Косткі, пер’е і нават «вада ў фаршы». Беларусы масава скардзяцца на прадукцыю «Пятрухі»
За адну раніцу адразу два пакупнікі знайшлі косткі ў вяндліне «Пятруха». У сацсетках сцвярджаюць, што гэта не адзінкавыя выпадкі, піша BGmedia.

За апошні час у сацсетках з’явілася адразу некалькі скаргаў на прадукцыю пад брэндам «Пятруха». Прычым некаторыя з іх узніклі літаральна ў адзін і той жа дзень.
«Ледзь не зламаў зубы»
Адзін з пакупнікоў расказаў у Threads, што падчас сняданку знайшоў у вяндліне косці да аднаго сантыметра. Паводле яго слоў, сітуацыя магла скончыцца траўмай:
«Такія рэчы могуць нанесці шкоду здароўю. Сёння раніцай ледзь не зламаў зубы», — напісаў ён.
Практычна адначасова іншая пакупніца паведаміла пра падобную праблему: у вяндлінным балероне таго ж брэнда яна таксама знайшла косткі.
«Гэта не выпадковасць»
У каментарыях пад такімі публікацыямі іншыя беларусы сцвярджаюць, што падобныя знаходкі — не рэдкасць. Людзі пішуць пра пер’е, храсткі і нават староннія пахі:
- «Пер’е ў гэтай прадукцыі — звычайная справа».
- «Бывае пах машыннай алівы».
- «Я таксама калісьці зламаў зуб аб такую каўбасу».
Рэакцыя вытворцы
Пасля адной са скаргаў прадстаўнікі кампаніі адказалі пакупніку ў сацсетках. Яны паведамілі, што звязаліся з аўтарам праз асабістыя паведамленні, перадалі інфармацыю ў аддзел якасці, а таксама пачалі ўнутранае разбіральніцтва.
Аднак публічных высноў або тлумачэнняў адносна скаргаў спажыўцоў пакуль не было.

Не толькі каўбаса: скаргі на фарш
Гэта не першыя пытанні да якасці прадукцыі «Пятрухі». Раней у TikTok набраў папулярнасць ролік, дзе беларуска крытыкавала курыны фарш таго ж брэнда. Паводле яе, у прадукце было занадта шмат вадкасці — да 150—180 грамаў:
«Я купляла фарш, а не ваду. Чаму павінна за гэта плаціць?» — абурылася жанчына.
Яна таксама падкрэсліла, што ўпакоўка была цэлая, а значыць праблема, на яе думку, звязаная менавіта з вытворчасцю.

Брэнд «Пятруха» належыць кампаніі «Сервалюкс Агра», якая ўваходзіць у групу «Сервалюкс» — аднаго з буйных вытворцаў мяса птушкі ў Беларусі. Яе ўладальнік — вядомы бізнэсмен Яўген Баскін.
Каментары
Адна назва чаго вартая "петруха"