Расія пакуль не пагадзілася на энергетычнае перамір’е, пра якое абвясціў Трамп
Праз некалькі гадзін пасля заявы прэзідэнта ЗША Расія нанесла ўдары па электрастанцыях ва Украіне.

«Расіяне над гэтым думаюць. Хутка даведаемся, ці гатовыя яны», — сказаў выданню Axios крыніца ў Белым доме.
Пры гэтым ужо праз некалькі гадзін пасля заявы Трампа Расія нанесла ўдары па электрастанцыях ва Украіне, адзначае Axios са спасылкай на ўкраінскія СМІ.
Паводле слоў крыніцы ў Белым доме, гаворка ідзе пра магчымую дамоўленасць, згодна з якой бакі перастануць атакаваць нафтаперапрацоўчыя заводы адзін аднаго, — «НПЗ за НПЗ», як назваў яе суразмоўца выдання. Калі ўдары па НПЗ спыняцца, наступнай можа стаць дамоўленасць аб спыненні атак на электрастанцыі і энергасеткі.
Axios называе схему «НПЗ за НПЗ» нераўнацэннай: у Расіі шырокая сетка нафтаперапрацоўчых заводаў, а ва Украіны, паводле слоў украінскага чыноўніка, усяго адзін. Расія шмат разоў атакавала яго, і ён працуе не на поўную магутнасць.
«Мы імпартуем дызельнае паліва і бензін. Нам трэба, каб расіяне перасталі атакаваць нашу энергасістэму», — сказаў чыноўнік.
Сам Трамп дамагаецца, каб Украіна спыніла ўдары па расійскіх НПЗ, бо лічыць, што з-за іх у ЗША растуць цэны на бензін.
«Трамп вельмі злы. Яму здаецца, што Зяленскі не ўспрымае ЗША як належыць», — сказаў крыніца Axios у Белым доме.
Каментары