Былога беларускага палітвязня судзяць у Літве за падрыхтоўку да забойства праціўнікаў Крамля. Пагражае аж да пажыццёвага
Вадзім Дубойскі ўваходзіў у склад тэрарыстычнай групы, якая сачыла за ворагамі Крамля, каб забіць іх.

Яшчэ пяць гадоў таму праваабаронцы ратавалі беларускага панк-музыку Вадзіма Дубойскага ад экстрадыцыі з Расіі. Ён пісаў з СІЗА Белгарада, што пасля вяртання ў Беларусь яго могуць забіць або пакалечыць. Еўрапейскі суд па правах чалавека спыніў выдачу, Дубойскі выйшаў на свабоду і ўрэшце дабраўся да Літвы. Там ён атрымаў палітычны прытулак і дазвол на пастаяннае пражыванне.
Цяпер 36‑гадовы беларус ізноў за кратамі — гэтым разам у Літве. Яго імя фігуруе ў складзе арганізаванай тэрарыстычнай групы, якая, паводле следства, рыхтавала забойства двух чалавек: літоўскага грамадскага актывіста Валдаса Барткявічуса і расійскага апазіцыянера Руслана Габасава, аднаго з лідараў башкірскага нацыянальнага руху.
Следчыя не кажуць, якія дзеянні ставяць у віну кожнаму з шасці абвінавачаных. Суд пройдзе за закрытымі дзвярыма. Першае пасяджэнне прызначана на 9 кастрычніка.
Сярод знаёмых Дубойскага навіна выклікала шок. Кіраўніца арганізацыі «Дапамога» і беларускага «Замка» для ўцекачоў Наталля Калегава, у якой ён пэўны час жыў пасля прыезду ў Літву, кажа, што ведала Вадзіма як творчага, з выгляду бяскрыўднага, але імпульсіўнага і эмацыйна нестабільнага чалавека. У тое, што ён мог свядома далучыцца да змовы дзеля палітычнага забойства, яна не верыць.
«Калі б мне сказалі, што ён некуды ўлез праз марыхуану, я магла б паверыць. Але каб ён свядома будаваў нейкую схему і рыхтаваў тэракт — не», — кажа Наталля Калегава.
Затрыманне ў Брэсце і ўцёкі ў Расію

Вадзім Дубойскі — музыкант, гітарыст брэсцкага хардкор-панк-гурта Vagitta. У жніўні 2020 года яго затрымалі пасля пратэстаў у Брэсце.
У пастарунку Дубойскага збілі, а праз суткі адпусцілі без афармлення дакументаў. З-за перажытага стрэсу ён трапіў у бальніцу. Пасля таго як мужчына зафіксаваў пабоі, супраць яго распачалі крымінальную справу паводле артыкула аб масавых беспарадках. У верасні яго зноў затрымалі, калі ён ехаў да доктара.
У кастрычніку 2020‑га Дубойскі ўцёк у Расію. Але бяспечнай яна для яго не стала. 12 красавіка 2021 года беларуса затрымалі недалёка ад украінскай мяжы, калі ён спрабаваў перайсці яе па-за пунктам пропуску, каб папрасіць прытулку. Беларуса змясцілі ў СІЗА ў Белгарадзе. Мінск запатрабаваў экстрадыцыі.
У адным з лістоў з ізалятара Дубойскі пісаў:
«Больш за ўсё палохае, што па мяне ўсё ж такі прыедуць і пасадзяць у беларускую турму. Там ужо дакладна калі не заб’юць да смерці, то пакалечаць».
Сястра Вадзіма расказвала, што пасля затрымання ў жніўні 2020 года ён быў збіты і «зламаны псіхалагічна». У яго абарону выступалі праваабаронцы, Маскоўская Хельсінкская група і міжнародная арганізацыя Freemuse, якая займаецца абаронай свабоды творчасці. Расійскі «Мемарыял» прызнаў Дубойскага палітвязнем.

У верасні 2021 года расійскі суд пастанавіў выдаць яго Беларусі. Экстрадыцыя ўжо пачалася, калі высветлілася, што адвакат падаў апеляцыю, пра якую ў СІЗА нібыта не ведалі. Працэдуру паспелі спыніць.
Пазней апеляцыйны суд пакінуў рашэнне аб выдачы ў сіле, аднак за дзень да пасяджэння Еўрапейскі суд па правах чалавека забараніў Расіі адпраўляць Дубойскага ў Беларусь. Яго вызвалілі, а ў 2022 годзе ён пакінуў Расію.
«Ставіліся да яго як да заблытанага падлетка»
У Літву Вадзім Дубойскі трапіў разам з дзяўчынай, з якой пазнаёміўся падчас уцёкаў. Паводле Наталлі, яны зблізіліся ў дарозе. Спачатку пара апынулася ў лагеры для ўцекачоў. Адтуль яны звярнуліся па дапамогу ў «Замак».
«Я не ўдзельнічала ў іх эвакуацыі і пазнаёмілася з імі ўжо ў Літве. Вадзім быў верыфікаваны праваабаронцамі з «Брэсцкай вясны». Мы забралі іх з лагера, у нас яны пражылі месяц як пара. Пасля сказалі, што ў іх з'явіліся грошы на кватэру, і выехалі», — расказвае Наталля Калегава.
Праз некаторы час адносіны ў пары сапсаваліся. Падчас адной сваркі дзяўчына збіралася пайсці, а Дубойскі схапіў яе за куртку і не хацеў выпускаць. Яна звярнулася ў паліцыю, пасля чаго мужчыну далі ўмоўнае пакаранне і забаранілі да яе набліжацца.
У выніку Вадзім Дубойскі апынуўся на вуліцы і зноў прыйшоў у «Замак». Наталля Калегава кажа, што ў той час у яго пагоршаў псіхалагічны стан, развілася дэпрэсія, ён нават працаваў з псіхолагам.
«Ён то трымаўся, то зрываўся. Быў неўраўнаважаны, мог нешта ўспрыняць вельмі рэзка, псіхануць. Але я ніколі не бачыла, каб ён кінуўся на чалавека або падняў на кагосьці руку. Ён быў запальчывы, але я не лічыла яго агрэсіўным. Мы ставіліся да яго як да такога заблытанага падлетка. Ён мог пасварыцца, сысці, потым зноў з’явіцца. Але хлопчык ён добры. У нашых людзей у «Замку» ён, наколькі я ведаю, не пазычаў грошай і нікога не падманваў», — кажа Наталля.
У «Замку» Дубойскі размаляваў адзін з пакояў і зрабіў на сцяне графіці «Жыве Беларусь!». Хутка ён з'ехаў на кватэру. Час ад часу наведваў «Замак», прасіў дапамогі, калі ўзнікалі праблемы.
Аднойчы ён паведаміў Наталлі, што трапіў у паліцыю: у кватэры, дзе жыў, знайшлі вагі, і ўзнікла падазрэнне, што Дубойскі можа быць звязаны з продажам марыхуаны. Сам Вадзім казаў, што вагі не ягоныя. Чым скончылася гэтая гісторыя, Наталля не ведае.
Шукаў працу кіроўцам і браўся за выпадковыя заробкі
Стабільнай працы ў Дубойскага не было. На жыццё ён зарабляў выпадковымі падпрацоўкамі. У архіўным рэзюмэ на літоўскім сайце Flagma ён называў сябе міжнародным кіроўцам: сцвярджаў, што з 2016 да 2019 года вазіў грузы па Еўропе, меў сярэднюю спецыяльную адукацыю ветэрынарнага фельчара. У маі 2025 года ён шукаў у Вільні працу кіроўцам з заробкам ад тысячы еўра.
Апошняе паведамленне ад яго, паводле Наталлі Калегавай, прыйшло ў чэрвені 2025 года. Дубойскі заўважыў у адным з чатаў «Дапамогі» падазроную аб’яву, дзе людзям абяцалі заробак $120 за дзень і «бясплатнае навучанне», і папрасіў яе заблакаваць паведамленне праз відавочнае махлярства. А пасля проста знік.
Калі Вадзім Дубойскі перастаў выходзіць на сувязь, яго знаёмыя спачатку не разумелі, што здарылася. Яны меркавалі, што ён мог атрымаць адміністрацыйны арышт праз наркотыкі або трапіць у паліцыю праз нейкую іншую гісторыю. Толькі пазней высветлілася, што Дубойскі знаходзіцца пад вартай у СІЗА Коўна.
«Калі мы даведаліся, у якой справе ён апынуўся, усе былі ў шоку», — расказвае Наталля.
Яна звязалася з маці Вадзіма. Паводле слоў Наталлі, жанчына адмовілася прыязджаць у Літву і сказала: «Калі вінаваты, няхай сядзіць».
«Права атрымліваць афіцыйную інфармацыю пра яго мелі толькі адвакат або маці. Але мама не захацела ўдзельнічаць. Ці піша яна яму цяпер, я не ведаю», — кажа Наталля Калегава.

Справу пачалі з прылады сачэння пад аўтамабілем
Расследаванне цяперашняй справы пачалося ў пачатку 2025 года. Дзеяч башкірскага незалежніцкага руху Руслан Габасаў, які жыве ў Літве, знайшоў у сваім аўтамабілі прыладу сачэння і звярнуўся ў паліцыю.
Праваахоўнікі прыйшлі да высновы, што жыццю мужчыны пагражае рэальная небяспека. Следства вызначыла магчымых выканаўцаў замаху і іх памочнікаў, а таксама выявіла, што рыхтавалася забойства яшчэ аднаго чалавека — грамадзяніна Літвы Валдаса Барткявічуса, арганізатара дапамогі Украіне.
Паводле пракуратуры, з лета 2024 года ўдзельнікі групы збіралі інфармацыю пра будучых ахвяр, у тым ліку з дапамогай тэхнічных сродкаў.
Асноўных падазраваных затрымалі ў Вільні ўвесну 2025 года пры ўдзеле антытэрарыстычнага падраздзялення Aras.
У суд перададзеныя справы шасці чалавек: Багдана Асеева, Вадзіма Дубойскага, Андрэя Ляпіна, Іхтыяндра Карыбава, Артура Вартаняна і Вікенція Хапозава. Гэта грамадзяне Украіны, Беларусі, Літвы, Расіі, Украіны, Грузіі і Грэцыі.
Ім выставілі шэраг абвінавачанняў: падрыхтоўка тэракту, удзел у арганізаванай тэрарыстычнай групе, вярбоўка і фінансаванне тэрарыстычнай дзейнасці, дзеянні супраць Літвы, незаконны збор звестак аб прыватным жыцці, незаконнае валоданне праграмным забеспячэннем і паролямі, а таксама наркотыкамі без мэты збыту. Чацвёра абвінавачаных знаходзяцца пад арыштам, яшчэ двое носяць электронныя бранзалеты.
За забойства з тэрарыстычнай мэтай можа пагражаць пажыццёвае зняволенне.
«Я думаю, што ён некуды ўляпаўся за грошы»
На думку Калегавай, Вадзім Дубойскі мог пагадзіцца на нейкую выпадковую аплачаную працу, не разумеючы ўсёй схемы:
«Я думаю, што ён некуды ўляпаўся за грошы ці праз падман. Магчыма, яго выкарысталі, магчыма, ён камусьці быў вінен грошы. У яго быў бардак у галаве, ён хапаўся за ўсе падпрацоўкі. Але я не веру, што ў яго было свядомае жаданне ладзіць тэрор супраць Валдаса або кагосьці іншага. Спадзяюся, следства ва ўсім разбярэцца».
Наталля Калегава тлумачыць свае сумневы яшчэ адной нядаўняй гісторыяй. У жніўні 2026 года каля офіса віленскай кампаніі RSI Europe, якая вырабляе беспілотныя сістэмы і пастаўляе Украіне FPV-дроны, з’явіліся пахавальныя вянкі. Побач пакінулі партрэт кіраўніка кампаніі Томаса Мілашаўскаса з чорнай стужкай. Амаль адначасова такая ж акцыя адбылася каля офіса чэшскай абароннай кампаніі CSG.
Літоўскія ўлады разглядаюць здарэнне як магчымую правакацыю, звязаную з расійскімі спецслужбамі. У Вільні затрымалі грамадзяніна Украіны, якога, паводле крыніц літоўскіх медыя, мог наняць беларус.
Наталля кажа, што беларус, які фігуруе ў гэтай гісторыі, таксама былы беларускі палітвязень. Паводле яе пераказу, ён знайшоў аб’яву пра падпрацоўку і наняў іншага чалавека, каб той адвёз вянкі да офіса. Наталля дапамагла яму знайсці адваката. Цяпер мужчыну вызвалілі да суда і перадалі пад адказнасць «Дапамогі».
«У нас ужо было шмат такіх гісторый. Чалавек знаходзіць аб’яву, уладкоўваецца кур’ерам, часам нават думае, што працуе афіцыйна, а потым яго затрымліваюць з нейкімі карткамі або іншымі незаконнымі рэчамі», — кажа Наталля Калегава.
Яна дапускае, што Вадзім Дубойскі мог трапіць у падобную схему.
Пакуль Літва расследавала справу аб магчымым тэракце, беларускія ўлады працягвалі пераслед Вадзіма Дубойскага за падзеі 2020 года. У жніўні 2026‑га Следчы камітэт Беларусі пачаў супраць яго спецыяльнае завочнае вядзенне паводле абвінавачання ва ўдзеле ў масавых беспарадках.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары
Цікава, хто ў гэтай групе главар: грамадзянін якой краіны? Асеев - украінец? Ляпін - літовец? Карыбаў - расеец? Вартанян - грузін? Хапозаў - грэк?