Гамельчука затрымалі на трасе на Чарнігаў і асудзілі нібыта за спробу далучыцца да Палка Каліноўскага. Ён расказаў, што было
Пасля калоніі Аляксандр Айнутдзінаў зноў хацеў трапіць ва Украіну, а захрас без грошай у стамбульскім аэрапорце.

Аляксандру Айнутдзінаву 50 гадоў. Гамяльчук родам з вялікай сям’і — у яго восем братоў. Дзіва што мужчына ўсё жыццё шмат працаваў: даводзілася дапамагаць меншым братам.
У пачатку нулявых Аляксандр працаваў на «Гомельбудматэрыялах», потым у Гомелі на вінзаводзе. А апошнія гады пайшоў у рамонтнікі.
«У апошні час я працаваў рознарабочым, заліваў бетонныя падлогі па Беларусі. Ездзіў і ў Смаргонь, і ў Мінск, і ў Магілёў таксама».
У 2020-м, паводле слоў Аляксандра, ён выходзіў на пратэсты ў родным Гомелі. А калі ў лютым 2022‑га пачалася поўнамаштабная вайна ва Украіне, мужчына стаў запісваць тыктокі з антываенным зместам.
«Спрабаваў наставіць рускіх, што вайна не жарты, а злачынства. Посціў у тыктоку, фэйсбуку і інстаграме», — расказвае Аляксандр пра ролікі.
Летам 2022‑га Аляксандр трапіў за краты па абвінавачванні ў тым, што ён спрабаваў далучыцца да Палка Каліноўскага. Сам жа гамяльчук сцвярджае, што спрабаваў перайсці беларуска-ўкраінскую мяжу, каб дапамагаць мірным людзям, і што нібыта звязаўся ў сацсетках з добраахвотнікам — ці то з «Бяссмертным», ці то з «Янкі» (хутчэй за ўсё, гэта быў фэйкавы акаўнт).
«Спытаў у яго, ці магчыма мне перайсці мяжу з Украінай. Ён мог зрабіць для мяне зялёны калідор, каб я спакойна перайшоў мяжу і мяне ні з якога боку не забілі.
А пра тое, каб далучыцца да Палка, я і не думаў, бо ў арміі не служыў і не меў ніколі вайсковага досведу. Хацеў неяк дапамагаць мірным людзям, якія пацярпелі ад вайны, але не браць зброю ў рукі», — кажа Аляксандр.
У выніку мужчыну асудзілі па двух артыкулах. Перш за ўсё, гэта частка 1 артыкула 361‑3 КК, то-бок той самы ўдзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным канфлікце. Але было ў яго і іншае абвінавачванне — па частцы 1 арт. 317-2, за кіраванне транспартным сродкам без правоў на гэта.
Айнутдзінаў прызнае, што ездзіў на матацыкле без правоў:
«У мяне была толькі катэгорыя кіроўцы В, а катэгорыі А не было, і я з гэтым не раз трапляўся. З гэтым я магу пагадзіцца. Магу таксама пагадзіцца з тым, што незаконна пераходзіў беларуска-ўкраінскую мяжу… Але не з далучэннем да Палка».
Аляксандра арыштавалі ў ліпені 2022-га. Каб трапіць ва Украіну, ён вырашыў ісці не праз лясы і палі, а проста рухацца па трасе на Чарнігаў. Мужчына тлумачыць, што такі варыянт яму падаўся самым бяспечным.
Натуральна, атрымалася зусім не тое, чаго ён чакаў:
«Натрапіў на гомельскіх памежнікаў, яны пачалі мяне распытваць. Казаў ім спачатку, што іду да сябра на лецішча, яны не паверылі і забралі ў мяне тэлефон. І ўсё там знайшлі.
Я ім тлумачыў, што хацеў перайсці [мяжу] выключна з гуманітарнымі мэтамі. Не было ў мяне жадання ні страляць, ні ваяваць… А яны ўсё перарабілі і зрабілі з мяне такога злачынцу».
З Аляксандрам сілавікі запісалі відэа, дзе ён распавядаў, што нібыта жадае далучыцца да Палка Каліноўскага і менавіта для гэтага пераходзіў мяжу. Гамяльчук успамінае, як тое відэа здымалі:
«Усё гэта адбывалася пад ціскам. Маўляў, калі не скажаш так, як трэба, мы табе пераламаем косткі і ты ўсё роўна скажаш тое, што трэба. Я вырашыў не рызыкаваць, проста не меў іншага выйсця».
Да суда мужчыну трымалі ў гомельскім СІЗА. 16 лістапада 2022‑га прысудзілі Аляксандра да двух гадоў і аднаго месяца калоніі. Тэрмін ён адбываў у магілёўскай калоніі №15. Айнутдзінаў выйшаў на волю 16 мая 2024-га.
Пасля вызвалення ён падзарабляў на розных падпрацоўках.
Прабыў тры дні ў Стамбуле — не меў грошай выехаць з аэрапорта, хацеў есці
З першых месяцаў на волі Айнутдзінаў зноў хацеў з’ехаць з Беларусі ва Украіну — толькі пачакаў, калі заробіць трохі грошай.
У 2024‑м ён спрабаваў выехаць праз расійскі Адлер, а потым і вылецець з Мінска ў Кутаісі — у абодвух выпадках не прапусцілі памежнікі. У 2025‑м Аляксандр спрабаваў выехаць праз расійска-грузінскую мяжу, але і там не прапусцілі. Была ідэя ехаць праз Азербайджан, але там сухапутныя межы зачыненыя яшчэ з часоў кавіду.
Аляксандр не ведаў, як вырашыць пытанне з выездам:
«Памежнікі сказалі звяртацца ў міліцыю, маўляў, мне там усё раскажуць: я звярнуўся, але ніхто мне там нічога не патлумачыў. Неяк сам успомніў, што ў мяне ёсць неаплачаныя штрафы. Аплаціў іх, з мяне паздымалі забароны, і я з’ехаў.
Яшчэ напісаў у міліцыі заяву, што ў снежні 2026‑га прыеду ў Беларусь, але вяртацца туды я ўжо не буду, не хачу. Навошта пісаў? Ад мяне ў міліцыі гэта патрабавалі, напэўна, хацелі пракантраляваць мяне».
У жніўні 2026‑га Аляксандр нарэшце вылецеў з Мінска ў Кутаісі, адтуль паехаў у Тбілісі, дзе набыў квіток і спадзяваўся даехаць да Кіева. Ён праехаў Турцыю, але на наступным пункце, у Балгарыі і Румыніі, яму спатрэбілася б шэнгенская віза. Той візы ў мужчыны не было, і давялося вярнуцца ў Стамбул.
Ён расказвае, што было далей:
«Мне дапамаглі з грошамі, і я атрымаў квіток да Малдовы. Прыляцеў туды, і тамтэйшыя памежнікі мяне не прапусцілі, вярнулі ў Стамбул. Думаю, пабачылі ў сваіх базах, што я сядзеў і за што мяне асудзілі.
У Стамбуле прабыў тры дні. Было цяжка — не меў ні грошай, ні ежы, хацелася есці, але цярпеў. А з аэрапорта выехаць не мог, бо за праезд у аўтобусе трэба плаціць, а ў мяне грошай не было. Падыходзіў і прасіў, каб мяне бясплатна вывезлі ў горад. Можа, на аўтавакзале нешта прыдумаў бы, знайшоў бы нейкую працу».
У выніку дапамог зварот да Андрэя Стрыжака і ягонай службы эвакуацыі. Стрыжак праз свае сацсеткі сабраў яму грошы на квіток, і Аляксандр прыехаў у Літву.
Цяпер Аляксандр як былы палітвязень хоча прайсці рэабілітацыю, а потым думае будаваць жыццё ў Польшчы.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬЦяпер чытаюць
Беларус-вахтавік на Ямале стварае песні на беларускай мове з дапамогай ШІ. «Раней музыка была закрытым клубам. Нейрасеткі адчынілі гэтыя дзверы з нагі»
Каментары