Арганізатары сустрэчы міністраў замежных спраў краін «Вялікай дваццаткі» (G20) у амерыканскай Атланце адмянілі агульнае фота ўдзельнікаў праз прысутнасць кіраўніка МЗС Расіі Сяргея Лаўрова. Пра гэта паведаміла агенцтва Bloomberg.

Прычынай стала адмова прадстаўнікоў некалькіх дзяржаў фатаграфавацца разам з расійскім міністрам. Сярод тых, хто выступіў супраць, быў кіраўнік МЗС Германіі Ёган Вадэфуль. Ён заявіў, што з Расіяй нельга весці справы так, нібыта нічога не адбылося. Паводле яго слоў, супярэчнасці неабходна абмяркоўваць за сталом перамоў, але пры гэтым важна пазбягаць падманных візуальных сігналаў.
Агульнае фота на такіх сустрэчах мае пераважна цырыманіяльнае значэнне і не ўплывае непасрэдна на вынікі перамоў. Аднак гэта даўняя традыцыя, якая павінна дэманстраваць адзінства сусветных лідараў. Адмова Германіі і шэрагу іншых краін ад сумеснага здымка стала наглядным сведчаннем рознагалоссяў паміж ЗША і іх саюзнікамі. Яны ўзніклі, у прыватнасці, праз спробы прэзідэнта Дональда Трампа зблізіцца з Расіяй у межах намаганняў па спыненні вайны ва Украіне.
Сустрэча кіраўнікоў знешнепалітычных ведамстваў найбуйнейшых эканомік свету праходзіць 30—31 кастрычніка. Яна папярэднічае саміту лідараў G20, які адбудзецца ў снежні ў Маямі. Трамп запрасіў на яго прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна, аднак той пакуль не паведаміў, ці плануе прыехаць.
Падобная сітуацыя ўжо ўзнікала ў верасні на сустрэчы міністраў фінансаў G20 у Эшвіле. Тады кіраўнік Міністэрства фінансаў ЗША Скот Бесент запрасіў расійскага калегу Антона Сілуанава, не ўзгадніўшы гэта з іншымі ўдзельнікамі. Прадстаўнікі Германіі і некалькіх іншых краін заявілі, што не будуць фатаграфавацца разам з ім. У выніку Сілуанаў не трапіў на агульны здымак.
Каментары