Небарака з Ляхавічаў знік «на СВА» ўжо на трэці дзень, а ў барацьбе за грабавыя счапіліся сястра, сужыцелька і жонка — з чатырма дзецьмі, але чужымі
36‑гадовы Мікалай Анціпаў з Ляхавіч ствараў асабістае шчасце з расіянкамі.

36‑гадовы Мікалай Анціпаў з Ляхавіч наняўся ваяваць за Пуціна ў в/ч 12322, у танкавае падраздзяленне. Кантракт падпісаў у Разані, пасля кароткай вучэбкі ў Варонежы — на фронт.
Дакладна невядома нават, які пазыўны ён выбраў: ці то «Анціп», ці то «Страла». На сваё першае баявое заданне пайшоў 29 жніўня 2026 года, а ўжо 1 верасня ў роднай часці яго прызналі зніклым без звестак.
Гэтая звычайная гісторыя незвычайная тым, што ў барацьбе за грабавыя сышліся адразу тры жанчыны. Родная сястра Анціпава — Таццяна, а таксама жонка-расіянка і сужыцелька-расіянка.
Падрабязнасці гісторыі вядомыя ад Таццяны. Яна шукае падтрымкі і алгарытмаў дзеянняў у профільных чатах для сваякоў загінулых. Кажа, што яе брат хоць па дакументах і жанаты, але з жонкай не жыве ўжо больш за чатыры гады. Чаму?
«Яны пазнаёміліся, калі ў яе ўжо было двое дзяцей, ужо і ў СОПе (сацыяльна небяспечным становішчы — НН) была, а Коля на яе недахопы ён не звяртаў увагі.
Потым яны распісаліся, праз год нарадзілася дачка, але пасля тэсту ДНК аказалася, што мой брат не бацька.
А ў красавіку 2022‑га гэтая жонка кінула Колю і паехала жыць у іншы населены пункт і стала пражываць з іх супольным кумам, ад якога нарадзіла чацвёртае дзіцё, але брат запісаў яго на сябе!» — сцвярджае Таццяна.
Праўда, са слоў беларускі, праз паўгода тую расіянку пазбавілі бацькоўскіх правоў за амаральныя паводзіны, а ўсіх дзяцей адправілі ў дзіцячы дом.
«Брат з ёй не хацеў камунікаваць, бачыць не хацеў, яму ўсе навокал казалі, што трэба развесціся — яна сужыцельствавала з іншымі мужчынамі!» — піша сястра і дадае, што, на жаль, гэтага не ўдалося зрабіць, бо ў Мікалая, па яе словах, не было грошай на развод.
Паралельна Анціпаў знюхаўся з іншай жанчынай.
«І сёлета, у маі, паехаў да яе ў Разань у госці і застаўся жыць з ёй. А праз тры тыдні падпісаў кантракт на «СВА», — піша Таццяна.
Нібыта брату абяцалі, што будзе проста зваршчыкам, а ў рэальнасці далі аўтамат і адправілі ў адзін канец.
«І вось, з 1 верасня ён зніклы без звестак. Гэтая жанчына з Разані яго любіць і чакае. А вось жонка, даведаўшыся, што Коля знік на «СВА», у адкрытую ўсім кажа, што чакае выплаты. Ён ёй не патрэбны! Яна чакае выплаты! А сужыцельніцы нічога не належыць!», — рве душу Таццяна ў профільных чатах. Яна разлічвае атрымаць грабавыя сама, а потым падзяліцца з «сапраўдным» братавым каханнем.
Па яе словах, пытанне аб тым, каб нарэшце развесціся, прыйшло брату ў галаву толькі непасрэдна перад баявым выхадам. Нічога зрабіць ён не паспеў.
Спрабуючы ўрэгуляваць сітуацыю, сястра пайшла збіраць доказы па вёсках. У той вёсцы, дзе Мікалай жыў са сваёй новай жанчынай, яна сабрала подпісы аб тым, што ўсё так і было.
А ў тую, дзе жыве пазбаўленая бацькоўскіх правоў алкагалічка, Таццяна паехала збіраць подпісы пад сведчаннем, што тая жыла не з братам, а з іншымі мужчынамі. Але выйшаў аблом — стараста вёскі напісаў на алкагалічку пазітыўную характарыстыку.
Як лічыць сястра — у надзеі, што алкагалічка падзеліцца з ім грабавымі, калі ўсё ж іх атрымае. А тая, нібыта, у адкрытую глуміцца з сапраўднай сваячкі, падкрэсліваючы што як бы там ні было, але яна — законная жонка ляхавіцкага небаракі.
Беларуска збіраецца скардзіцца ў пракуратуру.
-
Ён адкрыта называў расійскіх вайскоўцаў акупантамі, а расійскую ўладу — фашысцкай. За краты кінулі супрацоўніка МТБанка
-
Рэйтынг найлепшых гарадоў свету — 2026. На якім месцы Мінск?
-
Беларуска перакладала для прэзідэнта Эквадора, працавала сцюардэсай, а цяпер адкрыла ў Мексіцы сваю моўную школу «Руская з рускай»
Каментары