Былы памочнік Аляксандра Лукашэнкі па эканамічных пытаннях і экс-пасол Беларусі ў Кітаі Кірыл Руды стаў венчурным партнёрам амерыканскай інвестыцыйнай кампаніі BlueLake Ventures. Пра новае месца працы ён паведаміў у сацыяльных сетках, заўважыла «Люстэрка».

Руды напісаў, што разлічвае ўнесці свой уклад у працу фонду, які спецыялізуецца на тэхналогіях глыбокага ўзроўню. Паводле яго слоў, новая пасада дазволіць яму аб’яднаць тры асноўныя кірункі яго прафесійнага досведу — фінансы, геатэхналогіі і стратэгічнае бачанне. Ён плануе супрацоўнічаць з заснавальнікамі стартапаў і інвестарамі.
На сайце BlueLake Ventures адзначаецца, што Руды будзе займацца міжнароднай стратэгіяй, трансгранічным партнёрствам і дапамогай тэхналагічным кампаніям у выхадзе на сусветныя рынкі. У кампаніі таксама адзначаецца, што да гэтага ён займаў кіраўнічыя пасады ў дыпламатычнай, дзяржаўнай і тэхналагічнай сферах, а ўсяго больш за 25 гадоў працаваў у міжнародным бізнэсе, фінансах, тэхналогіях і акадэмічным асяроддзі.
BlueLake Ventures была заснаваная ў 2022 годзе. Яе штаб-кватэра знаходзіцца ў амерыканскім Ролі. Кампанія інвестуе ў стартапы на ранніх этапах развіцця і аказвае ім стратэгічную падтрымку. Асноўныя сферы яе інтарэсаў — вылічальная тэхніка, энергетыка, матэрыялазнаўства і біялогія, асабліва праекты, заснаваныя на навуковых і інжынерных распрацоўках.
Да пераходу ў BlueLake.vc Руды працаваў у ІТ-кампаніі Andersen Lab, якая мае беларускія карані. Там ён займаўся адносінамі кампаніі з дзяржаўнымі органамі розных краін. У сакавіку, на фоне баявых дзеянняў паміж ЗША, Ізраілем і Іранам, Руды пераехаў з Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў у ЗША.
Руды быў памочнікам Лукашэнкі па эканамічных пытаннях і паслом Беларусі ў Кітаі. У студзені 2020 года пасля 13 гадоў дзяржаўнай службы ён звольніўся і стаў незалежным дырэктарам finstore.by — крыптапраекта банка «БелВЭБ». Пазней ён увайшоў у раду дырэктараў бізнэс-платформы Eurasia Gulf з ААЭ і называў сябе намеснікам яе старшыні.
У Беларусі Руды таксама працаваў у кампаніях «Атлант-М», Andersen Lab, «Тэхніка і камунікацыі», якая, у прыватнасці, арганізуе выставу TIBO, а таксама ў «Астан Софт» з расійскімі каранямі. Акрамя таго, ён выкладаў у трох беларускіх універсітэтах — БДУ, БДЭУ і Міжнародным інстытуце менеджменту.
Пасярод іранскіх бамбёжак Дубая Кірыл Руды перабраўся з Эміратаў у ЗША: «Рады злучаць кантыненты! Не саромейцеся да мяне звяртацца»
Кірыл Руды расказаў, чым беларускія айцішнікі адрозніваюцца ад індыйскіх
Руды знайшоў плюсы ў санкцыях на калій
Былы пасол Беларусі ў Кітаі Кірыл Руды напісаў захапляльную кнігу пра гэтую краіну — і яе новую «эпоху Сі»
Каментары