У гэтым італьянскім мястэчку жанчыны жывуць незвычайна доўга. Навукоўцы спрабуюць зразумець чаму
У 2024 годзе ў мястэчку Балатана на Сардзініі, дзе жыве ўсяго 2300 чалавек, налічвалася адразу шэсць жыхароў, якім споўнілася сто гадоў. Навукоўцы вывучылі архіўныя запісы за некалькі пакаленняў і выявілі яшчэ больш дзіўную заканамернасць. Цяпер яны спрабуюць разгадаць сакрэт мясцовага даўгалецця.

Балатана — невялікае мястэчка на італьянскім востраве Сардзінія, дзе жыве каля 2300 чалавек, — на першы погляд нічым не адметнае. Аднак, як піша Euronews, яно прыцягнула ўвагу навукоўцаў незвычайнай колькасцю доўгажыхароў. У 2024 годзе тут налічвалася шэсць чалавек ва ўзросце ста гадоў і больш. Гэта прыкладна ў 11 разоў больш у разліку на колькасць насельніцтва, чым у ЗША.
Асабліва ўражвае працягласць жыцця мясцовых жанчын. Паводле новага даследавання, жанчына, якая дажыла ў Балатане да 70 гадоў, у сярэднім можа разлічваць пражыць да 91 года. Гэта больш чым на два гады даўжэй за адпаведны паказчык па Італіі. Пры гэтым у мясцовых жыхарак, якія дасягнулі 70 гадоў, шанец дажыць да ста складае 13,8%. Для параўнання, у сярэднім па Італіі ён роўны 3,5%, а ў ЗША — 3,6%.
Што робіць Балатану асаблівай
Каб праверыць, ці не з'яўляецца такая колькасць доўгажыхароў выпадковасцю, навукоўцы прааналізавалі мясцовыя дэмаграфічныя запісы.
Навукоўцы вывучылі звесткі пра 3060 чалавек, якія нарадзіліся ў Балатане ў 1900‑1925 гадах. Аказалася, што 38 з іх пражылі не менш за сто гадоў. Даследаванне таксама пацвердзіла, што ў 2021‑2025 гадах пажылыя жыхары мястэчка, асабліва жанчыны, жылі даўжэй, чым звычайна.
Паводле працягласці жыцця жанчын пасля 70 гадоў і іх шанцаў адзначыць соты дзень нараджэння Балатана саступае толькі Ганконгу.
Але чым тлумачыцца гэты феномен? Дакладнага адказу ў навукоўцаў пакуль няма. Яны звяртаюць увагу на некалькі асаблівасцей мясцовага жыцця, якія могуць спрыяць даўгалеццю.
У Балатане шмат прадуктаў вырошчваюць на месцы. У рацыёне жыхароў ёсць аліўкавы алей, багаты на карысныя тлушчы. Людзі часта перамяшчаюцца пешшу, а не на аўтамабілях.
Не менш важнымі могуць быць адносіны паміж людзьмі. Сем'і нярэдка жывуць побач, падтрымліваюць адно аднаго, а сацыяльная ізаляцыя сярод пажылых людзей сустракаецца рэдка.
Даследчыкі таксама не выключаюць ролі спадчыннасці. Аднак пакуль невядома, які з гэтых фактараў найбольш уплывае на працягласць жыцця і ці можна растлумачыць незвычайныя паказчыкі іх спалучэннем.

Новая «блакітная зона»?
Балатана можа папоўніць спіс так званых блакітных зон — тэрыторый, якія характарызуюцца выключным даўгалеццем мясцовых жыхароў і іх высокім узроўнем псіхалагічнага дабрабыту.
Да такіх месцаў адносяць японскую Акінаву, грэчаскі востраў Ікарыя і паўвостраў Нікоя ў Коста-Рыцы. Адна з вядомых блакітных зон знаходзіцца і на самой Сардзініі: яна ахоплівае шэсць паселішчаў у горным рэгіёне Альястра ў цэнтральна-ўсходняй частцы вострава.
Каб атрымаць афіцыйны статус «блакітнай зоны», тэрыторыя павінна мець выразна акрэсленыя межы і дэманстраваць незвычайна высокую долю людзей ва ўзросце ад 90 гадоў на працягу апошніх 150 гадоў. Акрамя таго, гэтыя факты павінны быць пацверджаны архіўнымі запісамі аб нараджэнні і смерці.
Менавіта тут Балатана мае важную перавагу. У мястэчку захаваліся муніцыпальныя і царкоўныя дакументы, у тым ліку запісы аб хрышчэнні, якія вядуцца на працягу некалькіх стагоддзяў. Дзякуючы ім навукоўцы могуць праверыць сапраўдны ўзрост доўгажыхароў і высветліць, ці адпавядае Балатана крытэрыям «блакітнай зоны».
«Чаму мы павінны неяк ушчэмліваць сябе?». Дырэктарка РТБД патлумачыла, чаму паставіла спектакль паводле Пушкіна ў адным з апошніх тэатраў краіны, які працаваў па-беларуску
Каментары