У Гватэмале 15‑гадовая дзяўчынка апрытомнела ў труне падчас уласнага пахавання
Дзяўчынка правяла ў труне каля васьмі гадзін.

У Гватэмале 15‑гадовая Юлейдзі Ішкатаяк, якую сваякі лічылі памерлай, нечакана прыйшла ў прытомнасць падчас цырымоніі развітання. Дзяўчынка правяла ў труне каля васьмі гадзін, перш чым яе маці заўважыла, што дачка расплюшчыла вочы і пачала рухацца, паведамляе Bild са спасылкай на тэлеканал TV SAC.
«У мяне пачало вельмі моцна балець сэрца. Я адчула цяжар, а потым страціла прытомнасць», — расказала дзяўчынка.
Бацька паспрабаваў адвезці дачку ў бальніцу, але па дарозе не змог выявіць у яе дыхання і пульсу. Вырашыўшы, што дзяўчынка памерла, ён замест звароту да медыкаў купіў труну і прывёз яе дадому.
Развітацца з дзяўчынкай сабраліся сваякі, суседзі і прыхаджане мясцовай царквы. Прыкладна праз восем гадзін маці заўважыла рух праз шкляное акенца ў труне. Прысутныя адкрылі вечка і дапамаглі дзяўчынцы выбрацца.
Паводле паведамленняў мясцовых СМІ, Юлейдзі была ў прытомнасці і папрасіла вады. Яе бацька назваў тое, што адбылося, цудам.
Каментары