Свет

У Францыі ідзе змаганне за спадчыну Брыжыт Бардо. Мужчына, з якім яна жыла апошнія 30 гадоў, застаецца ні з чым

Спрэчка вакол спадчыны французскай кіназоркі Брыжыт Бардо абвастрылася пасля публікацыі яе прыватнага ліста, з якога вынікае, што актрыса яшчэ за некалькі гадоў да смерці фактычна разарвала адносіны са сваім апошнім партнёрам Бернарам дэ К'ярай, вядомым таксама пад імем Бернар д'Армаль, піша Бі-бі-сі.

Брыжыт Бардо і Бернар дэ К'яра. 2000 год. Фота: Getty Image

У лісце, датаваным лістападам 2022 года, Бардо абвінаваціла мужчыну, з якім пражыла больш за 30 гадоў, у тым, што ён «цярпліва знішчаў яе дзень за днём». Актрыса напісала, што аддала яму ўсё, спадзеючыся знайсці спадарожніка жыцця, які адказваў бы на яе каханне, падзяляў радасці і вялікія пакуты і цаніў жыццё, якое яна яму забяспечыла.

Аднак далей Бардо прызналася, што дайшла да мяжы адчаю і вельмі мае патрэбу ў падтрымцы, пяшчоце і прысутнасці блізкага чалавека, але яе партнёр не здольны ёй гэтага даць.

Публікацыя ліста ўзмацніла пазіцыі Фонду Брыжыт Бардо, які займаецца абаронай жывёл і ўдзельнічае ў спрэчцы наконт спадчыны актрысы. Дэ К'яра, у сваю чаргу, абвінавачвае фонд у тым, што той занадта паспешліва распараджаецца маёмасцю Бардо, не ўлічваючы інтарэсаў яе блізкіх сяброў і людзей з яе атачэння.

Тыдзень таму 85‑гадовы дэ К'яра пакінуў дом Ла-Мадраг на міжземнаморскім узбярэжжы, дзе жыў разам з актрысай з пачатку 1990‑х гадоў. Паводле журналісцкіх звестак, Бардо на працягу многіх гадоў фінансава падтрымлівала партнёра, таму цяпер у яго няма нават банкаўскага рахунку і карткі сацыяльнага страхавання.

Асаблівую незадаволенасць у яго выклікала рашэнне фонду прадаць у верасні хатнія рэчы актрысы, пераважна з яе парыжскай кватэры. На аўкцыёне за іх атрымалі амаль мільён еўра. Гэтыя грошы падзялілі паміж фондам і адзіным сынам Бардо Нікаля Шар'е.

Дэ К'яра заявіў, што яго абурыла тое, што ўсяго праз некалькі месяцаў пасля смерці актрысы яе асабістыя рэчы пачалі ператвараць у сувеніры.

Сам дэ К'яра быў бізнэсменам і ў мінулым супрацоўнічаў з лідарам французскіх ультраправых Жанам-Мары Ле Пэнам. Сябры пары расказвалі, што іх адносіны былі няпростымі, з частымі канфліктамі і перыядамі прымірэння. З пункту гледжання французскага заканадаўства яны не былі афіцыйна жанатыя, аднак мужчына заставаўся побач з актрысай да апошніх дзён і даглядаў яе падчас хваробы.

Пасля смерці Брыжыт Бардо ў снежні 2025 года быў абнародаваны яе завяшчальны дакумент. Актрыса размеркавала маёмасць паміж уласным фондам і сынам Нікаля Шар'е, які жыве ў Осла. Дэ К'яра ў завяшчанні згаданы не быў. Таксама Бардо распарадзілася, каб віла Ла-Мадраг была вызваленая на працягу шасці месяцаў пасля яе смерці.

Цяпер юрысты складаюць канчатковы пералік маёмасці актрысы. Прадстаўнікі фонду абвінавацілі дэ К'яру ў тым, што ён вывез з Ла-Мадрагу некаторыя рэчы, у тым ліку аўтамабіль Mini Moke. Прэзідэнт фонду Макс Гуацані заявіў, што не абвінавачвае мужчыну ў крадзяжы, аднак знікненне аўтамабіля стварае праблему.

Па словах прадстаўнікоў фонду, дэ К'яра не мае законных правоў на спадчыну, за выключэннем долі ў парыжскай кватэры, якую цяпер выстаўляюць на продаж. Сам мужчына пасля высялення з Ла-Мадрагу жыве ў кватэры, якую арандуе ў муніцыпалітэта Сен-Трапэ.

Гуацані прызнаў, што з чалавечага пункту гледжання можна зразумець нежаданне дэ К'яры пакідаць дом, дзе ён пражыў з Бардо некалькі дзесяцігоддзяў. Аднак, паводле яго слоў, фонд толькі выконвае закон і волю самой актрысы. Ён падкрэсліў, што фонд не адказвае за тое, што Бардо не пакінула партнёру права працягваць жыць у Ла-Мадрагу.

Утрыманне Ла-Мадрагу і другой рэзідэнцыі актрысы Ла-Гарыг патрабуе значных выдаткаў. Абодва будынкі на момант смерці Бардо мелі патрэбу ў рамонце, а цяпер патрабуюць яшчэ і кругласутачнай аховы. Таму фонд шукае магчымасці зрабіць гэтыя аб'екты крыніцай даходу.

Першапачаткова разглядалася ідэя стварыць у Ла-Мадрагу музей, прысвечаны актрысе, але ад яе адмовіліся праз цяжкасці з пад'ездам да дома на аўтамабілі. Замест гэтага фонд разглядае магчымасць правядзення экскурсій, модных паказаў і кіназдымак.

Пасля завяршэння кінакар'еры ў 1973 годзе Брыжыт Бардо прысвяціла сябе абароне жывёл. Паводле інфармацыі яе фонду, цяпер пад яго апекай знаходзяцца каля 13 тысяч жывёл.

Да знаёмства з Бернарам дэ К'ярам Бардо была замужам тройчы: за рэжысёрам Ражэ Вадзімам, акцёрам Жакам Шар'е і спадкаемцам прамысловай імперыі Гюнтэрам Заксам. Французскія СМІ таксама паведамлялі, што Бардо і дэ К'яра правялі шлюбную цырымонію ў Нарвегіі, аднак гэты шлюб так і не быў зарэгістраваны ў Францыі.

Каментары

Цяпер чытаюць

Святлана Ціханоўская пра крытыку з боку Ціханоўскага: Мне ад гэтага вельмі крыўдна і непрыемна36

Святлана Ціханоўская пра крытыку з боку Ціханоўскага: Мне ад гэтага вельмі крыўдна і непрыемна

Усе навіны →
Усе навіны

Беларускую дэлегацыю абакралі на юнацкай Алімпіядзе, што ўпершыню праходзіць у Афрыцы6

Ціханоўская: Беларусь — гэта не Расія. І беларусы — гэта не Лукашэнка8

Пяць чалавек затрымалі за каментары пра чыноўнікаў і міліцыянераў9

Стала вядома, чаму Ютуб выдаліў стрымы Сяргея Ціханоўскага61

Яна Пінчук расказала, як яе пяць гадоў таму ў Санкт-Пецярбургу арыштавалі па запыце Беларусі1

У ЗША ўпершыню абралі цемнаскурую жанчыну губернатарам штата3

У Віцебскай вобласці паставілі скрыні для лістоў толькі аднаму адрасату

Маск з гумарам пракаментаваў паразу партыі, у якую ён уклаў 400 мільёнаў даляраў15

Партыя Трампа перажывае сапраўдны разгром71

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Святлана Ціханоўская пра крытыку з боку Ціханоўскага: Мне ад гэтага вельмі крыўдна і непрыемна36

Святлана Ціханоўская пра крытыку з боку Ціханоўскага: Мне ад гэтага вельмі крыўдна і непрыемна

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць