У былога палітвязня Канстанціна Залатых знайшлі рак ныркі. Ён просіць дапамогі
У былога палітвязня і экс-дырэктара незалежнай газеты «Белорусы и рынок» Канстанціна Залатых знайшлі рак ныркі. Ён просіць фінансавай дапамогі, бо праз хваробу і пастаянныя медыцынскія абследаванні пакуль не можа самастойна забяспечваць сям’ю.

Канстанцін Залатых — медыяменеджар, які з 2011 года кіраваў мінскім карэспандэнцкім пунктам Еўрапейскага радыё для Беларусі, а з 2014 года таксама быў дырэктарам ЗАТ «Медыярынак», што выдавала газету «Белорусы и рынок».
18 мая 2022 года супрацоўнікі КДБ прыйшлі з вобшукам у рэдакцыю і да яго дадому, пасля чаго журналіста затрымалі. Яго абвінавацілі паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: за абразу прадстаўніка ўлады, абразу Лукашэнкі, распальванне варожасці і службовы падлог. Сам Залатых лічыць справу сфабрыкаванай і палітычна матываванай, звязанай з яго прафесійнай дзейнасцю.
Больш за год ён правёў у СІЗА на вуліцы Валадарскага, а пасля прысуду яго накіравалі ў Наваполацкую калонію. Агулам 65 сутак Залатых утрымлівалі ў штрафным ізалятары, дзе, паводле яго слоў, ён падвяргаўся катаванням холадам. Атрымаць неабходную кваліфікаваную медыцынскую дапамогу ў зняволенні было амаль немагчыма.
Ён цалкам адбыў чатырохгадовы тэрмін і выйшаў на волю 23 кастрычніка 2025 года. Аднак заставаўся ў спісах «тэрарыстаў» і «экстрэмістаў» КДБ і МУС, што, паводле яго слоў, пазбаўляла яго асноўных грамадзянскіх правоў і стварала пагрозу новага пераследу.
Пасля арышту сям’я Залатых выехала з Беларусі. Вызваліўшыся, ён таксама быў вымушаны пакінуць краіну і ўз’яднаўся з роднымі ў Польшчы. Там падчас медыцынскага агляду ў яго выявілі некалькі захворванняў, у тым ліку рак ныркі.
У верасні 2026 года ўрачы планавалі правесці складаную аперацыю, якая дазволіла б захаваць нырку, але адмовіліся ад яе перад самым пачаткам. Пухліна размешчаная ўнутры органа, таму рызыка яго страты была занадта высокай.
5 кастрычніка Залатых зноў шпіталізавалі для біяпсіі і дадатковых абследаванняў. Аднак працэдуру не ўдалося правесці і гэтым разам: пухліна знаходзіцца занадта блізка да артэрый. Цяпер яго накіравалі ў спецыялізаваную клініку ва Уроцлаве, дзе пасля новых абследаванняў дактары павінны вызначыць далейшую тактыку лячэння.
Акрамя анкалагічнага захворвання, у былога палітвязня ёсць праблемы з сэрцам, а пашкоджанні сасудаў ног патрабуюць аперацыі. Медыцынскія працэдуры і неабходныя лекі ў Польшчы яму даюць бясплатна, таму збор грошай прызначаны не на лячэнне, а на штодзённыя патрэбы сям’і.
Праз хваробу, шпіталізацыі і пастаянныя абследаванні Залатых цяпер не можа паўнавартасна працаваць. Пасля зняволення і вымушанага пераезду ў сям’і амаль не засталося сродкаў, а трэба плаціць за жыллё, купляць прадукты і аплачваць іншыя неабходныя выдаткі.
«Прызнаюся, прасіць аб дапамозе вельмі цяжка. Я звычайна самастойна клапачуся пра сваіх блізкіх. Мая сям’я ўжо перажыла гады разлукі, страх і нявызначанасць. Цяпер, калі мы нарэшце зноў разам, я больш за ўсё хачу, каб хвароба не пазбавіла нас яшчэ і даху над галавой. Спадзяюся, што пасля завяршэння абследаванняў і лячэння зноў змагу самастойна забяспечваць сям’ю. Але цяпер нам патрэбная падтрымка, каб перажыць бліжэйшыя некалькі месяцаў», — піша Канстанцін Залатых.
Сабраць трэба 4500 еўра.
З іх 3000 еўра плануюць выдаткаваць на арэнду жылля і камунальныя плацяжы на тры месяцы, 900 еўра — на паездкі ва Уроцлаў для дыягностыкі і аперацыі, яшчэ 600 еўра — на прадукты, неабходныя побытавыя рэчы і іншыя сямейныя выдаткі на працягу трох месяцаў.
Падтрымаць Канстанціна Залатых можна па пратформе «Байсол» па спасылцы.
Як выглядае пасля вызвалення палітвязень, медыяменеджар Канстанцін Залатых ФОТА
«Байсол» расказаў, як фонд падманулі: невядомыя прыдумалі рак сапраўднай жанчыне і даслалі фэйкавыя дакументы
«Як я без цябе?» Зміцер Дашкевіч напісаў дзве кнігі пра перажытае і перадуманае ў калоніі. Абвешчаны збор грошай на выданне
Каментары