У Беларусь больш за астатніх прыязджае студэнтаў з Туркменістана, Шры-Ланка на трэцім месцы
У Беларусі вырасла колькасць замежных студэнтаў, а іх агульная доля сярод навучэнцаў ВНУ і магістратур на пачатак 2025/26 навучальнага года склала 10,3%, паведамляе Белстат.
Усяго ў краіне навучаюцца больш за 24,5 тыс. замежнікаў, тады як годам раней іх было каля 21 тыс.
Асноўны прыток забяспечыў Туркменістан: за апошнія два гады колькасць навучэнцаў адтуль вырасла больш чым у 3,5 раза — з 2,2 тыс. чалавек да амаль 8 тыс. Гэты рывок дазволіў Туркменістану зрушыць з першай пазіцыі шматгадовага лідара — Кітай: цяпер у нашых ВНУ атрымліваюць адукацыю крыху больш за 7,2 тыс. кітайскіх студэнтаў.
Дарэчы, Туркменістан і раней быў лідарам па экспарце адукацыі ў Беларусь. Апошні раз краіна ўзначальвала гэты топ у 2020/21 навучальным годзе (больш за 8,7 тыс. туркменскіх студэнтаў супраць 3,6 тыс. кітайскіх), пасля чаго на некалькі гадоў саступіла першынство студэнтам з Паднябеснай.
Следам за лідарамі ў топ-5 па колькасці студэнтаў увайшлі: Шры-Ланка — 2,3 тыс. чалавек, Расія, адкуль прыехалі амаль 1,7 тыс., і Узбекістан, які паказаў спад да 1,2 тыс. чалавек.
У дзясятку краін, з якіх таксама часта прыязджаюць на вучобу ў Беларусь, увайшлі Індыя, Ізраіль, Ліван, Нігерыя і Азербайджан.
Каментары