У Следчым камітэце паведамілі пра выпадкі, калі невядомыя праз мэсэнджары звяртаюцца да грамадзян Беларусі і пад рознымі нагодамі спрабуюць схіліць іх да здзяйснення асабліва цяжкіх злачынстваў.

У прыватнасці, як сцвярджаюць сілавікі, людзям прапануюць за грошы здзяйсняць тэракты на чыгунцы і іншых аб’ектах інфраструктуры. Так званыя «куратары», маўляў, шукаюць патэнцыйных выканаўцаў у чатах месенджараў і сацыяльных сетках.
Следчы камітэт прывёў у якасці прыкладу спробу завербаваць 18‑гадовага хлопца. Таму ў тэлеграме нібыта напісаў невядомы і прапанаваў нібыта лёгкую падпрацоўку — падпаліць рэлейныя шафы на чыгунцы. Але хлопец, маўляў, на прапанову не павёўся і адразу паведаміў пра яе сілавікам.
Тыя ж сцвярджаюць, што маюць інфармацыю і пра іншыя неаднаразовыя спробы завербаваць грамадзян Беларусі, а гэта падпадае пад артыкул 289 Крымінальнага кодэкса Беларусі («Акт тэрарызму»), санкцыя якога прадугледжвае выключную меру пакарання.
Сілавікі запэўніваюць, што падазроныя групы будуць выяўляцца яшчэ на стадыі фармавання, а падрыхтоўка тэрарыстычных актаў — спыняцца да іх здзяйснення. У ведамстве таксама нагадалі, што пры спыненні асабліва цяжкіх злачынстваў сілавікі могуць ужываць фізічную сілу, спецыяльныя сродкі і агнястрэльную зброю.
Каментары