Архіў

Вялікая сіла

«Няважна, колькі прыйшло чалавек. Нават адзін чалавек, калі ён адолеў гэты шлях, мае вялікую сілу».

Субота. Талака

Суботнім ранкам курапацкі лес сустрэў талакоўцаў гукамі бэнзапілаў і трактароў. Кіравалі працай лесанарыхтоўшчыкаў вайскоўцы ды людзі ў цывільным.

Археоляг Мікола Крывальцэвіч, які займаўся ў свой час раскопкамі ў Курапатах, зьвязаў гэта з жаданьнем уладаў давесьці людзям пра клопат дзяржавы аб нэкропалі. Выглядала тое няўклюдна, асабліва калі трактары і КамАЗы з грукатам сунуліся проста праз натоўп.

Талакоўцы прыбіраліся ля крыжоў — іх на братніх магілах ахвяраў таталітарызму ўжо стаіць пяць соцень. Замежныя дыпляматы — прыехалі паслы ЗША і ўсіх краінаў Эўропы — з засяроджанымі тварамі слухалі аповед гісторыка Ігара Кузьняцова.

Апоўдні пачалося ўскладаньне кветак. Дыпляматы, аточаныя журналістамі, партыйцамі і «ціхарамі», рушылі ад пачатку мэмарыялу ўгару. Там прысутныя сабраліся ля памятнага каменя, на якім усталявалі недапрацаваную яшчэ шыльду, пра што распавядаў сам аўтар праекту Алесь Шатэрнік.

У гэты момант на гару падняўся кандыдат у прэзыдэнты Алесь Мілінкевіч. Гэта ўнесла ажыўленьне ў атмасфэру, нават «людзі ў цывільным» зь цікавасьцю зашапталіся між сабою. Счакаўшы, калі ўскладуць кветкі і запаляць сьвечкі дыпляматы, сп.Мілінкевіч паклаў букет белых і чырвоных ружаў, спавітых чорнай стужкай. Паклаўшы кветкі, перахрысьціўся і нейкі час пастаяў моўчкі ля каменя. Потым павітаўся з прадстаўнікамі дыпкорпусу і партыйцамі, пагутарыў з ахвотнымі.

Купка жанчын запела песьню. Побач, лузгаючы семкі, весела ўсьміхаліся «ціхары», якія калелі ў лесе ад самае раніцы. Але варта было людзям сабрацца ў кампанію і пачаць гаманіць, як побач зьяўляўся нехта зь міліцыянтаў і настойліва раіў не пачынаць мітынг. Калі ж фотакарэспандэнта «НН» сфатаграфавала аднаго з ушчувальнікаў, той прыгразіў адабраць фотаапарат і «засьвяціць стужку». Яшчэ раней міліцыянты спрабавалі перапісваць зьвесткі ў некаторых журналістаў.

На разьвітаньне паслы ЗША і Францыі выказалі падзяку прысутным за экскурс у гісторыю. І сп.Крол, і сп.Шмялеўскі былі цалкам аднадушныя — толькі памятаючы ўрокі гісторыі, можна не дапусьціць паўтарэньня яе жахлівых старонак.

Нядзеля. Шэсьце

Шэсьце на Дзяды. Наперадзе ідуць два хлопцы. Сёлета яны скончылі ўнівэрсытэт і працуюць па разьмеркаваньні ў дзяржканторах. Для іх шэсьце ў Курапаты — добрая звычка. «Ужо гадоў зь сем ходзім. А хто ладзіць — няважна, галоўнае, што людзі арганізавана ідуць», — кажа адзін зь іх.

30-гадовы Васіль трымае невялічкую дыстанцыю: «Дзяды — сьвята прыватнае, не пасуюць да яго палітычныя лёзунгі». Да нашай размовы далучаецца сталая жанчына: «Калі мы яшчэ можам спакойна прайсьці па праспэкце і данесьці да людзей нашы думкі?» У гэты час пару хлопцаў забягаюць дадому — іх вокны выходзяць на вул.Сядых, куды збочвае шэсьце, — і вывешваюць вялікі бел-чырвона-белы сьцяг. Раз-пораз аўтамабілісты падтрымліваюць удзельнікаў шэсьця гудкамі.

Наганяю добра апранутага спадара, які трымае за руку маленькую дачку: «Зусім забыўся, што сёньня шэсьце. Пайшлі ў краму, убачылі людзей — і адразу далучыліся». Душэўную раўнавагу парушае хіба што аўто з надпісам «СТВ», якое пастаянна мазоліць вочы. Апэратар цішком здымае з машыны. «Дзядзька, далучайся! Ці ты не беларус?» — міралюбна кпіць зь яго моладзь. Той толькі глыбей зашываецца ў свой швэдар.

«Невялікая розьніца, колькі сёньня чалавек. Нават адзін чалавек, калі ён адолеў гэты шлях і прыйшоў да Курапатаў, мае вялікую сілу», — кажа сталая бабуля ў капелюшы, абвязаным бел-чырвона-белай стужкай. Яна і яшчэ некалькі соцень чалавек сымбалічныя дзесяць кілямэтраў ад станцыі мэтро «Парк Чалюскінцаў» да Курапатаў у нядзелю адолелі.

Каментары

Цяпер чытаюць

Беларусы горача спрачаюцца, ці варта прывязваць дапамогу на дзіця да заробку маці51

Беларусы горача спрачаюцца, ці варта прывязваць дапамогу на дзіця да заробку маці

Усе навіны →
Усе навіны

Асабістая доктарка Лукашэнкі стала ўладальніцай сеткі аптэк11

«Мне трэба пятнаццаць ключоў ад дамафонаў». Як людзі прымушаюць аферыстаў лаяцца і кідаць слухаўку2

Беларуска так злятала на Кубу, што адсудзіла поўны кошт пуцёўкі3

Былы віцэ-прэзідэнт Газпрамбанка Валабуеў — пра службу ва УСУ, сувязь з падполлем «Чорная іскра» і адмову ад сям'і ў Расіі6

Шматдзетны зваршчык з Магілёва прадракаў смерць каліноўцаў на вайне. А бач ты, ужо сам згінуў пад Пакроўскам4

Еўрабачанне забараняе ваюючым краінам прымаць конкурс — новыя правілы1

Каталікі просяць памаліцца аб выздараўленні Тадэвуша Кандрусевіча2

У смяротным ДТЗ з беларусамі ў Грузіі 15 чалавек атрымалі траўмы, сярод іх — дзеці1

Зяленскі расказаў, што менавіта дапаможа Украіне перажыць зіму8

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Беларусы горача спрачаюцца, ці варта прывязваць дапамогу на дзіця да заробку маці51

Беларусы горача спрачаюцца, ці варта прывязваць дапамогу на дзіця да заробку маці

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць