Суд над Марын Лё Пэн сёння вырашае, ці зможа яна ўдзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах у Францыі ў наступным годзе
Лідарка французскіх ультраправых Марын Лё Пэн у аўторак паўстане перад судом, каб аспрэчыць абвінавачанне ў прысваенні сродкаў. Ад выніку гэтага працэсу залежыць, ці зможа яна прыняць удзел у прэзідэнцкіх выбарах у наступным годзе, дзе яна лічылася адной з найбольш верагодных прэтэндэнтак на перамогу, піша Бі-бі-сі.

У сакавіку французскі суд забараніў Лё Пэн займаць дзяржаўныя пасады на працягу пяці гадоў пасля таго, як яна і яшчэ восем былых дэпутатаў «Нацыянальнага аб’яднання» былі прызнаныя вінаватымі ў прысваенні больш як чатырох мільёнаў еўра з фондаў ЕС.
Паводле рашэння суда, з 2004 па 2016 год Лё Пэн і яе паплечнікі выкарыстоўвалі сродкі, выдзеленыя на працу ў Еўрапейскім парламенце, для аплаты працы супрацоўнікаў, якія насамрэч працавалі на партыю.
Лё Пэн заявіла, што спосаб выкарыстання грошай быў законным. «Мая адзіная лінія абароны ў апеляцыйным працэсе будзе такой жа, як і ў першым: гаварыць праўду», — заявіла Лё Пэн журналістам у панядзелак.
«Справу перагледзяць, і судзіць яе будуць новыя суддзі, — дадала яна. — Я спадзяюся пераканаць іх у сваёй невінаватасці».
Лё Пэн, якая тройчы ўдзельнічала ў прэзідэнцкіх выбарах, таксама была прысуджаная да чатырох гадоў пазбаўлення волі, з якіх два гады — умоўна, а таксама да штрафу 100 тысяч еўра. У адрозненне ад рашэння аб забароне, гэтыя пакаранні не ўступілі ў сілу, бо яна падала апеляцыю.
Палітык заўсёды сцвярджала, што невінаватая, і абскарджвае прысуд у надзеі атрымаць магчымасць чацвёртым разам балатавацца на пасаду прэзідэнта. Апеляцыю разам з Лё Пэн падалі 12 фігурантаў справы, у тым ліку намеснік лідара «Нацыянальнага аб’яднання» Луi Аліё, а таксама сама партыя.
Яшчэ 12 чалавек, у тым ліку адна з сясцёр Лё Пэн, вырашылі не абскарджваць прысуд, а адзін з асуджаных з таго часу памёр.
Слуханні пачынаюцца ў аўторак і павінны завяршыцца 12 лютага.
Адвакаты Марын Лё Пэн — Радольф Баселю і Сандра Шырак Каларык — адмовіліся даваць каментары перад пачаткам слуханняў.
Адвакат Еўрапейскага парламента Патрык Мезанёў выказаў надзею, што прысуд Лё Пэн і яе саўдзельнікам будзе пакінуты ў сіле, уключаючы выплату больш як 3 мільёнаў еўра ў якасці кампенсацыі шкоды Еўрапейскаму парламенту. «Нацыянальнае аб’яднанне» таксама павінна выплаціць штраф у 2 мільёны еўра, з якіх палова была ўмоўна адтэрмінаваная.
Рашэнне па справе чакаецца да лета, што азначае: калі пяцігадовая забарона на ўдзел у выбарах будзе адмененая або істотна скарочаная, у Лё Пэн застануцца шанцы ўдзельнічаць у выбарах 2027 года.
Калі ж суд пакіне ў сіле сваё першапачатковае рашэнне, Лё Пэн будзе забаронена ўдзельнічаць у выбарах 2027 года, якія многія лічаць яе найлепшым і, магчыма, апошнім шанцам стаць прэзідэнткай Францыі.
Цяпер чытаюць
«Беларусь яны бачаць часткай Расіі». Што значыць уздым «Альтэрнатывы для Германіі», наколькі далёка гэта можа зайсці і як сябе пазіцыянаваць беларусам
«Беларусь яны бачаць часткай Расіі». Што значыць уздым «Альтэрнатывы для Германіі», наколькі далёка гэта можа зайсці і як сябе пазіцыянаваць беларусам
«У сына на тэлефоне былі налепленыя сцяг і герб Расіі. З гэтага ўсё пачалося». Бацька школьніка з Баранавіч расказаў, як яго сына цкавалі аднакласнікі
Каментары