецеся ў гадзінніках, але пры гэтым не стараецеся засланіць сабой усіх у пакоі».

Прытрымліваючыся гэтых парадаў, вы зможаце выбіраць мадэлі, што падкрэсліваюць статус, і пазбягаць стылёвых памылак.

Каментары11

  • 1
    14.09.2025
    Замест таго, каб плацiць дзесяткi тысяч даляраў фірмам за назву і маркетынг, можна купіць сабе нешта сапраўды прыгожае, стылевае і недарагое ў мікрабрэнда. Варыянтаў да 300 даляраў навалам, і даўно ясна, колькі насамрэч у вытворчасці каштуюць швейцарцы, што даўно замаўляюць дэталі з Кітаю. І не варта забывацца на тое, што кварцавы механізм за 5 даляраў дакладнейшы за любы з маханічных, нават самы дарагі.

    Як па мне, я б лепш ахвяраваў гэтыя грошы тым, каму яны патрэбней, чым тросся над гадзіннікам, які баяўся б надзець, каб мяне не абрабавалі ці якім баяўся б зачапіцца за дзверы.
  • Filipp
    14.09.2025
    Вельмі карысны артыкул для чытачоў НН)
  • ЯНКА
    14.09.2025
    .
    • ДЗІВÍЦЦА НА МАДУРУ (І МАДУРНЯ)? •

    ☝️ Калі прадаўцы шмацьця альбо каструбістага слова з насур'ёзьненнымі тварамі разважаюць пра гадзіньнікі, іх, вядома, можна паслухаць. Так, дзеля прышпілу. Але за ведамі, як і з чым «есьці» й насіць тыя машынкі часу, лепш зьвярнуцца да знаўцаў «гаралягы́рра».

    🤔 Вось мяне, да прыкладу, зьбянтэжыў сказ: «Ён таксама хвалiць ... прамавугольны Reverso Tribute ад Jaeger-LeCoultre (ад $8,900). (Калі трэба не такая дарагая прамавугольная перлiна — паспрабуйце DolceVita ад Longines за $1,850.)». А чаму гэны ён ці гэтыя яны не прапануюць тады «Жэжэ-ЛёКультар Рэвэрса» (дарэчы, які любіў Гітлер), але толькі «Клясык»? Па лёгіцы, ён жа таньнейшы за «Трыбута».

    ⌚ Ці што значыць: «а ў саміх на руцэ гіганцкі Richard Mille за $350,000»? За 350 гэта рэпліка, бо ў Беларусі тысячы, пазначаныя трыма нулямі, коскаю не аддзяляюцца! Плюс гіганцкі для каго? Для маральных ліліпутаў? Калі нават наварочаны «Турбіён Сапфір» ад Рышара Міля коштам у 2 мільёны даляраў ну ніяк не падаецца завялікім.

    📟 А тыя прастакутавыя «Эплявочы» й іхнія смарты сабраты, начэпленыя на розныя, аж да разьбегу зроку, бранзалеты, мусяць падыйсьці ня толькі для заняткаў спортам альбо сьпіртам. А й як адметны аксэсуар для ўрачыстых падзеяў. Бо са скуранаю дзяжкаю яны няблага пасуюць «деловому костюму» (па-наску, справаваму строю) з запінкамі й гальштукам. Ці «Эплы» тунінгуюць каштоўнымі каменьчыкамі й укладаюць у залатыя карпусы адно дзеля пабегаць, паскакаць?!

    🪩 І тутака якраз да тэмы ўзгадалася, як гэты сайт віртуальна — скажу болей, віртуозна! — начапіў на ручку юнага А́дама Кадырава гадзіньнік, увага, за 27 мільёнішчаў даляраў. Яшчэ й прыпісаў аўтарства тае прылады выбітнаму сыну ўзбэкскага народа Якаву Арабаву. І яно пры тым, што сам Арабаў прэзэнтаваў падобнае дыямэнтавае шчасьце таньней у разы чатыры.

    💎 Ды толькі што паробіш, калі замест дыямэнтаў ізноў лятуць плясмасамыя стразы...
    .

Да «Дня народнага адзінства» памілавалі 25 чалавек4

Да «Дня народнага адзінства» памілавалі 25 чалавек

Усе навіны →
Усе навіны

Расійская турыстка стала паводзіць сябе як трохгадовае дзіця: яна курыць расчоску і п'е ласьён4

Ала Пугачова высока адазвалася пра Джахара Дудаева. Кадыраў бушуе18

Дастаўка ежы Rebox.by часова спыніла дзейнасць

Топавую юрыстку з Мінска асудзілі па «народным» 342-м артыкуле6

ДТЗ на Міншчыне: восем чалавек шпіталізаваныя

Генконсульства Іспаніі ў Маскве аднавіла прыём заяў на візы

Археолагі знайшлі ў Смаленску княжацкі хорам XII стагоддзя. Такія ж знаходзілі ў Полацку і Гродне1

Адна з лідарак апазіцыі Грузіі затрыманая за надпіс «Расійская мара» на перадвыбарчым банеры кіроўнай партыі1

Ізраіль пачаў наступ на горад Газа

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Да «Дня народнага адзінства» памілавалі 25 чалавек4

Да «Дня народнага адзінства» памілавалі 25 чалавек

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць