У польскай частцы Белавежскай пушчы зладзілі летнік для дзяцей беларускіх эмігрантаў
Дзевяноста дзяцей з сем’яў, якія вымушана пакінулі Беларусь і пераехалі ў Польшчу і Літву, адпачылі ў польскай частцы Белавежскай пушчы — недалёка ад мяжы. Там для іх зладзілі пяць заездаў летніка «Зубровыя сцежкі».

Тыдзень амаль без тэлефонаў, затое з паходамі, арыентаваннем па компасе, пошукам скарбаў, майстар-класамі і сапраўднай верашчакай. Most пагаварыў з арганізатаркай летніка Марыяй Грыц пра тое, навошта беларускім дзецям адпачываць побач са сваёй краінай.
«Гэта быў сур’ёзны выклік»
Ідэя летніка нарадзілася ў Марыі Грыц пасля пераезду ў Польшчу. Летнія канікулы, кажа яна, для многіх беларускіх сем’яў сталі асобным выклікам: побач няма бабуль, дзядуль і іншых сваякоў, якія маглі б дапамагчы з дзецьмі. Першыя заезды адбыліся мінулым летам, дзякуючы праекту «Будуй сваё» ад каманды SVAE.
Першапачаткова Марыя думала, што летнік будзе аднаразовай акцыяй. Але праект працягнуўся: зімой адбыліся два заезды, а гэтым летам — ажно пяць, на гэты раз дзякуючы арганізацыі «Краіна для жыцця».

— Агулам гэтым летам адпачыла 90 дзяцей ва ўзросце ад 10 да 17 гадоў. За арганізацыю летніка адказвала каманда, а разам з ёй працавалі валанцёры. Гэта быў сур’ёзны выклік, — прызнаецца арганізатарка.
Уключыўся беларускі роўмінг
Месца для летніка Марыя выбрала невыпадкова. Белавежская пушча для яе — не проста прыгожы лес у Польшчы, а прастора, якая фізічна і эмацыянальна звязвае беларускіх дзяцей з радзімай — «месца сілы».
Падчас аднаго з паходаў у дзяцей нават уключыўся беларускі роўмінг.
— «О! Нас вітаюць у Беларусі! Мы ў Беларусі!» — крычалі дзеці. Гэта быў такі выбух эмоцый, — згадвае той момант Марыя.
Компас, пірацкая мапа і скарб у лесе
Сёлета праграму летніка істотна дапоўнілі. Напрыклад, з’явілася арыентаванне: дзецям выдавалі компас і спецыяльную пірацкую мапу, па якой трэба было шукаць падказкі і ў выніку знайсці скарб.
Унутры каманды дзецям трэба было самім размеркаваць ролі: адзін працаваў з компасам, другі вызначаў кірунак, трэці трымаў мапу, яшчэ нехта лічыў крокі.

— Аднойчы нам прыйшлося перасунуць гэтую забаву, бо, калі мы пайшлі раскладваць падказкі, зубр проста ляжаў на нашым шляху. Так што зубровыя сцежкі — гэта не перабольшанне: літаральна мы хадзілі па зубровых сцежках. І калі зубр ужо наляжаўся, тады мы пайшлі арыентавацца.
Яшчэ адным выпрабаваннем стаў чатырохкіламетровы пешы паход да рэзервата зуброў. Спачатку дзеці скардзіліся на спякоту, стомленасць і смагу. Але паступова ўвага пераключылася.
— Яны ўжо пачыналі глядзець, якія кветкі побач, як расце мох, якія палкі можна знайсці. У выніку дзеці так захапіліся лесам, што пачалі збіраць розныя камяні і вывучаць усё, што траплялася пад ногі. А яшчэ ў іх была магчымасць убачыць зуброў літаральна побач з месцам, дзе яны жылі.
«Ужо не вельмі патрэбныя былі тэлефоны»
Адным з галоўных эксперыментаў сёлета стала больш моцнае абмежаванне тэлефонаў. Пасля сняданку дзеці аддавалі гаджэты арганізатарам, а атрымлівалі назад толькі ўвечары. Спачатку гэта выклікала незадаволенасць. Але праз некалькі дзён, кажа Марыя, сітуацыя змянілася.
— Пад канец заезду ім ужо не вельмі патрэбныя былі тэлефоны. Ім было цікавей самім гуляць.
Для арганізатараў гэта стала адным з найбольш цікавых назіранняў: дзеці пачалі больш камунікаваць адно з адным, таму што іншага варыянту проста не было. Бацькі таксама заўважылі змены. Марыя кажа, што некаторыя пасля прасілі хоць неяк прымусіць дзіця патэлефанаваць дадому.
Дзеці распавядалі пра ператрусы і затрыманні бацькоў
Размовы пра Беларусь падчас летніка ўзнікалі самі па сабе. У дзяцей розны досвед: нехта распавядаў пра затрыманне бацькоў, нехта — пра ператрусы, нехта — пра тое, як сям’я з’язджала з краіны. Але, кажа Марыя, гэтым разам яна ўжо ведала, як рэагаваць на такія гісторыі.

— Я зразумела, што тут не трэба ратаваць дзіця, супакойваць яго. Трэба проста быць побач.
Арганізатарка заўважыла, што дзеці не заўсёды ўспрымаюць такія размовы як вялікую трагедыю.
— Яны проста канстатуюць факт: мы вось так з’язджалі, а ў мяне там тата сядзеў, а ў мяне мама сядзіць. У многіх падобны досвед. Але пасля размовы пра складаныя рэчы могуць пабегчы гуляць у мяч, кідацца яблыкамі або распальваць вогнішча.
Бліны, лялькі і мяккія шаблі
Сярод актыўнасцей былі майстар-класы, падчас якіх дзеці плялі лялек і конікаў. Прыязджалі і рэканструктары — расказвалі пра сярэднявечча. Дзеці маглі ўзяць спецыяльныя мяккія шаблі і трэніравацца з імі.
— Гэта быў проста фурор. Рэканструктараў не адпускалі. Дзеці яшчэ гадзіну пасля заканчэння іх імпрэзы гулялі.
Была і сапраўдная блінная вечарына з верашчакай. Для некаторых дзяцей знаёмства з такой беларускай стравай было ўпершыню, і яны потым у захапленні расказвалі бацькам пра гэта.

«Беларусь можа быць зусім побач»
Марыя Грыц кажа, што назірае, як змяняюцца дзеці ад пачатку да канца змены. Спачатку яны сумуюць па тэлефонах, скардзяцца на раннія пад’ёмы і стомленасць. А напрыканцы ўжо не хочуць з’язджаць. Бацькі пішуць арганізатарам словы падзякі за тое, што дзеці атрымалі магчымасць проста пабыць дзецьмі, а дарослыя — крыху адпачыць ад сваіх штодзённых клопатаў.
— Я разумею, што, як бы гэта ні было складана, варта працягваць гэтую справу. Бо сёлета 90 беларускіх дзяцей атрымалі тое, дзеля чаго ўсё і пачыналася: некалькі дзён без тэлефонаў, у лесе, з новымі сябрамі, зубрамі, паходамі і адчуваннем, што Беларусь — нават калі яна засталася за мяжой — можа быць зусім побач.
У Беларусі зацвердзілі правілы эвакуацыі каштоўнасцяў на выпадак вайны: цэглу з Брэсцкай крэпасці з надпісамі будуць ратаваць перш за карціны Шагала і Суціна
Каментары