Улада2121

Памёр Цімох Вострыкаў

У Гомелі на 85-м годзе жыцьця памёр Цімох Вострыкаў – удзельнік амэрыканскага дэсанту на Беларусь у 1952 г.

У Гомелі на 85-м годзе жыцьця памёр Цімох Вострыкаў – удзельнік амэрыканскага дэсанту на Беларусь у 1952 г., паведамляе БелаПАН

Нагадаем, што 22 кастрычніка Цімоха Вострыкава наведала здымачная група. Хутчэй за ўсё гэта былі людзі, што здымалі дакумэнтальны фільм "Рэзыдэнт двух разьведак" (рэжысёр – Ксенія Бахарава). Фільм (працягласьць 35 хвілін) паказалі па АНТ 9 лістапада, паведаміў у сваім LJ kabierac.

* * *

Цімох Вострыкаў нарадзіўся ў 1922 г. у вёсцы Баршчоўка (сёньня Добрускі раён Гомельскай вобласьці). Зь лета 1944 г. на выгнаньні. Вучыўся ў Беларускай гімназіі імя Янкі Купалы (Міхэльсдорф, Баварыя), Лювэнскім унівэрсытэце.

У жніўні 1952 г. ён быў закінуты амэрыканскім самалётам у Беларусь у складзе групы з чатырох чалавек: Карл (Цімох Вострыкаў), Фін (Арцішэўскі), Бэн (Касьцюк), Джо (Кальніцкі). Празь некалькі дзён Вострыкаў арыштаваны супрацоўнікамі НКУС, а ў кастрычніку 1954 г. паводле прыгавору суда разам з Бэнам (Генадзем Касьцюком) асуджаны за «здраду Радзіме са зброяй у руках». 23 гады Цімох Вострыкаў правёў у мардоўскіх лягерах. Па вызваленьні ў 1975 г. пасяліўся ў Гомелі.

Ул. інф.

***

Дабро зноў перамагло

«Рэзыдэнт дзьвюх выведак». Дакумэнтальны фільм. Аўтар сцэнару: Ксенія Бахарава. Працягласьць — 35 хвілін.

Нават калі Вы ня бачылі дакумэнтальнага фільму Ксеніі Бахаравай «Рэзыдэнт дзьвюх выведак» з сэрыі «Злачынствы стагодзьдзя», які быў прэзэнтаваны 9 лістапада на канале АНТ, дастаткова прачытаць артыкул «Карл — імя назоўнае» ў газэце «Гомельская правда» — менавіта гэты тэкст лёг у аснову сцэнара.

Невядома, што змусіла аўтараў непадпісанага артыкула прэзэнтаваць свайго героя «Тимофеем Борщевским» — ці імкненьне да «кансьпірацыі», ці просьба самога Вострыкава. Аднак у папярэднім фільме К. Бахаравай, таксама прысьвечаным «Налібоцкай чацьвёрцы», які быў паказаны пару год таму на тэлеканале «Лад», Цімох Акімавіч выступаў пад сваім імем і ахвотна распавядаў пра свой нялёгкі лёс. На чыстай беларускай мове гучала проста зь першых вуснаў праўда аб «беларускім шпіянажы» — бяз хітрыкаў, без камітэцкіх інтэрпрэтацыяў. Вострыкаў адкрыта казаў аб сваіх памылках, адкрыта пляжыў Барыса Рагулю, які паслаў яго ў эмгэбісцкую пастку, адкрыта выкрываў правакатара Міхала Арцюшэўскага, які за здраду быў памілаваны ўказам Прэзыдыюму ВС СССР…

Новы фільм шмат згубіў — згубіў па той жа прычыне, па якой стары выйграў — і ў тым, і ў іншым фільме быў зьняты Вострыкаў. У першым фільме ён дасьціпна, зь іроніяй адказваў на пытаньні аўтаркі сцэнару і ставіў свае, глыбей раскрываючы сутнасьць закранутай праблемы. У другім — нямоглы Вострыкаў ляжаў на ложку і моўчкі выслухваў адвольны пераказ сваёй гісторыі. Мы раптам даведаліся, што стары перажыў ужо два інфаркты. Сваячка‑пляткарка, якая выставіла былога дывэрсанта «простай пешкай» — чым не знаходка для аўтараў фільму? Сам Вострыкаў «атрымаў слова» толькі аднойчы — яго распытваюць пра сына. Эпізод, прысьвечаны Вострыкаву‑малодшаму мог бы надаць фільму «ідэалягічную завершанасьць», але, як ні дзіўна, аўтары фільму не паведамілі нічога пэўнага аб Ільлі Вострыкаву, які зьнік у Амэрыцы некалькі год таму…

Але вернемся непасрэдна да разгляду прапанаванага нам прадукту «фільм дакумэнтальны ідэалягізаваны». Перш‑наперш гледача знаёмяць зь біяграфіяй дывэрсанта. Са словаў вядоўцы мы бачым трагічны лёс «Баршчэўскага» — палон пад Рослаўлем увосень 1941 г., катаржныя работы ў Нямеччыне «пад руляю аўтамата», нарэшце — лягер ДП у амэрыканскай зоне акупацыі. Ні слова пра карны батальён. «Які карны батальён?» — спытаеце Вы. Той самы, аб якім літаральна празь імгненьне згадае перад камэрай старэйшы навуковы супрацоўнік архіву КДБ РБ Ігар Валахановіч. Зь ягоных словаў глядач даведаецца, што «Баршчэўскі», вывезены на работы ў Нямеччыну, неўзабаве вяртаецца на Радзіму, і ўжо ў 1943‑м «мы находим его в карательном батальоне». Адкуль І. Валахановіч атрымаў такія зьвесткі — нам невядома. Дасьледчыку, які мае доступ да архіваў КДБ, можна было б і паверыць — але цалкам верагодна, што згадку пра «карны батальён» Валахановіч вынес з судовай справы Вострыкава, а туды маглі прыпісаць што заўгодна. Прынамсі, іншы дэсантнік — Генадзь Касьцюк, які служыў у 30‑й (беларускай) СС‑дывізіі (і сьледчыя аб гэтым ведалі), атрымаў роўны тэрмін з Вострыкавым — 25 год лягероў.

Ня менш цікавы ход ужыты падчас расповеду аб вэрбоўцы і дывэрсійнай падрыхтоўцы «Баршчэўскага». І. Валахановіч згадвае імя Барыса Рагулі — і сьледам ідзе блёк пастановачных і дакумэнтальных кадраў, падчас якога закадравы голас распавядае аб стварэньні і дзейнасьці абвэраўскага батальёну «Дальвіц», які «складаўся з былых паліцэйскіх, членаў арганізацый «Беларуская незалежніцкая партыя» (БНП), «Беларуская краёвая абарона» (БКА), «Саюз Беларускай моладзі» (СБМ) и іншых». Зноў маналёг Валахановіча — ужо пра Каўфбэйрэнскую школу ЦРУ пад Мюнхэнам (!), а за ім — зноў блёк хранікальных кадраў, прысьвечаны «Дальвіцу», падчас якога яшчэ раз згадваецца імя Рагулі. Ва ўяўленьні недасьведчанага гледача Дальвіц 1944 г. і Каўфбэйрэн 1952 г. канчаткова атаясамліваюцца, а Вострыкаў‑»Баршчэўскі» падсьвядома робіцца агэнтам трэцяй, «незаяўленай» выведкі — Абвэру. Падмацоўваецца ўражаньне пастановачнымі кадрамі, дзе актор, які грае ролю «Баршчэўскага», паказаны на курсах Дальвіцкай выведнай школы. Далейшае мэлянхалічнае стаўленьне аўтаркі сцэнару да «Баршчэўскага» выглядае, з гледжаньня дзяржаўнай ідэалёгіі, ня менш як дзіўным — калі, вядома, не ўлічыць, што ні да Абвэру, ні, тым больш, да карных аддзелаў Вострыкаў ня меў ніякага дачыненьня.

Яшчэ колькі словаў аб «Дальвіцы». Па старой завядзёнцы, Беларускую незалежніцкую партыю называюць «Белорусской независимой партией», а ейнага лідэра Ўсевалада Родзьку — «Всеволодом Радько» (застаецца толькі здагадвацца, якія цяжкасьці ўзьнікаюць у служак дзяржідэалёгіі пры сутыкненьні зь беларускай мовай). Між іншым, падкрэсьліваецца вядучая роля сяброў ЦК БНП у кіраўніцтве батальёну. Гучаць таксама цьмяныя згадкі аб пэўных асобах, якія служылі ў «Дальвіцы» не пад сваімі імёнамі, а пад псэўдамі. У відэашэрагу прысутнічаюць групавыя фатаздымкі курсантаў дальвіцкай школы.

Гісторыя «Налібоцкай чацьвёркі» непарыўна зьвязаная з імем ейнага папярэдніка — Янкі Філістовіча. Новую вэрсію арышту «амэрыканскага шпіёна» прапанаваў падпалкоўнік у адстаўцы Віктар Рулін. У гэтай вэрсіі няма здрадніка Пятра Соніча, які падсыпаў у ежу дывэрсанту снатворны сродак — ёсьць «нейкі хутар», «нейкі лясьнік» і Філістовіч, які не супраціўляўся падчас арышту (дзіўна, навошта ж тады «его связали»?). Вэрсія таварыша Руліна набірае новых фарбаў, калі мы даведваемся, што ў 1952 г. ён быў опэрупаўнаважаным аддзелу МГБ СССР па Маладэчанскай вобласьці…

Істотнае адрозьненьне між тэкстам артыкулу і сцэнарам фільму — у фільме супрацоўнікі КДБ публічна прызнаюць, што «ловля на живца» ў 1983 г., калі на Вострыкава зноў зьвярнулі ўвагу амэрыканцы, была справакаваная дзяржбясьпекай. Сьведчаць людзі, якім можна верыць — гэта «пастухі» Цімоха Акімавіча: палкоўнік у адстаўцы Канстанцін Ялунін (начальнік аддзелу ЎКДБ па Гомельскай вобласьці ў 1981—83 г.) і генэрал‑маёр у адстаўцы Мікалай Гудзень (начальнік УКДБ па Гомельскай вобласьці ў 1975—90 г.). Гэтыя «молодые люди» няблага выглядаюць у параўнаньні з Вострыкавым — іх старасьць забясьпечаная дзяржавай.

Варта зазначыць, што аўтары фільму ў цэлым спачуваюць Вострыкаву. Кранальныя аповеды аб 22 гадах мардоўскіх лягераў, аб двух братах, якія загінулі на вайне, аб сьмерці жонкі… А можа, яны спачуваюць толькі «Баршчэўскаму»?

Моцнага і вясёлага чалавека зламалі ня столькі выпрабаваньні лёсу, як унутраныя, маральныя пакуты. Ці жадаў Цімох Вострыкаў, каб яго ў такім стане паказвалі па тэлебачаньні, тым больш, пад мянушкай «Тимофей Борщевский»? Няхай гэтыя кадры застануцца на сумленьні сёньняшніх «ідэолягаў».

І ўсё ж ёсьць у фільме адзін стоадсоткава пазытыўны момант, які перавышае ўсе відавочныя хібы: палкоўнік у адстаўцы Канстанцін Ялунін сьцьвярджае: калі Вострыкава ўзялі ў распрацоўку пасьля вызваленьня зь лягероў, ён зарэкамендаваў сябе як «человек честный, порядочный, вроде бы», аднак… «Он не просто белорус, патриот своей страны — он националист. Эти нотки национализма у него явно выражены».

Гэта трыюмф Вострыкава. Слабы й нямоглы, ён мае над Гуднямі, Рулінымі ды іншымі Ялунінымі неад’емную перавагу — свае перакананьні.

Антось Рудак

Каментары21

Цяпер чытаюць

Ізраіль нанёс удары па Іране. Загінуў кіраўнік Корпуса вартавых ісламскай рэвалюцыі2

Ізраіль нанёс удары па Іране. Загінуў кіраўнік Корпуса вартавых ісламскай рэвалюцыі

Усе навіны →
Усе навіны

Зоаабаронцы напісалі заяву на гаспадара дома, на канапе якога памёр лось17

«Кожны раз даказваю, што я чалавек». Сям'я беларусаў з польскімі каранямі чатыры гады спрабуе атрымаць ДНЖ у Польшчы13

Як быць маладым бацькам у 66 гадоў, пра мару і пра новы альбом — у гутарцы з легендаю фолку Іванам Кірчуком7

Дзяўчына з-пад Маладзечна некалькі месяцаў жыла ў Гданьску на вуліцы. Яна расказала пра сваё няпростае жыццё26

Названы топ-25 кампаній з беларускім капіталам на Падляшшы

Генштаб Украіны паведаміў, што страты Расіі перавысілі 1 мільён чалавек8

Прэзідэнт Сербіі пахваліўся, што не падпісаў дэкларацыю саміту ў Адэсе і «не здрадзіў» Расіі7

У мінскім кафэ заказы развозіць робат-афіцыянт

Хлопчыкі ўжо не ў модзе? Бацькі ўсё часцей хочуць дачок5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Ізраіль нанёс удары па Іране. Загінуў кіраўнік Корпуса вартавых ісламскай рэвалюцыі2

Ізраіль нанёс удары па Іране. Загінуў кіраўнік Корпуса вартавых ісламскай рэвалюцыі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць