Прэзідэнт Украіны пракаментаваў заяву дзяржсакратара ЗША Марка Рубіа пра стратэгічны тупік у вайне паміж Украінай і Расіяй.

«Зараз мы знаходзімся ў стратэгічным тупіку, які нясе ў сабе рызыкі. Стратэгічныя тупікі вырашаюцца толькі двума спосабамі: альбо шляхам перамоваў, альбо шляхам эскалацыі з боку аднаго або абодвух бакоў, якая ў выніку выходзіць за межы першапачатковага канфлікту», — заявіў дзяржсакратар ЗША Марка Рубіа падчас візіту ў Афіны.
Каментуючы словы Рубіа падчас наведвання жылога дома ў Прылуках, у выніку расійскага ўдару па якім загінулі 22 чалавекі, прэзідэнт Украіны заявіў, што дыпламатычнага тупіку няма.
Пасля гэтага ён раскрытыкаваў спробы вярнуцца да сумеснага бізнэсу з Масквой: «Нельга з аднаго боку дамаўляцца з расіянамі пра нейкія эканамічныя праекты на будучыню, а з другога — казаць, што мы знаходзімся ў нейкай палітычнай сітуацыі, у дыпламатычным тупіку. Закрыйце ім усю эканоміку, зашыйце Расіі рот, не падтрымлівайце іх сваімі продажамі, проста ўвядзіце санкцыі супраць іх зброі. Уключыце нам Starlink, для Украіны. Вы ж уключылі яго, калі адказвалі Ірану, там усё працавала, Ізраіль цалкам кантраляваў неба. Гэта значыць, калі вам трэба, усё працуе менавіта так».
Паводле слоў Зяленскага, цяпер Кітай актыўна распрацоўвае аналаг Starlink, які будзе перададзены Расіі.
«У Расіі можа з'явіцца такое дамінаванне. Мы размаўляем з еўрапейцамі, якія таксама распрацоўваюць некалькі такіх напрамкаў. Яны з задавальненнем будуць нам дапамагаць, але пакуль яшчэ не настолькі наблізіліся да выніку, які нам патрэбны», — сказаў ён.
«Мы гаворым пра абарону. У ЗША гэта ёсць. Для іх гэта нічога не каштуе. Нічога не каштуе дапамагчы Украіне. І я адкрыта казаў: дайце нам, дапамажыце нам абараніць неба і дамінаваць у ім.І тады Пуцін сядзе за стол перамоваў. Чаму? Бо страціць усё. Страціць усё. Тры месяцы, два месяцы — усё страціць. А мы чакаем, пакуль у кітайцаў з'явіцца гэты аналаг і яны перададуць яго расіянам. І дзе тут праўда? Дзе тут сумленнасць? Дзе ўсё гэта? Які тупік? Ну які тупік?! Гэта не тупік. Гэта называецца нежаданне», — заявіў Уладзімір Зяленскі.
Каментары