У Кангрэсе ЗША могуць разгледзець імпічмент кіраўніку Пентагона Хегсэту
Многія заканадаўцы за кулісамі сцвярджаюць, што менавіта ён адыграў галоўную ролю ў тым, каб Трамп атакаваў Іран.

Кангрэсмен-рэспубліканец Томас Мэсі хоча вынесці на галасаванне пытанне аб імпічменце міністра абароны ЗША Піта Хегсэта. Частка яго аднапартыйцаў чакае, што ніжняя палата Кангрэса падтрымае гэтую ініцыятыву, піша CNN.
Мэсі прадстаўляе штат Кентукі і вядомы сваёй крытыкай прэзідэнта ЗША Дональда Трампа. Паводле яго слоў, працэдуру адстаўкі кіраўніка Пентагона ён ініцыюе адразу пасля вяртання заканадаўцаў у Вашынгтон.
Некалькі суразмоўцаў у Рэспубліканскай партыі расказалі, што чакаюць ухвалення гэтай ініцыятывы ніжняй палатай Кангрэса. Паводле даных CNN, спробы ўскласці адказнасць за вайну ў Іране на Хегсэта паскорылі гістарычныя правалы рэспубліканцаў на прамежкавых выбарах 3 лістапада.
Многія заканадаўцы за кулісамі сцвярджаюць, што менавіта міністр адыграў галоўную ролю ў тым, каб Трамп атакаваў Іран. На іх думку, гэта адбылося без стратэгіі выхаду з канфлікту і без плана кіравання яго наступствамі.
Некалькі рэспубліканцаў расказалі CNN, што Хегсэт пераацаніў здольнасць ЗША хутка і лёгка перамагчы ў канфлікце. Яны таксама абвінавачваюць яго ў тым, што ён працягвае выступаць за эскалацыю, хоць працяглыя бамбардзіроўкі не наблізілі Іран да капітуляцыі.
У Пентагоне на гэта адрэагавалі рэзка. Хегсэт «не адступіць і не дазволіць запалохаць сябе палітыкам, якія імкнуцца зарабіць партыйныя балы або пачаць фальшывыя расследаванні там, дзе няма ніякіх правапарушэнняў», — заявіў галоўны прэс-сакратар Пентагона Шон Парнэл.
Каб адправіць міністра ў адстаўку праз імпічмент, аднаго галасавання ў ніжняй палаце недастаткова. Рашэнне таксама павінен падтрымаць Сенат, дзе за яго павінны прагаласаваць дзве трэці сенатараў.
Цяпер чытаюць
«Доктарка», адвакат, чалавек з камерай і некалькі дужых хлопцаў. У Петрапаўлаўскай Баршчагоўцы расійскія спецслужбы скарысталіся спецыфічным украінскім бізнэсам ваеннага часу
Каментары