У аўтобусе было нешматлюдна. Ля акна насупраць увахода стаяў сталы мужчына, з ім — хлопчык гадоў сямі-васьмі з ранцам за плячыма. Дзед з унукам. У хлопчыка з-пад вязанай дзіцячай шапкі тырчалі ў розныя бакі бялявыя непаслухмяныя хвалістыя валасы.
А маладжавы дзядуля выглядаў самавіта: цёмная прамога фасону куртка, без лішніх дэталяў, рабіла яго падцягнутым і статным. Пад адкладным каўняром мужчынскай курткі віднеўся акуратна выкладзены шалік, шапка з малым казырком прыкрывала макаўку галавы, прысыпаную сівізной, нос афармлялі акуляры ў тонкай дарагой аправе — інтэлігентны грамадзянін. Унук у яго быў вяртлявы і гаваркі і ўвесь час, гледзячы ў акно, нешта апавядаў маўкліваму важнаму дзеду.
На сядзенні непадалёку ад іх раcселася жанчына, падобная да вароны, уся ў чорным: чорнага колеру паліто, боты і круглая футравая шапка. Твар жанчыны з дзюбатым мясістым носам здаваўся зласлівым, пукатыя вочы з рэшткамі падфарбоўкі нецярпліва круціліся.
— А ты в каком классе учишься? — нечакана спытала яна хлопчыка.
— Во втором, — адказаў школьнік, бокам зірнуўшы на жанчыну.
— Я сама учительница, поэтому спрашиваю. А мальчишки в школе б’юцца?
«Б’юцца» — плялося ў сказ беларускае слова замест рускага «дерутся», голас жанчыны гучаў роўна і спакойна і не вязаўся са зласлівым выразам твару.
— Б’юцца, — шчыра адказаў школьнік.
— А девочки б’юцца?
— Не-а, девочки — хорошие. Б’юцца только мальчишки, — словаахвотліва, бадзёра адказваў школьнік.
— А ты в кружки ходишь?
— Да-а, хожу. Сейчас еду с факультатива: дополнительные занятия па беларускай мове.
— А зачем ты учишь беларускую мову? — пачала высвятляць настаўніца.
Яна нахіліла наперад галаву, пакрытую футравай шапкай-грыбам, і дапытліва ўгледзелася ў школьніка, на яе асунутым твары ляжаў адбітак шматгадовай педагагічнай дзейнасці.
— Чтобы знать, — горда, па-дзіцячаму непасрэдна адказаў школьнік і ўпаўвока, крадком зірнуў на настаўніцу: як гэта яна не разумее, што беларускую мову трэба вучыць? — Чтобы знать!
— Но сейчас нужно владеть английским… нужно учить английский. Он популярный, распространённый, — далдоніла настаўніца.
— А беларускую мову ведаць не трэба? — папыталася я ў настаўніцы, улазячы ў размову. — Мы жывём у Беларусі і павінны ведаць сваю мову, — павучальна-выхаваўча прагучаў ў аўтобусе мой адзінокі беларускамоўны голас.
Настаўніца на імгненне павярнула да мяне галаву, цапанула праніклівым позіркам, але нічога не сказала і зноў утаропілася на школьніка. Маладая жанчына, што стаяла ля дзвярэй і назірала за намі, ціха, ледзь чутна прамовіла:
— Надо учить беларускиий язык, это правильно, — пры гэтым яна раптоўна пачырванела ад смеласці зробленай заявы, глянула за падтрымкай на пенсіянерку, што, ухапіўшыся за поручань, хісталася побач.
Пенсіянерка адмоўчвалася. Маладзіца ж, канчаткова асмялеўшы, абураным, памацнелым голасам выпаліла ў піку настаўніцы:
— А английский язык не самый распространённый, есть другие распространенные языки: испанский, китайский!
— Да, да, — раўнадушна, абы толькі падтакнуць маладзіцы, заківала галавой у знак згоды пенсіянерка ў паношным балоневым паліто.
Бабулю, па ўсёй імавернасці, значна больш цікавіў памер уласнай пенсіі ды каб у дзяцей і ўнукаў усё было добра, чым праблемы распаўсюджанасці моў. Інтэлігентны дзядуля школьніка захоўваў ганарлівае маўчанне: няхай бабы самі разбіраюцца ў моўных пытаннях. Ён па-над схваткай. Настаўніца, абачліва абыходзячы вострыя вуглы спрэчкі, вільнула і плаўна перавяла размову ў іншае рэчышча, яна крыху пабалбатала са школьнікам пра камп’ютары і спартовыя трэніроўкі.
На прыпынку дзед у прафесарскіх акулярах, прыхапіўшы ўнука за руку, выйшаў і панёс у сабе ганарлівае маўчанне як галоўную каштоўнасць беларускага інтэлігента. Услед за ім жвава саскочыла з прыступак расчырванелая маладзіца, нясмелая абаронца беларускай мовы, яна абагнала інтэлігента і панеслася ад прыпынка, пліндруючы нагамі снег. Аўтобус стомлена пацягнуўся далей па зімовай дарозе.
— А вы учительница беларускай мовы? — узняла на мяне пулятыя вочы з-пад круглай футравай шапкі-грыба настаўніца, якая толькі што размаўляла з хлопчыкам.
Ёй карцела паразмаўляць і са мной.
— Не, я не настаўніца, — адмоўна пакруціла я галавой, абвяргаючы здагадку. — Проста ў свой час скончыла беларускамоўную школу, чытаю беларускую літаратуру, газеты, часопісы… З сынам размаўляю па-беларуску. Ён вучыўся ў беларускамоўным класе. Праўда, прыйшлося яму ездзіць ад дому да патрэбнай школы некалькі прыпынкаў, бо ўсе найбліжэйшыя школы былі рускія.
— Вот и этот ребёнок ездит на белорусский факультатив, родители его записали, а про английский я сказала в плане общего развития.
— Гэта ж цудоўна, што бацькі клапоцяцца, каб дзіця было ўсебакова развітае і каб дзіця, да ўсяго, добра ведала беларускую мову.
— Да, да, я с вами полностью согласна. Мальчик развитый, общительный, родители его правильно воспитывают… Я сама учительница русского языка. Когда я поступала в институт, то на белорусский факультет мало кто поступал учиться, было не престижно. А теперь мне звонили из одной школы и просили, чтобы я вела уроки белорусского. Но мой диплом не позволяет, у меня нет специального образования.
— Не хапае настаўнікаў беларускай мовы? — спытала я.
— По всей вероятности, что так, не хватает, — з заклапочанасцю сказала настаўніца, думкамі занурыўшыся ў школьныя праблемы.
Мы засяродзіліся на размове, працягваючы дыялог на дзвюх мовах: яна — на рускай, я — на беларускай. Спадарожныя пасажыры навастрылі вушы, сачылі за намі і падслухоўвалі, быццам бы ў абыякавым задуменні. Маскіроўка: мая хата з краю, нічога не знаю.
— Але ж гэта справа папраўная, настаўнікаў можна падрыхтаваць. Галоўнае, што мы, беларусы, павінны падтрымліваць, вучыць родную мову, за нас гэта ніхто не зробіць! — панесла мяне на патрыятычнае выхаванне.
— Я с вами полностью согласна, и вы так хорошо говорите по-беларусски.
Аўтобус сцішыў хаду, шморгнуў коламі і спыніўся.
— Мой прыпынак, — заспяшалася я да выхаду.
— Прыемна было з вамі пазнаёміцца, — нечакана па-беларуску прамовіла настаўніца рускай мовы.
— І вам таксама дзякуй за размову, — адказала я.
Мы ўсміхнуліся адна адной як людзі, якія знайшлі супольную мову.
Каментары