Украінец з-пад Луганска: Адзінае, што можна рабіць на акупаванай тэрыторыі, гэта збіраць і перадаваць інфармацыю
Хлопец, які доўгі час быў інфарматарам украінскай арміі, цяпер служыць у ёй. Ён расказаў пра свой досвед і дзеліцца думкамі, якія могуць быць каштоўнымі і беларусам, якія таксама жывуць фактычна пад акупацыяй. Яго думка адназначная: пры цяперашнім узроўні відэаназірання ніякія арганізаваныя падпольныя групы дзейнічаць не могуць. І ён называе нешматлікія магчымыя спосабы супраціву.

Досвед Арцёма Каракіна ўнікальны: ён больш за сем гадоў пражыў ва ўмовах расійскай акупацыі на Луганшчыне, таемна дапамагаючы Узброеным сілам Украіны, аж да зімы 2021 года. Сёння Арцём — салдат, які браў удзел у тым ліку ў аперацыі УСУ ў Курскай вобласці. У інтэрв'ю Kyiv Independent Арцём Каракін падзяліўся назіраннямі, як трансфармавалася расійская рэпрэсіўная машына пасля 2022 года і як можа выглядаць супраціў ва ўмовах татальнага відэаназірання і праверкі смартфонаў.
Паводле слоў Арцёма, пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання сітуацыя на акупаваных тэрыторыях кардынальна змянілася.
«Галоўная праблема ў тым, што расіяне пачалі поўную замену ўсіх праваахоўных органаў на акупаваных тэрыторыях, замяняючы мясцовых калабарантаў кваліфікаванымі супрацоўнікамі з Расійскай Федэрацыі», — тлумачыць Арцём. Па яго словах, расійскія ўлады павялічылі штат спецслужбаў, бо ўсвядомілі, наколькі шмат там застаецца праўкраінскіх людзей.
«Бачачы, як іх тэрыторыі трапляюць пад удары, і ўсведамляючы, што нехта ўвесь час перадае разведвальныя даныя ў рэжыме рэальнага часу, яны ўзмацнілі кантроль над усім насельніцтвам», — працягвае мужчына і тлумачыць, што цяпер для многіх гарадоў і вёсак нормай сталі так званыя «фільтрацыйныя мерапрыемствы»: раз у тры месяцы населены пункт цалкам акружаюць для праверак.
Асаблівы ціск адчувае моладзь. Супрацоўнікі Следчага камітэта і ФСБ рэгулярна прыходзяць у навучальныя ўстановы са спецыяльным праграмным забеспячэннем, каб правяраць мабільныя прылады на наяўнасць «экстрэмісцкіх матэрыялаў» ці сувязяў з украінскімі сіламі.
Асобна Каракін спыняецца на дзейнасці публічных рухаў супраціву, такіх, як «Жоўтая стужка», якія заклікаюць жыхароў акупаваных тэрыторый рабіць патрыятычныя фоты. На яго думку, у сучасных рэаліях гэта не проста рызыкоўна, а нерацыянальна.

«Без змены тактыкі такія дзеянні прыносяць толькі смерць або арышт апошнім украінцам, якія там застаюцца», — кажа ён.
Прычына крыецца ў тэхналогіях.
Сёння вылічыць чалавека па адной фатаграфіі — справа лічаных гадзін. Смартфон пакідае лічбавыя сляды, сім-карты адсочваюцца, а шматлікія камеры відэаназірання дазваляюць прасачыць шлях любога чалавека.
«Любы спецыяліст па зборы разведвальнай інфармацыі з адкрытых крыніц (…) можа вызначыць час здымкі, месца, а камеры адсочаць, хто гэта зрабіў. Я бачыў фота, зробленае са шлемам і ўкраінскім сцягам у цэнтры Данецка. Як вы думаеце, ці шмат людзей звярнулі ўвагу на чалавека, які нёс шлем і фатаграфаваўся ў цэнтры Данецка з украінскім сцягам? Не кажучы ўжо пра тое, што кожны крок кантралюецца камерамі відэаназірання. Як толькі выходзіць свежая порцыя такіх фота, кожны павінен разумець, кожны сродак масавай інфармацыі, які гэта асвятляе, павінен разумець, што гэтыя людзі на фота ўжо ў турме або будуць неўзабаве арыштаваныя. Або забітыя», — папярэджвае Арцём.
Як дапамагчы роднай краіне і застацца жывым?
Для тых, хто марыць пра скаардынаваны рух супраціву, у Арцёма ёсць непрыемная праўда: у сучасных умовах гэта немагчыма. Расійскія спецслужбы працуюць такім чынам, што любыя каардынаваныя групы ці суполкі актывістаў выкрываюцца даволі хутка.
«Калі нехта кажа, што існуе нейкі каардынаваны рух супраціву, то яго не існуе. І вы не можаце гэтага рабіць, бо гэта падстаўляе людзей пад рызыку. Вы не можаце аб'ядноўваць іх у групы. Усё, што там рэальна існуе — гэта адзіночкі, якія дзейнічаюць самастойна, перадаюць інфармацыю і здзяйсняюць дыверсійныя акцыі. Але гэта ўсё людзі, якія ідуць на свядомае самаахвяраванне. Яны не ўступаюць ні ў якія арганізацыі, часта яны нідзе не зафіксаваныя. Гэта проста людзі, якія выбіраюць самаахвяраванне дзеля Украіны».
На пытанне аб тым, што рабіць украінцам-патрыётам на акупаваных тэрыторыях, Арцём дае параду:
«Проста заставайцеся жывымі, захоўвайце сваё жыццё, і тады вы сустрэнеце нас з украінскім сцягам. Гэта будзе найлепшая дапамога, якую вы можаце даць».
Калі ж чалавек гатовы да рызыкі, то, як даводзіць Арцём,
«найлепшая форма любых партызанскіх дзеянняў — гэта перадача інфармацыі. Не больш за тое».
Ён выступае супраць дыверсій, такіх як падпалы ваенкаматаў ці падрывы машын акупацыйнай арміі, бо гэта аднаразовыя акцыі, пасля якіх чалавек альбо павінен імгненна пакінуць тэрыторыю — а гэта амаль немагчыма, бо выезд за мяжу займае час, альбо будзе затрыманы.
Каментары
Русский мир на другое не способен, это - его модель развития.
Такой же лагерь построен и в Беларуси, - фильтрация, репрессии, тюрьмы, пытки, убийства.